﻿1 ЛЕТАПІСАЎ.
15.
І пабудаваў Давід сабе дамы ў горадзе Давіда, і падрыхтаваў месца для Каўчэгу Божага, і расьцягнуў для яго намёт. 
Тады сказаў Давід: «Ніхто ня мае насіць Каўчэг Божы, акрамя лявітаў, бо іх выбраў ГОСПАД на тое, каб насіць Каўчэг Божы і служыць пры ім на вякі». 
І сабраў Давід усяго Ізраіля ў Ерусалім, каб прынесьці Каўчэг ГОСПАДА на месца ягонае, якое ён прыгатаваў для яго. 
І сабраў Давід сыноў Аарона і лявітаў. 
З сыноў Кегата: Урыэля, начальніка, і братоў ягоных — сто дваццаць; 
з сыноў Мэрары: Асію, начальніка, і братоў ягоных — дзьвесьце дваццаць; 
з сыноў Гершома: Ёэля, начальніка, і братоў ягоных — сто трыццаць; 
з сыноў Эліцафана: Шэмаю, начальніка, і братоў ягоных — дзьвесьце; 
з сыноў Хеўрона: Эліэля, начальніка, і братоў ягоных — восемдзясят; 
з сыноў Узіэля: Амінадава, начальніка, і братоў ягоных — сто дванаццаць. 
І паклікаў Давід Цадока і Абіятара, сьвятароў, і лявітаў Урыэля, Асаю, Ёэля, Шэмаю, Эліэля і Амінадава, 
і сказаў ім: «Вы — галовы дамоў бацькоў у лявітаў. Асьвяціцеся вы і браты вашыя і перанясіце Каўчэг ГОСПАДА, Бога Ізраіля, на месца, якое я прыгатаваў для яго. 
Бо першы раз ня вы гэта рабілі, і ГОСПАД, Бог наш, ударыў нас, бо мы не шукалі Яго як мае быць». 
І асьвяціліся сьвятары і лявіты, каб перанесьці Каўчэг ГОСПАДА, Бога Ізраіля. 
І несьлі сыны лявітаў Каўчэг Божы, як загадаў Майсей паводле слова ГОСПАДА, на рамёнах сваіх, на насілах. 
І сказаў Давід начальнікам лявітаў, каб паставілі братоў сваіх сьпевакоў з музычнымі інструмэнтамі, з псалтырамі, гусьлямі, цымбаламі, каб гралі, падымаючы голас з радасьцю. 
І паставілі лявіты Гэмана, сына Ёэля, і з братоў ягоных Асафа, сына Бэрэхіі, а з сыноў Мэрары, братоў іхніх, Этана, сына Кушаі, 
і з імі братоў іхніх другога шэрагу: Захарыю, Бэна, Яазіэля, Шэмірамота, Ехіэля, Уні, Эліява, Бэнаю, Маасэю, Матытыю, Элефэлегу, Мікнэю, Абэд-Эдома, Еіэля, прыдзьвернікаў. 
І сьпевакоў: Гэмана, Асафа і Этана — з цымбаламі мядзянымі, каб чулі; 
а Захарыю, Азіэля, Шэмі­рамота, Ехіэля, Уні, Эліява, Маасэю, Бэнаю — з псалтырамі; 
а Матытыю, Эліфэлегу, Мікнэю, Абэд-Эдома, Еіэля і Азазію — з гусьлямі на актаву для пачынаньня. 
А Хэнанію, начальніка лявітаў у сьпеве, — каб кіраваў сьпяваньнем, бо ён быў здольны ў гэтым. 
А Бэрэхія і Элькана былі вартаўнікамі пры Каўчэгу. 
А Шэванія, Язафат, Нэтанэль, Амасай, Захарыя, Бэная і Эліэзэр, сьвятары, трубілі ў трубы перад Каўчэгам Божым. Абэд-Эдом і Ехія былі вартаўнікамі пры Каўчэгу. 
І сталася, што Давід і старшыні Ізраіля, і тысячнікі вырушылі, каб вынесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з дому Абэд-Эдома з радасьцю. 
І сталася, што Бог дапамог лявітам, якія несьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і склалі ў ахвяру сем бычкоў і сем бараноў. 
І Давід быў апрануты ў плашч з вісону, таксама і ўсе лявіты, якія несьлі Каўчэг і сьпявалі, і Хэнанія, начальнік сьпяваньня сьпевакоў. І на Давідзе быў эфод ільняны. 
І ўвесь Ізраіль узьняў Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гуканьнем і з гукам рагоў, і з трубамі, і з цымбаламі, граючы на псалтырах і гусьлях. 
І сталася, калі Каўчэг Запавету ГОСПАДА ўваходзіў у горад Давіда, Міхаль, дачка Саўла, глядзела ў вакно, і ўбачыла валадара Давіда, які скакаў і танчыў, і пагардзіла ім у сэрцы сваім. 
