﻿2 ВАЛАДАРОЎ.
23.
І паслаў валадар, і сабраліся да яго ўсе старшыні Юды і Ерусаліму. 
І ўвайшоў валадар у Дом ГОСПАДА, і ўсе людзі Юды, і ўсе жыхары Ерусаліма з ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ ад малога да вялікага. І прачытаў ён у вушы іхнія ўсе словы Кнігі Запавету, якую знайшлі ў Доме ГОСПАДА. 
І стаў валадар на ўзвышэньні, і заключыў запавет перад абліччам ГОСПАДА, што яны будуць хадзіць за ГОСПАДАМ і будуць захоўваць прыказаньні Ягоныя, сьведчаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя ўсім сэрцам і ўсёй душой, каб выканаць словы запавету гэтага, якія запісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ далучыўся да запавету. 
І загадаў валадар Хількіі, вялікамі сьвятару, і іншым сьвятарам, і вартаўнікам парогаў, каб выкінулі са Сьвятыні ГОСПАДА ўсе рэчы, зробленыя для Баала, і для Астарты, і для ўсяго войска нябеснага. І ён спаліў усё гэта па-за Ерусалімам у даліне Кедрону, а попел іхні занёс у Бэтэль. 
І прыбраў ён службітаў паганскіх, якіх паставілі валадары Юды, і якія кадзілі на ўзгорках у гарадах Юды і ў ваколіцах Ерусаліму, і якія кадзілі Баалу, сонцу, месяцу, сузор’ям і ўсяму войску нябеснаму. 
І вынес ён з Дому ГОСПАДА Астарту, і занёс па-за Ерусалім да ручая Кедрон, і спаліў яе каля ручая Кедрон, і сьцёр яе на парахно, і кінуў яе на магілы людзей простых. 
І разваліў ён дамы распусьнікаў, якія былі пры Доме ГОСПАДА, дзе жанчыны ткалі адзеньне для Астарты. 
І выгнаў ён усіх сьвятароў паганскіх з гарадоў Юды, і апаганіў узгоркі, дзе сьвятары гэтыя кадзілі, ад Гевы да Бээр-Шэвы. І зруйнаваў узгорак брамы, які быў каля ўваходу ў браму Егошуа, начальніка гораду, з левага боку ад гарадзкой брамы. 
І сьвятарам узгоркаў забараніў прыходзіць да ахвярніка ГОСПАДА ў Ерусаліме, толькі маглі яны есьці праснакі між братамі сваімі. 
І апаганіў ён Тафэт, які ў даліне Бэн-Гінном, каб ужо ніхто не праводзіў сына свайго або дачку праз агонь для Малоха. 
І прыбраў коней, якіх валадары Юды пасьвячалі сонцу, ад уваходу ў Дом ГОСПАДА каля жытла Натан-Мэлеха, эўнуха, якое на панадворку, і спаліў агнём калясьніцы сонца. 
І ахвярнікі на даху верхняга пакоя Ахаза, якія зрабілі валадары Юды, і ахвярнікі, якія зрабіў Манаса ў абодвух панадворках Дому ГОСПАДА, валадар зьнішчыў, і прыбраў адтуль, а пыл ад іх укінуў у ручай Кедрон. 
І апаганіў ён узгоркі насупраць Ерусаліму з правага боку гары Аліўнай, якія Салямон, валадар Ізраіля, паставіў для Астарты, брыдоты Сідонцаў, і для Кемоша, брыдоты Мааву, і для Мількома, брыдоты сыноў Амона. 
І паразьбіваў ён слупы, і высек сьвятыя гаі, і засыпаў месца іхняе косткамі чалавечымі. 
І таксама ахвярнік, які ў Бэтэлі, узгорак, зроблены Ерабаамам, сынам Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, таксама ахвярнік гэты і ўзгорак разваліў, і спаліў, і сьцёр у пыл, і спаліў Астарту. 
І глянуў Ёсія, і ўбачыў магілы, якія там былі на гары, і паслаў, і загадаў узяць косткі з магілаў, і спаліў іх на ахвярніку, і апаганіў яго паводле слова ГОСПАДА, якое абвясьціў чалавек Божы, што абвяшчаў падзеі гэтыя. 
