﻿ДРУГАЯ КНІГА ЛЕТАПІСАЎ.
1.
 І ўмацаваўся Салямон, сын Давіда, на валадарстве сваім; і ГОСПАД, Бог ягоны быў з ім, і ўзьвялічыў яго высока. 
І сказаў Салямон усяму Ізраілю, начальнікам тысячаў і сотняў, і судзьдзям, і ўсім начальнікам у-ва ўсім Ізраілі, галовам дамоў бацькоў. 
І пайшлі Салямон і ўся царква з ім на ўзвышша, якое ў Гібэоне, бо там быў Божы Намёт Спатканьня, які паставіў Майсей, слуга ГОСПАДА, у пустыні. 
Каўчэг Божы перанёс Давід з Кірыят-Ярыму на месца, якое Давід падрыхтаваў для яго, бо ён паставіў для яго намёт у Ерусаліме. 
А ахвярнік, які зрабіў Бэцалеэль, сын Урыі, сына Хура, застаўся там перад Сялібай ГОСПАДА; і шукалі яго Салямон і царква. 
І ўзыйшоў Салямон перад аблічча ГОСПАДА туды да ахвярніка мядзянага, які ў Намёце Спатканьня, і ахвяраваў на ім тысячу цэласпаленьняў. 
У тую ноч зьявіўся Бог Салямону і сказаў яму: «Прасі, што Мне даць табе». 
І сказаў Салямон Богу: «Ты зрабіў Давіду, бацьку майму, вялікую ласку і паставіў мяне валадарыць замест яго. 
Цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, няхай зьдзейсьніцца слова Тваё Давіду, бацьку майму, бо Ты паставіў мяне валадарыць над народам вялікім, як пыл зямлі. 
Дай мне цяпер мудрасьць і веданьне, каб я мог выходзіць і ўваходзіць перад народам гэтым, бо хто можа судзіць гэты народ Твой такі вялікі?» 
І сказаў Бог Салямону: «За тое, што было гэта ў сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці, славы ці душы ворагаў тваіх, таксама не прасіў доўгіх дзён, але прасіў для сябе мудрасьці і веданьня, каб ты мог судзіць народ Мой, над якім Я паставіў цябе валадарыць, 
мудрасьць і веданьне дадзены табе, а багацьці, маёмасьць і славу Я дам табе, якіх ніводзін з валадароў ня меў перад табою і ня будзе мець ніякі пасьля цябе». 
І вярнуўся Салямон з узвышша, якое ў Гібэоне, у Ерусалім ад аблічча Намёту Спатканьня, і валадарыў у Ізраілі. 
І сабраў Салямон калясьніцы і вершнікаў, і было ў яго тысяча чатырыста калясьніцаў і дваццаць тысячаў вершнікаў, якіх ён разьмясьціў у гарадах калясьнічных і пры валадары ў Ерусаліме. 
І сабраў валадар срэбра і золата ў Ерусаліме, як камянёў, а кедраў так шмат, як сікамораў, якія ў Шэфэлі. 
І прыводзілі для Салямона коней з Эгіпту і з Куэ, бо купцы валадарскія куплялі паводле цаны іхняй у Куэ. 
І яны зыходзілі і прывозілі з Эгіпту калясьніцы за шэсьцьсот сыкляў срэбра і каня за сто пяцьдзясят сыкляў. І гэтак праз рукі іхнія прывозілі іх для ўсіх валадароў Хетаў і валадароў Араму. 
