﻿2 ВАЛАДАРОЎ.
5.
Нааман, начальнік войска валадара Сірыі, быў чалавек вялікі перад абліччам гаспадара свайго і быў вельмі паважаны, бо праз яго ГОСПАД даў перамогу Сірыі. І быў ён волат мужны, але ён быў пракажоны. 
І вырушылі войскі Сірыйцаў, і ўзялі ў палон з зямлі Ізраіля малую дзяўчынку, і была яна перад абліччам жонкі Наамана. 
І сказала яна гаспадыні сваёй: «О, каб гаспадар мой стаў перад абліччам прарока, які ў Самарыі! Ён аздаравіў бы яго ад праказы ягонай!» 
І пайшоў Нааман, і паведаміў гаспадару свайму, кажучы: «Вось так і так сказала дзяўчынка з зямлі Ізраіля». 
І валадар Сірыі сказаў: «Ідзі, а я пашлю ліст да валадара Ізраіля». І ён пайшоў, і ўзяў у руку сваю дзесяць талентаў срэбра, і шэсьць тысячаў сык­ляў золата, і дзесяць зьменаў адзеньня. 
І прынёс ён валадару Ізраіля ліст, які казаў: «Калі прыйшоў ліст гэты да цябе, вось, я пасылаю да цябе Наамана, слугу майго, каб ты аздаравіў яго ад праказы ягонай». 
І сталася, калі валадар Ізраіля прачытаў ліст гэты, ён разьдзёр шаты свае і сказаў: «Ці ж я — Бог, каб забіваць і вяртаць жыцьцё, што ён прысылае да мяне, каб я аздаравіў чалавека ад праказы ягонай? Падумайце і паглядзіце, ці ён не зачэпкі шукае супраць мяне?» 
І сталася, калі пачуў Элісэй, чалавек Божы, што валадар Ізраіля разьдзёр шаты свае, ён паслаў да валадара, кажучы: «Навошта разьдзёр ты шаты свае? Няхай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраілі». 
І прыйшоў Нааман з коньмі сваімі і калясьніцаю сваёй, і затрымаўся каля дзьвярэй дому Элісэя. 
І Элісэй паслаў да яго пасланца, кажучы: «Ідзі і памыйся сем разоў у Ярдане, і цела тваё станецца здаровым, і ты будзеш ачышчаны ад праказы». 
І загневаўся Нааман, і адыйшоў, і сказаў: «Вось, я казаў сабе, што ён выйдзе да мяне, і стане, і будзе клікаць імя ГОСПАДА, Бога свайго, і дакранецца рукой сваёй месца праказы, і аздаровіць ад праказы. 
Ці ня лепшыя Абана і Фарпар, рэкі Дамаску, за ўсе рэкі Ізраіля? Ці ж ня мог я памыцца ў іх і быць ачышчаным?» І павярнуўся, і пайшоў у гневе. 
І наблізіліся слугі ягоныя, і прамовілі да яго: «Бацька мой, калі б пра рэчы вялікія прамовіў да цябе прарок, ці ты не зрабіў бы? А тым больш, калі ён сказаў табе: “Памыйся і будзеш ачышчаны”». 
І зыйшоў Нааман, і сем разоў занурыўся ў Ярдан паводле слова чалавека Божага. І аднавілася цела ягонае, як цела малога хлопца, і быў ён ачышчаны. 
І вярнуўся да чалавека Божага ён і ўся дружына ягоная, і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: «Вось, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, але толькі ў Ізраілі! І цяпер, калі ласка, прымі дар ад слугі твайго». 
І сказаў Элісэй: «Як жывы ГОСПАД, перад абліччам Якога я стаю, не вазьму». А той моцна прасіў яго ўзяць, але ён не згадзіўся. 
І сказаў Нааман: «Калі не, няхай слузе твайму да­дуць зямлі, колькі пара мулаў можа несьці, бо слуга твой ужо ня будзе складаць цэласпаленьні і ахвяры крывавыя іншым багам, але толькі ГОСПАДУ! 
Адно толькі няхай прабачыць ГОСПАД слузе твайму: калі гаспадар мой уваходзіць у дом Рымона, каб пакланіцца там, ён абапіраецца на руку маю, і тады я мушу пакланіцца ў доме Рымона. Калі я буду пакланяцца ў доме Рымона, няхай даруе ГОСПАД слузе твайму гэта». 
І Элісэй сказаў яму: «Ідзі ў супакоі». І ён адыйшоў ад яго кавалак дарогі. 
І сказаў Гехазі, слуга чалавека Божага: «Вось, гаспадар мой пашкадаваў Наамана Сірыйца, не прыняў ад яго таго, што ён прынёс. Як жывы ГОСПАД, пабягу за ім і нешта атрымаю ад яго». 
І пабег Гехазі за Нааманам. І ўбачыў Нааман, што нехта бяжыць за ім, і зыйшоў з калясьніцы насустрач яму, і сказаў: «Ці з мірам?» 
Ён сказаў: «З мірам. Гаспадар мой паслаў мяне, кажучы: “Вось, цяпер прыйшлі да мяне з гары Эфраіма два юнакі з сыноў прарокаў. Дай ім талент срэбра і дзьве зьмены адзеньня”». 
І сказаў Нааман: «Лепш вазьмі два таленты». І ўпрошваў яго, і завязаў два таленты срэбра ў дзьве кайстры, і дзьве зьмены адзеньня, і даў двум слугам сваім, і яны панесьлі іх перад абліччам ягоным. 
І прыйшоў ён у Афэль, і забраў рэчы гэтыя з рук іхніх, і палажыў у доме, а людзей тых выправіў, і яны пайшлі. 
І ён пайшоў, і стаў перад гаспадаром сваім. І сказаў яму Элісэй: «Адкуль ты прыйшоў, Гехазі?» Ён сказаў: «Слуга твой не хадзіў нікуды». 
А ён сказаў яму: «Ці ж сэрца маё не ішло з табою, калі насустрач табе зыйшоў чалавек той з калясьніцы сваёй? Ці цяперчас браць срэбра і адзеньне, або аліўкавыя дрэвы, вінаграднікі, авечак і валоў, нявольнікаў і нявольніцаў? 
Няхай праказа Наамана прылепіцца да цябе і да насеньня твайго на вякі». І выйшаў Гехазі ад яго белы, як сьнег, ад праказы. 