І сказаў Ёсія: «Што гэта за помнік, які я бачу?» І сказалі яму жыхары гораду: «Гэта магіла чалавека Божага, які прыйшоў з Юды і абвясьціў тое, што ты зрабіў з ахвярнікам у Бэтэлі». 
І сказаў ён: «Пакіньце яго ў супакоі. Няхай ніхто не чапае костак ягоных». І косткі ягоныя пакінулі некранутымі разам з косткамі прарока, які прыйшоў з Самарыі. 
І таксама ўсе дамы ўзгоркаў, якія былі ў гарадах Самарыі і якія пабудавалі валадары Ізраіля, каб гнявіць Госпада, Ёсія разваліў і зрабіў з імі так, як зрабіў у Бэтэлі. 
І пазабіваў ён усіх сьвятароў узгоркаў, якія там былі пры ахвярніках, і спаліў на іх косткі чалавечыя, і вярнуўся ў Ерусалім. 
І загадаў валадар усяму народу, кажучы: «Спраўляйце Пасху ГОСПАДА, Бога вашага, як напісана ў кнізе Запавету гэтага». 
Бо не была спраўляная Пасха ад дзён судзьдзяў, якія судзілі Ізраіля, і праз усе дні валадароў Ізраіля і валадароў Юды. 
Толькі ў васямнаццатым годзе валадара Ёсіі спраўлялі Пасху ГОСПАДА ў Ерусаліме. 
І таксама Ёсія вынішчыў тых, якія выклікалі духаў памерлых, і варажбітоў, і зьніш­чыў тэрафімаў, ідалаў і ўсе брыдоты, якія былі бачаныя ў зямлі Юды і ў Ерусаліме, каб выканаць словы Закону, запісаныя ў кнізе, якую знайшоў сьвятар Хількія ў Доме ГОСПАДА. 
Перад ім не было такога валадара, які б навярнуўся да ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, і ўсёю сілаю сваёй паводле ўсяго Закону Майсея, і пасьля яго не зьявіўся падобны яму. 
Аднак ГОСПАД не спыніў ярасьці гневу Свайго, які ўзгарэўся супраць Юды за ўсе зьнявагі, якімі гнявіў Яго Манаса. 
І сказаў ГОСПАД: «Нават Юду Я адкіну ад аблічча Майго, як Я адкінуў Ізраіля. І адкіну горад гэты, які Я выбраў, Ерусалім, і Дом Божы, пра які Я сказаў: “Там будзе імя Маё!”» 
А іншыя дзеяньні Ёсіі і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. 
У дні ягоныя фараон Нэхо, валадар Эгіпту, пайшоў на валадара Асірыі на раку Эўфрат. І выйшаў насустрач яму валадар Ёсія, і, калі ўбачыў яго, быў забіты ім у Мэгіддо. 
І павезьлі слугі ягоныя забітага на калясьніцы з Мэгіддо, і прывезьлі ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магіле ягонай. А народ краіны ўзяў Егаахаза, сына ягонага, і памазаў яго, і паставіў яго валадаром на месца бацькі ягонага. 
Егаахаз меў дваццаць тры гады, калі стаў валадаром, і валадарыў ён у Ерусаліме тры месяцы. Імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ярэміі з Лібны. 
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, паводле ўсяго таго, што рабілі бацькі ягоныя. 
І фараон Нэхо ўвязьніў яго ў Рыўлі, у зямлі Хамат, каб не валадарыў ён у Ерусаліме, і наклаў на краіну даніну — сто талентаў срэбра і талент золата. 
І паставіў фараон Нэхо валадаром Эліякіма, сына Ёсіі, замест Ёсіі, бацькі ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егаякім. А Егаахаза ўзяў і завёў у Эгіпет, і ён там памёр. 
І Егаякім даваў фараону срэбра і золата, і мусіў ён ападаткаваць зямлю, каб даваць срэбра паводле слова з вуснаў фараона, і ад кожнага чалавека ў зямлі Юды паводле вызначанага падатку ён вымагаў срэбра і золата, каб даваць фараону Нэхо. 
Егаякім меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Зэбіда, дачка Пэдаі з Румы. 
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, усё, як рабілі бацькі ягоныя. 
