﻿1 ЛЕТАПІСАЎ.
14.
І паслаў Хірам, валадар Тыру, да Давіда паслоў, і дрэвы кедровыя, і муляроў, і цесьляроў, каб будаваць яму дом. 
І даведаўся Давід, што ГОСПАД умацаваў яго як валадара над Ізраілем, бо высока ўзьвялічылася валадарства ягонае дзеля народу Ягонага Ізраіля. 
І ўзяў Давід яшчэ жонак у Ерусаліме, і нарадзіў Давід яшчэ сыноў і дочак. 
І вось імёны тых, якія нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Шамуа, Шаваў, Натан і Салямон, 
Іўхар, Элішуа, Эльпалет, 
Нагах, Нэфэг, Яфія, 
Элішама, Бээліяда і Эліфэлет. 
І пачулі Філістынцы, што Давід памазаны як валадар над усім Ізраілем, і выйшлі ўсе Філістынцы шукаць Давіда. І пачуў Давід, і выйшаў перад аблічча іхняе. 
І Філістынцы прыйшлі, і азлажылі табар у даліне Рэфаім. 
І спытаўся Давід у Бога, кажучы: «Ці вырушыць мне супраць Філістынцаў, і ці Ты аддасі іх у рукі мае?» І сказаў яму ГОСПАД: «Руш, і Я аддам іх у рукі твае». 
І пайшлі яны ў Баал-Пэрацым, і пабіў іх там Давід, і сказаў Давід: «Пабіў Бог ворагаў маіх рукою маёю, як прарыў вады». Дзеля гэтага далі імя месцу гэтаму Баал-Пэрацым. 
І пакінулі там Філістынцы багоў сваіх, і загадаў Давід, і спалілі іх у агні. 
І сабраліся зноў Філістынцы, і разлажылі табар у даліне. 
І зноў спытаў Давід у Бога, і сказаў яму Бог: «Не выходзь на іх, ухіліся ад іх і ідзі на іх з боку тутавых дрэваў. 
Калі пачуеш гук крокаў на вершалінах дрэваў, тады выйдзі на бітву, бо выйшаў Бог перад абліччам тваім, каб пабіць табар Філістынскі». 
І зрабіў Давід, як загадаў яму Бог; і пабілі табар Філістынскі ад Гібэону аж да Гэзэры. 
І было праслаўлена імя Давіда па ўсіх землях, і ГОСПАД спаслаў страх Свой на ўсе народы. 
