﻿1 ЛЕТАПІСАЎ.
23.
І Давід стаў стары і насычаны днямі, і ён паставіў Салямона, сына свайго, за валадара над Ізраілем. 
І сабраў ён усіх князёў, і сьвятароў, і лявітаў. 
І былі палічаны лявіты ад трыццаці гадоў і вышэй; і быў лік іхні, паводле галоваў мужчынаў, — трыццаць восем тысячаў. 
З іх для кіраваньня працаю ў Доме ГОСПАДА — дваццаць чатыры тысячы, а наглядчыкаў і судзьдзяў — шэсьць тысячаў. 
І чатыры тысячы прыдзьвернікаў, і чатыры тысячы тых, якія хваляць ГОСПАДА на музычных інструмэнтах, якія зробленыя для хвалы. 
І падзяліў іх Давід на чэргі паводле сыноў Левія — Гершома, Кегата і Мэрары. 
З сыноў Гершома — Лаэдан і Шымэй. 
Сыны Лаэдана: галоўны — Ехіэль, Зэтам і Ёэль, тры. 
Сыны Шымэя: Шэляміт, Хазіэль і Харан, тры. Гэта галовы дамоў бацькоў Лаэдана. 
Сыны Шымэя: Яхат, Зіна, Еуш і Бэрыя. Гэта сыны Шымэя, чатыры. 
Яхат быў галоўны, а Зіна — другі; але Еуш і Бэрыя ня мелі шмат сыноў, і яны былі ў адной чарзе дому бацькі свайго. 
Сыны Кегата: Амрам, Іцгар, Хеўрон і Узіэль, чатыры. 
Сыны Амрама: Аарон і Майсей. Аарон быў аддзелены, каб пасьвяціць яго для Сьвятога Сьвятых, яго і сыноў ягоных, на вякі, каб яны кадзілі перад абліччам ГОСПАДА, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя Ягонае на вякі. 
А Майсей быў чалавек Божы, сыны ягоныя залічаныя да калена Левія. 
Сын Майсея: Гершом і Эліэзэр. 
Сыны Гершома: Шэвуэль галоўны. 
І былі сыны Эліэзэра: Рэхавія галоўны. І не было ў Эліэзэра іншых сыноў, а сыноў Рэхавіі было вельмі шмат. 
Сыны Іцгара: Шэляміт галоўны. 
Сыны Хеўрона: Ерыя галоўны, Амарыя другі, Ехазіэль трэці, Екамэам чацьвёрты. 
Сыны Узіэля: Міха галоўны, Ішшыя другі. 
Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Сыны Махлі: Элеазар і Кіш. 
І памёр Элеазар, і не было ў яго сыноў, але толькі дочкі; і ўзялі іх сыны Кіша, браты іхнія. 
Сыны Мушы: Махлі, Эдэр, Ірэмот, тры. 
Гэта сыны Левія, паводле дамоў бацькоў сваіх, галовы дамоў бацькоў, паводле сьпісаў сваіх, паводле ліку імёнаў, паводле галоваў іхніх, якія рабілі працу служэньня ў Доме ГОСПАДА, ад дваццаці гадоў і вышэй. 
Бо Давід сказаў: «ГОСПАД, Бог Ізраіля, даў супакой народу Свайму, і Ён будзе жыць у Ерусаліме на вякі. 
І таксама лявітам ня трэба насіць Сялібу і ўсялякія прылады ейныя для служэньня ў ёй». 
Таму, паводле апошніх словаў Давіда, палічаны сыны Левія ад дваццаці гадоў і вышэй, 
бо занятак іхні — быць пры сынах Аарона для служэньня ў Доме ГОСПАДА, на панадворках і ў пакоях, і дзеля ачышчэньня ўсяго сьвятога, і для выкананьня служэньня ў Доме Божым, 
і пры хлябах пакладных, і пры муцэ для ахвяры хлебнай, пры печыве прэсным, пры тым, што печанае і што смажанае, і пры ўсім, што ўзважва­юць і мераюць, 
і каб яны станавіліся кожную раніцу славіць і хваліць ГОСПАДА, а таксама ўвечары, 
і пры ахвярах цэласпаленьня для ГОСПАДА ў суботы, у маладзік і ў сьвяты, у ліку, паводле парадку, вызначанага ім, назаўсёды перад абліччам ГОСПАДА, 
і каб яны стаялі на варце пры Намёце Спатканьня, на варце сьвятыні, і на варце пры сынах Аарона, братах сваіх, на служэньні ў Доме ГОСПАДА. 
