﻿2 ВАЛАДАРОЎ.
4.
Адна ўдава спасярод жонак сыноў прарокаў клікала да Элісэя, кажучы: «Мой муж, слуга твой, памёр. А ты ведаеш, што слуга твой баяўся ГОСПАДА. Але прыйшоў ліхвяр, каб забраць сабе абодвух дзяцей маіх у нявольнікі». 
І сказаў ёй Элісэй: «Што магу зрабіць для цябе? Скажы мне, што маеш у доме сваім?» Яна сказала: «Служка твая ня мае ў доме анічога, акрамя збанка з алеем». 
І сказаў Элісэй: «Ідзі, пазыч сабе посуд у-ва ўсіх суседзяў сваіх, посуд пусты, і набяры яго нямала. 
І вярніся, і замкні дзьверы за сабою і сынамі тваімі, і налівай у-ва ўсе гэтыя пасудзіны, а напоўненыя адстаўляй». 
І яна пайшла ад яго, і замкнула дзьверы за сабою і за сынамі сваімі, і яны падносілі ёй посуд, а яна налівала. 
І сталася, калі ўвесь посуд быў поўны, сказала яна сыну свайму: «Прынясі мне яшчэ пасудзіну». Але ён сказаў ёй: «Ня маю больш посуду». І спыніўся алей. 
І пайшла яна, і паведаміла чалавеку Божаму, а ён сказаў ёй: «Ідзі, прадай алей і вярні доўг пазычальніку твайму. А ты і сыны твае жывіце з таго, што засталося». 
І сталася, што аднаго дня Элісэй праходзіў праз Шунэм. І там багатая жанчына затрымала яго, каб паеў хлеба. І колькі разоў ён там праходзіў, заходзіў туды падсілкавацца хлебам. 
І сказала яна мужу свайму: «Вось, я ведаю, што той чалавек Божы, які заўсёды прахо­дзіць каля нас, — сьвяты. 
Дык зробім верхні пакойчык, і паставім у ім ложак, стол, зэдлік і сьвечнік, і станецца, калі ён зойдзе да нас, застанецца там». 
І сталася аднаго дня, што ён зайшоў туды, і падняўся ў верхні пакойчык, і там заначаваў. 
І сказаў ён слузе свайму Гехазію: «Пакліч Шунамянку гэтую». І ён паклікаў яе, і яна стала перад абліччам ягоным. 
І сказаў Элісэй слузе: «Скажы ёй: “Вось, ты так рупішся пра нас з такой руплівасьцю. Што зрабіць для цябе? Можа, пагаварыць праа цябе з валадаром або з начальнікам войска?”» А яна сказала: «Я жыву сярод народу свайго». 
І ён сказаў: «Дык што зрабіць для яе?» І Гехазі сказаў: «На жаль, яна ня мае сына, а муж ейны стары». 
І Элісэй сказаў: «Пакліч яе!» І ён паклікаў яе, і яна стала каля дзьвярэй. 
І ён сказаў: «У вызначаны час паводле часу жыцьця ты будзеш песьціць сына». І яна адказала: «Гаспадару мой, чалавек Божы, не падманвай служкі тваёй». 
І зачала жанчына, і нара­дзіла сына ў вызначаны час паводле часу жыцьця, як прамовіў да яе Элісэй. 
І рос той хлопчык. І сталася аднаго дня, што пайшоў ён да бацькі свайго, да жняцоў, 
і сказаў ён бацьку свайму: «Галава мая! Галава мая!» І бацька сказаў слузе: «Занясі яго да маці ягонай!» 
Забраў яго слуга і занёс да маці ягонай. І ён сядзеў на каленях у яе да паўдня, і памёр. 
Яна ўзыйшла, і палажыла яго ў ложак чалавека Божага, і замкнула за сабою дзьверы, і выйшла. 
І паклікала яна мужа свайго, і сказала: «Прыйшлі мне, калі ласка, аднаго са слугаў і асьліцу, і я пайду да чалавека Божага, і вярнуся». 
І ён сказаў ёй: «Навошта ідзеш да яго сёньня? Не маладзік цяпер, не субота» Але яна сказала: «Супакой няхай будзе». 
