﻿2 ВАЛАДАРОЎ.
16.
У сямнаццатым годзе Пэкаха, сына Рэмаліі, Ахаз, сын Ётама, стаў валадаром Юды. 
Ахаз меў дваццаць гадоў, калі стаў валадаром, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. І не рабіў ён слушнага ў вачах ГОСПАДА, Бога ягонага, як Давід, бацька ягоны. 
І хадзіў ён шляхам валадароў Ізраіля, і нават сына свайго правёў праз агонь паводле брыдотаў народаў, якіх ГОСПАД выгнаў перад абліччам сыноў Ізраіля. 
І складаў ён ахвяры, і ка­дзіў на ўзгорках, на ўзвышшах, і пад кожным дрэвам зялёным. 
Тады Рэцын, валадар Сірыі, і Пэках, сын Рэмаліі, валадар Ізраіля, пайшлі ваяваць суп­раць Ерусаліму. І абляглі яны Ахаза, але не змаглі перамагчы яго. 
У той час Рэцын, валадар Сірыі, далучыў Элят да Сірыі і выгнаў Юдэяў з Эляту. І прыйшлі Эдомцы ў Элят, і абжыліся там да сёньняшняга дня. 
І паслаў Ахаз пасланцоў да Тыглят-Пілесэра, валадара Асірыі, кажучы: «Я — слуга твой і сын твой. Прыйдзі і выратуй мяне з рукі валадара Сірыі і з рукі валадара Ізраіля, якія паўсталі на мяне». 
І ўзяў Ахаз срэбра і золата, якое знаходзілася ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцы дому валадара, і паслаў як дар валадару Асірыі. 
І паслухаў яго валадар Асірыі, і прыйшоў валадар Асірыі ў Дамаск, і здабыў яго, і перасяліў яго ў Кір, і Рэцына забіў. 
І пайшоў валадар Ахаз на спатканьне з Тыглят-Пілесэрам, валадаром Асірыі, у Дамаск, і ўбачыў ахвярнік у Дамаску. І валадар Ахаз пераслаў Урыі сьвятару выяву ахвярніка і ўзор усёй пабудовы ягонай. 
І пабудаваў Урыя сьвятар ахвярнік паводле ўсяго таго, што прыслаў валадар Ахаз з Дамаску, і зрабіў гэта сьвятар Урыя, пакуль вярнуўся валадар Ахаз з Дамаску. 
І прыйшоў валадар з Дамаску, і ўбачыў ахвярнік, і наблізіўся валадар да ахвярніка, і ўзыйшоў на яго. 
І спаліў ён цэласпаленьне сваё і ахвяру хлебную сваю, і выліў ахвяру вадкую сваю, і крывёю ахвяраў мірных сваіх пакрапіў ахвярнік. 
А мядзяны ахвярнік, які стаяў перад абліччам ГОС­ПАДА, ён загадаў прыбраць з пярэдняга боку Дому Божага, паміж ахвярнікам і Домам ГОСПАДА, і паставіў яго побач ахвярніка новага на поўначы. 
загадаў валадар Ахаз сьвятару Урыі, кажучы: «На вялікім ахвярніку палі ранішняе цэласпаленьне і ахвяру хлебную вячэрнюю, цэласпаленьні валадара і ягоную ахвяру хлебную, цэласпаленьні ўсяго народу зямлі, ягоныя ахвяры хлебныя і ахвяры вадкія. І вылівай на яго ўсю кроў ахвяраў цэласпаленьня і кроў ахвяраў крывавых. А ахвярнік мядзяны будзе ў распараджэньні маім». 
І святар Урыя зрабіў усё, што яму загадаў валадар Ахаз. 
І валадар Ахаз абламіў ліштвы з падставаў, і зьняў з іх мыцельнікі, і зьняў мора з валоў мядзяных, якія пад ім былі, і паставіў яго на каменную падлогу. 
І ён прыбраў перад абліччам валадара Асірыі кружганак суботні, які пабудавалі ў Доме Божым, і выхад навонкі для валадара з Дому ГОСПАДА. 
А іншыя дзеяньні Ахаза, якія ён рабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. 
І супачыў Ахаз з бацькамі сваімі і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. І пасьля яго стаў валадаром Эзэкія, сын ягоны. 
