﻿2 ВАЛАДАРОЎ.
8.
І Элісэй прамовіў да той жанчыны, сына якой уваскрасіў, кажучы: «Устань і ідзі ты і дом твой, і абжывіся на чужыне, бо ГОСПАД вырашыў пра голад, які прыхо­дзіць на зямлю гэтую на сем гадоў». 
І ўстала жанчына, і зрабіла, як сказаў чалавек Божы. І пайшла яна і дом ейны, і абжылася ў зямлі Філістынцаў на сем гадоў. 
І сталася праз сем гадоў, што жанчына вярнулася з зямлі Філістынцаў, і пайшла яна да валадара прасіць пра вяртаньне дому свайго і поля свайго. 
А валадар размаўляў з Гехазіем, слугою чалавека Божага, кажучы: «Раскажы мне пра ўсе вялікія справы, якія ўчыніў Элісэй». 
І калі ён расказваў валадару пра тое, як Элісэй уваскрасіў мёртвага, вось, жанчына, сына якой ён уваскрасіў, прасіла валадара пра вяртаньне дому свайго і поля свайго. І сказаў Гехазі: «Гаспадару мой, валадар, гэта тая жанчына і гэта той сын ейны, якога ўваскрасіў Элісэй». 
І спытаўся валадар жанчыну пра гэта, і яна расказала яму. І валадар даў ёй аднаго ўрадоўца, кажучы: «Вярні ёй усё, што яе, і ўсе прыбыткі з поля ад дня, у які пакінула яна зямлю, і аж да цяпер». 
І прыйшоў Элісэй у Дамаск, а ў той час хварэў Бэн-Гадад, валадар Сірыі. І паведамілі яму, кажучы: «Прыйшоў сюды чалавек Божы». 
І сказаў валадар Хазаэлю: «Вазьмі ў рукі твае дары і ідзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся ГОСПАДА пра знак, кажучы: "Ці я ачуняю з хваробы гэтай?"» 
І пайшоў Хазаэль на спатканьне з Элісэем, і ўзяў дары ў рукі свае, і ўсе багацьці Дамаску наладаваў на сорак вярблюдаў. І прыйшоў ён, і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: «Сын твой Бэн-Гадад, валадар Сірыі, паслаў мяне да цябе, кажучы: “Ці я ачуняю з хваробы гэтай?”» 
І Элісэй сказаў яму: «Ідзі і скажы яму: “Ачуняеш”. Але ГОСПАД паказаў мне, што ён сьмерцю памрэ». 
І наставіў Элісэй вочы свае на яго, і доўга ўглядаўся, аж той засмуціўся. І пачаў плакаць чалавек Божы. 
І сказаў Хазаэль: «Чаму плача гаспадар мой?» А ён сказаў: «Бо я ведаю, якое ліха ты зробіш сынам Ізраіля: умацаваньні іхнія спаліш агнём, юнакоў іхніх выб’еш мячом, дзяцей іхніх разьдзярэш і цяжарных жанчынаў іхніх пасячэш». 
І сказаў Хазаэль: «Хто такі слуга твой, гэты сабака, каб рабіў такія вялікія рэчы?» І сказаў Элісэй: «ГОСПАД паказаў мне цябе як валадара Сірыі». 
І пайшоў ён ад Элісэя, і прыйшоў да гаспадара свайго. А той сказаў яму: «Што сказаў табе Элісэй?» І ён сказаў: «Ён сказаў мне, што ачуняеш». 
І сталася на наступны дзень, Хазаэль узяў посьцілку, і намачыў у вадзе, і палажыў на твар ягоны, і ён памёр. І Хазаэль стаў валадаром замест яго. 
У пяты год Ярама, сына Ахава, валадара Ізраіля, Егарам, сын Язафата, валадара Юды, стаў валадаром Юды. 
Меў ён трыццаць два гады, калі пачаў валадарыць і восем гадоў валадарыў у Ерусаліме. 
І хадзіў ён шляхам валадароў Ізраіля, як рабіў дом Ахава, бо дачка Ахава была жонкай ягонай, і рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА. 
Але ГОСПАД не хацеў зьнішчыць Юды дзеля Давіда, слугі Свайго, бо Ён казаў яму, што дасьць сьветач яму і сынам ягоным у-ва ўсе дні. 
У дні ягоныя збунтаваўся Эдом, каб ня быць пад рукой Юды, і паставіў сабе валадара. 
І пайшоў Егарам у Цаір, і ўсе калясьніцы ягоныя з ім. І ўстаў ён уначы, і ўдарыў Эдомцаў, якія атачылі яго і начальнікаў калясьніцаў, і ўцёк народ у намёты свае. 
Але Эдом узбунтаваўся і выйшаў з-пад рукі Юды па сёньняшні дзень. У той час узбунтавалася таксама Лібна. 
А іншыя дзеяньні Егарама, і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды., 
І супачыў Егарам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. І заваладарыў Ахазія, сын ягоны, пасьля яго. 
У дванаццатым годзе Ярама, сына Ахава, валадара Ізраіля, пачаў валадарыць Ахазія, сын Егарама, валадара Юды. 
Ахазія меў дваццаць два гады, калі стаў валадаром, і адзін год валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Аталія, дачка Омры, валадара Ізраіля. 
І ён хадзіў шляхамі дому Ахава, і рабіў ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як дом Ахава, бо быў ён сваяком дому Ахава. 
І пайшоў ён з Ярамам, сынам Ахава, ваяваць супраць Хазаэля, валадара Сірыі, у Рамот Гілеадзкі, і Сірыйцы паранілі Ярама. 
І вярнуўся валадар Ярам у Езрээль, каб лячыцца ад ранаў, якімі паранілі яго Сірыйцы ў Рамоце, калі ён ваяваў супраць Хазаэля, валадара Сірыі. І Ахазія, сын Егарама, валадар Юды, пайшоў адведаць Ярама, сына Ахава, у Езрээль, бо той быў хворы. 