І яна асядлала асьліцу, і сказала слузе свайму: «Вядзі і ідзі! Не затрымоўвайся ў дарозе, пакуль не скажу табе». 
І пайшла, і прыйшла да чалавека Божага на гару Кармэль. І сталася, калі чалавек Божы ўгледзеў яе здалёк, ён сказаў слузе свайму Гехазію: «Вось, тая Шунамянка. 
Пабяжы насустрач ёй і скажы ёй: “Ці супакой у цябе? Ці супакой у мужа твайго? Ці супакой у сына твайго?”» І яна сказала: «Супакой». 
І прыйшла яна на гару да чалавека Божага, і абняла ногі ягоныя, а Гехазі падыйшоў, каб адсунуць яе, але сказаў чалавек Божы: «Пакінь яе, бо душа ейная ў горычы, а ГОС­ПАД схаваў гэта ад мяне і не паведаміў мне». 
А яна сказала: «Ці я прасіла гаспадара майго пра сына? Ці ж я не казала: “Не падманвай мяне”?» 
І Элісэй сказаў Гехазію: «Падперажы сьцёгны твае, і вазьмі кій мой у руку тваю, і ідзі! Калі сустрэнеш каго, не вітайся з ім, а калі цябе хто прывітае, не адказвай яму. І паложыш кій мой на аблічча хлопчыка». 
І маці хлопца сказала: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе!» І Элісэй устаў, і пайшоў з ёю. 
А Гехазі выперадзіў іх і палажыў кій на аблічча хлопца, але не было ані голасу, ані знаку жыцьця. І Гехазі вярнуўся да яго, і паведаміў яму, кажучы: «Хлопец не прачнуўся». 
І ўвайшоў Элісэй у дом, і вось, хлопчык ляжыць мёртвы на ложку ягоным. 
І ўвайшоў ён, і замкнуў дзьверы за сабою, і маліў ГОСПАДА. 
І падыйшоў, і лёг на хлопчыка, і прытуліў вусны свае да вуснаў ягоных, і вочы свае да вачэй ягоных, і далоні свае да далоняў ягоных, і прыціснуўся да яго, і грэў цела хлопчыка. 
І вярнуўся, і хадзіў па доме туды і сюды, і ўзыйшоў, і прыціснуўся да яго, і хлопец пазяхнуў сем разоў і расплюшчыў хлопец вочы свае. 
І паклікаў Элісэй Гехазія, і сказаў: «Пакліч Шунамянку гэтую». І той паклікаў яе, і яна ўвайшла да яго, і ён сказаў: «Вазьмі сына твайго». 
І яна ўвайшла, і ўпала да ног ягоных, і пакланілася да зямлі, і ўзяла сына свайго, і выйшла. 
А Элісэй вярнуўся ў Гільгал. І быў голад у зямлі. І сыны прарокаў сядзелі перад абліччам ягоным, і ён сказаў слузе свайму: «Пастаў вялікі кацёл і звары поліўку для сыноў прарокаў». 
І выйшаў адзін з іх у поле назьбіраць зеляніны. І знайшоў ён дзікую расьліну, і назьбіраў з яе дзікіх пладоў поўны плашч свой. І ён вярнуўся, і накідаў іх у кацёл з поліўкай, а ён ня ведаў, што гэта была за расьліна. 
І налілі людзям есьці. І калі яны паелі поліўку, закрычалі і сказалі: «Сьмерць у катле, чалавек Божы!» І не маглі есьці. 
І сказаў Элісэй: «Прынясіце мукі». І насыпаў ён яе ў кацёл, і сказаў: «Наліце людзям». І елі, і ў катле не было нічога ліхога. 
І прыйшоў чалавек з Баал-Шалішу, і прынёс чалавеку Божаму хлеб з пяршынаў: дваццаць хлябоў ячменных і сьвежае збожжа ў мяху. І сказаў Элісэй: «Дайце людзям, і няхай яны ядуць». 
І сказаў паслугач ягоны: «Як я дам гэта сотні людзей?» А ён сказаў: «Дай людзям, і няхай ядуць, бо гэта кажа ГОСПАД: “Ешце і застанецца яшчэ”». 
І ён даў ім, і яны насыціліся, і яшчэ засталося паводле слова ГОСПАДА. 
