﻿2 ВАЛАДАРОЎ.
25.
І сталася ў дзявятым годзе валадараньня ягонага, у дзясятым месяцы, у дзясяты дзень месяца, прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліму, і аблёг яго, і пабудаваў вакол яго валы. 
І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага году валадара Сэдэкіі. 
У дзявяты дзень месяца пачаўся голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народу зямлі. 
І быў зроблены вылом у муры гораду, і ўначы ўсе ваяры ўцяклі па шляху брамы між мурамі, што каля саду валадарскага, а Халдэйцы былі вакол гораду. І выйшлі яны на шлях да Арабы. 
І войска Халдэйцаў кінулася ў пагоню за валадаром, і дагналі яго на раўніне каля Ерыхону, і ўсё войска ягонае пакінула яго. 
І схапілі валадара, і прывялі яго да валадара Бабілонскага ў Рыўлю, і выдадзены быў на яго прысуд. 
І сыноў Сэдэкіі забілі на вачах ягоных, і вырвалі вочы Сэдэкіі, і закулі яго ў кайданы мядзяныя, і завялі ў Бабілон. 
У пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, а гэта быў дзевятнаццаты год Навухаданосара, валадара Бабілонскага, увайшоў у Ерусалім Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, слуга валадара Бабілонскага. 
І спаліў ён Дом ГОСПАДА, і дом валадара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём. 
І войска Халдэйскае, якое было разам з начальнікам целаахоўнікаў, зруйнавала мур вакол Ерусаліму. 
А рэшту народу, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія ўцяклі да валадара Бабілонскага, і рэшту мноства людзей простых Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, перасяліў у няволю. 
І некаторых з галоты зямлі начальнік целаахоўнікаў пакінуў як вінаградараў і земляробаў. 
І паламалі Халдэйцы слупы мядзяныя, якія ў Доме ГОСПАДА, і падставы, і мора мядзянае, якое ў Доме ГОСПАДА, і забралі медзь іхнюю ў Бабілон. 
І забралі катлы, лапаткі, нажніцы, лыжкі і ўвесь посуд мядзяны, якім карысталіся пры служэньні. 
Таксама кадзільніцы і келіхі, якія былі з золата і срэбра, забраў начальнік целаахоўнікаў. 
А медзі з двух слупоў і аднаго мора, і падставаў, якія Салямон зрабіў для Дому ГОСПАДА, нельга было зважыць. 
Васямнаццаць локцяў меў у вышыню адзін слуп, і галавіца ягоная была з медзі, а вышыня галавіцы была тры локці. Вакол галавіцы было сплеціва з яблыкамі гранату, усё з медзі. І другі слуп меў таксама сплеціва. 
І начальнік целаахоўнікаў узяў Сэраю сьвятара і другога сьвятара Сафонію, і трох вартаўнікоў парогаў. 
А з горада ўзяў ён аднаго эўнуха, які быў начальнікам войска, і пяць чалавек, якія бачылі аблічча валадара, якіх знайшлі ў горадзе, і галоўнага пісара войска, які запісваў народ зямлі, і шэсьцьдзясят людзей простых, якіх знайшлі ў горадзе. 
І ўзяў іх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, і завёў да валадара Бабілонскага ў Рыўлю. 
І валадар Бабілонскі загадаў забіць іх, і забіў іх у Рыўлі, у зямлі Хамат. І быў Юда выселены з зямлі сваёй. 
А над народам, што застаўся ў зямлі Юды, які пакінуў там Навухаданосар, валадар Бабілонскі, ён паставіў начальнікам Гедалію, сына Ахікама, сына Шафана. 
І ўсе начальнікі войска і людзі іхнія пачулі, што валадар Бабілонскі прызначыў Гедалію начальнікам, і прыйшлі да Гедаліі ў Міцпу. І прыйшлі Ізмаэль, сын Нэтаніі, Ёханан, сын Карэаха, Сэрая, сын Танхумэта з Нэтофы, і Язанія, сын Маахата, яны і людзі іхнія. 
І прысягнуў Гедалія ім і людзям іхнім, і сказаў ім: «Ня бойцеся служыць Халдэйцам, жывіце на зямлі і служыце валадару Бабілонскаму, і добра будзе вам». 
Але ў сёмым месяцы прыйшоў Ізмаэль, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з насеньня валадарскага, і дзесяць чалавек з ім, і забілі яны Гедалію, і забілі Юдэяў і Халдэйцаў, якія былі з ім у Міцпе. 
І ўстаў увесь народ ад малога да вялікага, і начальнікі войска, і пайшлі ў Эгіпет, бо баяліся аблічча Халдэйцаў. 
І сталася ў трыццаць сёмым годзе пасьля высяленьня ў няволю Егаяхіна, валадара Юды, у дванаццаты месяц, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвіль-Мэрадах, валадар Бабілонскі, у год, у які пачаў валадарыць, вызваліў Егаяхіна, валадара Юды, з вязьніцы. 
І ён гаварыў з ім добра, і падняў пасад ягоны па-над пасадамі валадароў, якія былі з ім у Бабілоне. 
І зьняў Егаяхін шаты вязьнічныя, і еў заўсёды хлеб перад абліччам Эвіль-Мэрадаха ў-ва ўсе дні жыцьця свайго. 
І той забясьпечваў яго заўсёды ўтрыманьнем валадарскім, дзень у дзень, у-ва ўсе дні жыцьця ягонага.
