﻿1 ЛЕТАПІСАЎ.
12.
А гэтыя прыйшлі да Давіда ў Цыкляг, калі ён хаваўся ад аблічча Саўла, сына Кіша, і былі яны сярод магутных, якія дапамагалі бітве, 
і былі яны ўзброеныя лукам, праваю і леваю рукою кідалі камяні і стрэлы з луку, і былі з братоў Саўла, з сыноў Бэн’яміна: 
галоўны — Ахіезэр, і Ёаш, сыны Шэмаі з Гівы; Езіэль і Пэлет, сыны Азмавэта; Бэраха і Егу з Анатоту; 
Ішмая з Гібэону, магутны з трыццаці і над трыццацьцю; Ірмэя, Яхазіэль, Ёханан, Ёзавад з Гедэры; 
Элюзай, Ерымот, Бэалія, Шэмарыя, Шэфатыя з Гаруфы; 
Элькана, Ішыя, Азарэль, Ёезэр, Яшаба, яны — Карахічы; 
Ёэла, Зэвадыя, сын Ерахаша, з Гедору. 
І з сыноў Гада далучыліся да Давіда ў крэпасьці ў пустыні волаты, мужы адважныя, спраўныя да вайны, узброеныя шчытом і дзідаю; абліччы іхнія — як аблічча ільва, і як сарна на горах яны хуткія: 
Езэр — галоўны, Абадыя — другі, Эліяў — трэці, 
Мішманна — чацьвёрты, Ірмэя — пяты, 
Атай — шосты, Эліэль — сёмы, 
Ёханан — восьмы, Эльзавад — дзявяты, 
Ірмэя — дзясяты, Махбанай — адзінаццаты. 
Гэтыя з сыноў Гада былі галовамі войска: адзін з найменшых быў над сотняю, а найбольшы — над тысячаю. 
Гэта тыя, якія перайшлі Ярдан у першы месяц, калі ён перапоўнены па-над берагі свае, і разагналі ўсіх, што жылі ў далінах на ўсходзе і на захадзе. 
І прыйшлі людзі з сыноў Бэн’яміна і Юды ў крэпасьць да Давіда. 
І выйшаў Давід перад аблічча іхняе, і адказаў, і сказаў ім: «Калі з супакоем вы прыйшлі да мяне, каб дапамагчы мне, няхай будзе ў мяне з вамі адно сэрца; а калі дзеля таго, каб здрадліва аддаць мяне ворагам маім, хоць няма няправасьці ў руках маіх, няхай убачыць Бог бацькоў нашых і няхай рассудзіць». 
І Дух агарнуў Амасаю, галаву трыццаці, і ён сказаў: «Супакой табе, Давідзе, і з табою, сыне Есэя! Супакой табе і супакой памочніку твайму, бо дапамагае табе Бог твой». І прыняў іх Давід, і паставіў іх на чале аддзелаў. 
І з сыноў Манасы далучыліся да Давіда, калі ён ішоў з Філістынцамі на вайну супраць Саўла, але не дапамагаў ім, бо князі Філістынскія, парадзіўшыся, адаслалі яго, кажучы: «Коштам галоваў нашых ён пяройдзе да гаспадара свайго Саўла». 
Калі ён ішоў у Цыкляг, далучыліся да яго з Манасы: Аднах, Ёзавад, Едыяэль, Міхаэль, Ёзавад, Елігу і Цылетай, — тысячнікі ў Манасы. 
І яны дапамагалі Давіду супраць арды, бо ўсе яны былі магутнымі і мужнымі і былі князямі ў войску. 
Гэтак кожны дзень прыходзілі да Давіда, каб дапамагаць яму, ажно табар ягоны стаў вялікім, як табар Божы. 
І гэта лік галоваў дамоў, узброеных да вайны, якія прыйшлі да Давіда ў Хеўрон, каб перадаць яму валадарства Саўла, паводле слова ГОСПАДА. 
Сыны Юды, якія носяць шчыт і дзіду — шэсьць тысячаў васемсот узброенага войска. 
З сыноў Сымона магутных і мужных у войску — сем тысячаў сто. 
З сыноў Левія — чатыры тысячы шэсьцьсот, 
і Егаяда, правадыр сыноў Аарона, і з ім тры тысячы сямсот, 
і Цадок, дзяцюк магутны, мужны, і дом бацькоў ягоных, дваццаць два князі. 
З сыноў Бэн’яміна, братоў Саўла, — тры тысячы, але дагэтуль большасьць іх моцна служылі дому Саўла. 
З сыноў Эфраіма — дваццаць тысячаў васемсот людзей мужных, магутных, якія маюць імёны ў доме бацькоў сваіх. 
З паловы калена Манасы — васемнаццаць тысячаў, якія названыя былі па імёнах, каб пайсьці паставіць Давіда за валадара. 
З сыноў Ісахара, тых, якія мелі разуменьне часу і ведалі, што мае рабіць Ізраіль, — дзьвесьце галоўных, і ўсе браты іхнія ішлі за словам іхнім. 
З сыноў Завулёна, тых, якія выходзілі ў войска, гатовыя на вайну, з усялякімі ваеннымі прыладамі — пяцьдзясят тысячаў, пашыхтаваных і непахіснага сэрца; 
З сыноў Нэфталі — тысяча князёў; з імі — трыццаць сем тысячаў са шчытамі і дзідамі. 
З сыноў Дана гатовых да бітвы — дваццаць восем тысячаў шэсьцьсот. 
З сыноў Асэра тых, якія выходзілі ў войска, гатовыя на вайну — сорак тысячаў. 
З таго боку Ярдану з сыноў Рубэна, Гада і паловы калена Манасы, з усякімі прыладамі для бітвы — сто дваццаць тысячаў. 
Усе гэтыя ваяры, якія маглі трымаць шыхт з непахісным сэрцам, прыйшлі ў Хеўрон, каб паставіць Давіда за валадара над усім Ізраілем. І таксама ўся рэшта Ізраіля мела адно сэрца, каб паставіць Давіда за валадара. 
І яны былі ў Давіда там тры дні, елі і пілі, бо браты іхнія прыгатавалі для іх. 
І таксама бліжнія іхнія, нават ад Ісахара, Завулёна і Нэфталі, прывозілі хлеб на аслах, на вярблюдах, на мулах і на валах, ежу, муку, фігі, разынкі, віно, алей, валоў і авечак мноства, бо радасьць была ў Ізраілі. 
