﻿1 ЛЕТАПІСАЎ.
13.
І радзіўся Давід з тысячнікамі, сотнікамі, з усімі правадырамі. 
І сказаў Давід усёй царкве Ізраіля: «Калі гэта для вас добра і калі гэта ад ГОСПАДА, Бога нашага, пашлем паўсюль да пазасталых братоў нашых па ўсёй зямлі Ізраіля, і да сьвятароў і лявітаў у гарадах і паселішчах іхніх, каб яны сабраліся да нас. 
І перанясем да нас Каўчэг Бога нашага, бо мы не пыталіся пра яго ў дні Саўла». 
І сказала ўся царква, каб зрабіць так, бо слушнай была справа гэтая ў вачах усяго народу. 
І сабраў Давід увесь Ізраіль, ад Шыхору Эгіпецкага аж да ўваходу ў Хамат, каб перанесьці Каўчэг Божы з Кірыят-Ярыму. 
І зыйшоў Давід і ўвесь Ізраіль да Баалу ў Кірыят-Ярыме, які ў Юдзе, каб прынесьці адтуль Каўчэг Бога, ГОСПАДА, Які сядзіць на херувімах, на якім названае імя Ягонае. 
І павезьлі Каўчэг Божы на новым возе з дому Абінадава, і Уза і Ах’ё вялі воз. 
А Давід і ўвесь Ізраіль гралі перад Богам з усёй сілы са сьпевамі, на гусьлях, на псалтырах, на бубнах, на цымбалах і на трубах. 
І яны прыйшлі да току Кідона, і выцягнуў Уза руку сваю, каб падтрымаць Каўчэг, бо валы нахілілі яго. 
І загневаўся ГОСПАД на Узу, і Ён забіў яго за тое, што ён выцягнуў руку сваю да Каўчэгу, і ён памёр там перад абліччам Божым. 
І засмуціўся Давід, што ГОСПАД ударам ударыў Узу, і назваў тое месца Пэрэц-Уза аж да гэтага дня. 
І спалохаўся Давід Бога ў гэты дзень, кажучы: «Як я прынясу да сябе Каўчэг Божы?» 
І не прынёс Давід Каўчэг да сябе, у горад Давіда, а зьмясь­ціў яго ў доме Абэд-Эдома з Гату. 
І быў Каўчэг Божы ў Абэд-Эдома, у доме ягоным, тры месяцы, і дабраславіў ГОСПАД дом Абэд-Эдома і ўсё, што ў яго. 
