﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
3.
І пачаў Салямон буда­ваць Дом ГОСПАДА ў Ерусаліме, на гары Морыя, дзе ГОСПАД зьявіўся Давіду, баць­ку ягонаму, на месцы, якое пад­рыхтаваў Давід, на таку Арнана Евусэя. 
І пачаў ён будаваць у другі дзень другога месяца, у чацьвёртым годзе валадараньня свайго. 
І гэта падмурак, які заклаў Салямон для будаўніцтва Дому Божага: даўжыня — шэсьцьдзясят локцяў, і шырыня паводле меры старадаўняй дваццаць локцяў; 
і прысенак, які сьпераду, у даўжыню паводле шырыні Дому — дваццаць локцяў, а ў вышыню — сто дваццаць. І ашаляваў яго ўнутры чыстым золатам. 
І Дом вялікі накрыў дрэвам кіпарысавым, і ашаляваў шчырым золатам, і парабіў на ім пальмы і ланцужкі. 
І пакрыў Дом камянямі каштоўнымі дзеля аздаб­леньня; а золата — золата Парваімскае. 
І ашаляваў ён Дом, бэлькі, парогі, сьцены ягоныя і дзьверы ягоныя золатам; і выразаў херувімаў на сьценах. 
І пабудаваў дом для Сьвятога Сьвятых; даўжыня ягоная, паводле шырыні Дому — дваццаць локцяў, і шырыня ягоная — дваццаць локцяў; і ашаляваў яго шчырым золатам, на шэсьцьсот талентаў. 
А вага цьвікоў — пяцьдзясят сыкляў золата. І верхнія пакоі ашаляваў золатам. 
І зрабіў у доме Сьвятога Сьвятых двух херувімаў разьбярскай работы, і пакрыў іх золатам. 
Крылы херувімаў у даўжыню — дваццаць локцяў. Адно крыло ў пяць локцяў дакраналася сьцяны дому, а другое крыло ў пяць локцяў дакраналася да крыла другога херувіма; 
І крыло другога херувіма ў пяць локцяў дакраналася сьцяны дому, а другое крыло ў пяць локцяў дакраналася да крыла іншага херувіма. 
Крылы гэтых херувімаў былі расхінутыя на дваццаць локцяў; і яны стаялі на нагах сваіх, і абліччы іхнія — у бок Дому. 
І зрабіў завесу з блакіту, пурпуру, кармазыну і вісону, і выгафтаваў на ёй херувімаў. 
І зрабіў перад Домам два слупы, трыццаць пяць локцяў у вышыню, і галавіцу, якая на версе іх, — у пяць локцяў. 
І зрабіў ланцужкі, як у Давіры, і зьмясьціў на версе слупоў, і зрабіў сто яблыкаў гранатовых, і зьмясьціў на ланцужках. 
І паставіў слупы перад сьвятыняй, адзін з правага боку, другі — з левага, і назваў імя правага Яхін, а імя левага — Боаз. 
