﻿2 ВАЛАДАРОЎ.
12.
Ёаш меў сем гадоў, калі стаў валадаром. 
У сёмым годзе валадараньня Егу Ёаш стаў валадаром і валадарыў сорак гадоў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Цыбэя з Бээр-Шэвы. 
І рабіў Ёаш слушнае ў вачах ГОСПАДА ў-ва ўсе дні, пакуль вучыў яго сьвятар Егаяда. 
Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ складаў яшчэ ахвяры і кадзіў на ўзгорках. 
І сказаў Ёаш сьвятарам: «Усё срэбра пасьвячонае, якое прыносяць у Дом ГОСПАДА срэбра тых, што прыходзяць, і срэбра выкупу за душу, і срэбра, якое паводле рашэньня сэрца свайго прыносяць у Дом ГОСПАДА, 
няхай бяруць сьвятары ад знаёмых сваіх, і няхай ужываюць на направу пашкоджань­няў у Доме Божым паў­сюль, дзе будзе знойдзена пашко­джаньне». 
Але яшчэ да дваццаць трэцяга году валадара Ёаша сьвятары не направілі пашкоджаньняў у Доме Божым. 
І паклікаў валадар Ёаш сьвятара Егаяду і сьвятароў, і спытаўся ў іх: «Чаму вы не напраўляеце пашкоджаньняў у Доме Божым? І цяпер не бярыце болей срэбра ад знаёмых вашых, але аддайце яго на аднаўленьне Дому Божага». 
І згадзіліся сьвятары ня браць срэбра ад народу, і не займацца направаю пашкоджаньняў Дому Божага. 
І ўзяў сьвятар Егаяда скрыню, і зрабіў адтуліну зьверху яе, і паставіў яе побач з ахвярнікам з правага боку каля ўваходаў у Дом ГОСПАДА. І сьвятары, што вартавалі парогі, складалі ў яе ўсё срэбра, якое прыносілі ў Дом ГОСПАДА. 
І калі яны бачылі, што ўжо шмат срэбра ў скрыні, прыходзілі пісар валадара і сьвятар вялікі, і забіралі срэбра, якое знаходзілася ў Доме ГОСПАДА, і лічылі яго. 
І аддавалі гэтае пералічанае срэбра загадчыкам работаў, якія наглядалі за працаю ў Доме ГОСПАДА. І яны выдавалі іх на цесьляроў і будаўнікоў, якія працавалі ў Доме ГОСПАДА, 
і на муляроў, і на каменяроў, і на набыцьцё дрэва і чэсаных камянёў для направы пашкоджаньняў Дому ГОСПАДА, і на ўсякія іншыя выдаткі для адбудовы Дому Божага. 
Аднак са срэбра, што прынесьлі ў Дом ГОСПАДА, не рабілі келіхі срэбныя, нажніцы, крапільніцы, трубы або іншыя рэчы залатыя ці срэбныя для Дому ГОСПАДА, 
бо давалі яго работнікам, што напраўлялі Дом ГОСПАДА. 
І не правяралі людзей, якім давалі срэбра для выплаты работнікам, бо яны рабілі ўсё сумленна. 
Але срэбра ахвяры за правіну і срэбра ахвяры за грэх ня ўносілі ў Дом ГОСПАДА, бо яно належала сьвятарам. 
У той час Хазаэль, валадар Сірыі, пайшоў ваяваць з Гатам, і здабыў яго. І павярнуў Хазаэль аблічча сваё, каб ісьці на Ерусалім. 
І ўзяў Ёаш, валадар Юды, усе рэчы сьвятыя, якія ахвяравалі Язафат, Егарам, Ахазія, бацькі ягоныя, валадары Юды, і тое, што ён сам ахвяраваў, усё золата, якое мог знайсьці ў скарбніцы Дому ГОСПАДА і ў доме валадара, і паслаў Хазаэлю, валадару Сірыі, і ён адступіў ад Ерусаліму. 
А іншыя дзеяньні Ёаша і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. 
І паўсталі слугі ягоныя, і змовіліся, і забілі Ёаша ў Бэт-Мілло, на дарозе ў Сіллу. 
Ёзавад, сын Шымэата, і Егазавад, сын Шамэра, слугі ягоныя, забілі яго, і ён памёр. І пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда. І заваладарыў Амазія, сын ягоны, пасьля яго. 
