﻿1 ЛЕТАПІСАЎ.
5.
Сыны Рубэна, першароднага Ізраіля, бо ён — першародны, але як ён зганьбіў ложак бацькі свайго, першародзтва ягонае аддадзена сынам Язэпа, сына Ізраіля, хоць яны ня лічацца першароднымі. 
Бо Юда быў найбольшы з братоў сваіх, і ўладар з яго, але першародзтва належыць Язэпу. 
Сыны Рубэна, першароднага Ізраіля: Ханох, Пальлю, Хецрон і Хармі. 
Сыны Ёэля: Шэмая, сын ягоны; сын ягоны — Гог, сын ягоны — Шымэй; 
сын ягоны — Міха; сын ягоны — Рэая; сын ягоны — Баал; 
сын ягоны — Бээра, якога завёў у палон Тыглат-Пільнэсэр, валадар Асірыі. Ён — князь сыноў Рубэна. 
I браты ягоныя паводле сем’яў іхніх, калі лічылі радаводы іхнія: галоўны Еэль, і Захарыя, 
і Бэла, сын Азаза, сына Шэмы, сына Еэля. Ён жыў у Араэры аж да Нэво і Баал-Мэону. 
А на ўсход ён жыў аж да ўваходу ў пустыню, ад ракі Эўфрат, бо чароды іхнія былі шматлікія ў зямлі Гілеад. 
У дні Саўла яны ваявалі з Агаранамі, якія трапілі ў рукі іхнія; і яны жылі ў намётах іхніх па ўсім усходзе Гілеаду. 
Сыны Гада жылі насупраць іх у зямлі Башан аж да Сальхі. 
Ёэль быў галоўны, а Шафам — другі, і Янай, і Шафат жылі ў Башане. 
I браты іхнія з дому бацькоў іхніх: Міхаэль, Мэшулям, Шэва, Ёрай, Якан, Зія, Эвэр — сямёра. 
Гэта сыны Абхаіла, сына Хура, сына Ярааха, сына Гілеада, сына Міхаэля, сына Ешышая, сына Яхдо, сына Буза. 
Ахі, сын Абдыэля, сына Гуні — галоўны ў доме бацькоў іхніх. 
I яны жылі ў Гілеадзе, у Башане і ў мястэчках ягоных, і па ўсіх пашах Шарону аж да межаў іхніх. 
Усе яны перапісаныя ў дні Ётама, валадара Юды, і ў дні Ерабаама, валадара Ізраіля. 
Сыноў Рубэна і Гада, і паловы калена Манасы, сыноў мужных, мужоў, якія носяць шчыт і меч і страляюць з луку, і спрактыкаваных у бітвах, было сорак чатыры тысячы сямсот шэсьцьдзясят тых, што выходзілі як войска. 
I вялі вайну з Агаранамі Етур, Нафіш і Надаў. 
I атрымалі яны дапамогу супраць іх, былі аддадзеныя ў рукі іхнія Агаране і ўсё, што было ў іх, бо яны ў часе бітвы клікалі да Бога, і Ён даў ім упрасіць Сябе, бо яны спадзяваліся на Яго. 
I ўзялі яны статкі іхнія, вярблюдаў пяцьдзясят тысячаў, авечак дзьвесьце пяцьдзясят тысячаў, аслоў дзьве тысячы і душаў людзкіх сто тысячаў. 
Бо шмат пападала забітых, бо ад Бога была вайна гэтая. I жылі яны на месцы іхнім да няволі. 
I сыны паловы калена Манасы жылі ў зямлі гэтай, ад Башану аж да Баал-Гермону і Сэніру і аж да гары Гермон; і яны множыліся. 
I гэта галовы дамоў бацькоў іхніх: Этэр, Ішы, Эліэль, Азрыэль, Ірмэя, Гадавія і Яхдыэль, ваяры мужныя, мужы слаўныя, галовы дамоў бацькоў сваіх. 
І былі яны няверныя Богу бацькоў сваіх, і чужаложылі з багамі народаў зямлі гэтай, якіх Бог вынішчыў перад абліччам іхнім. 
І ўзбудзіў Бог Ізраіля дух Пула, валадара Асірыі, і дух Тыглат-Пільнэсэра, валадара Асірыі, і ён высяліў іх, сыноў Рубэна і Гада, і палову калена Манасы, і завёў іх у Халах і Хавор, і Гару, і да ракі Газон аж да сёньняшняга дня. 
