﻿2 ВАЛАДАРОЎ.
2.
І сталася, калі ГОСПАД узяў Ільлю ў неба ў віхуры, ішоў Ільля і Элісэй з Гільгалу. 
І сказаў Ільля Элісэю: «Застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне аж у Бэтэль». І сказаў Элісэй: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І зыйшлі яны ў Бэтэль. 
І выйшлі сыны прарокаў, якія ў Бэтэлі, да Элісэя і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёньня забярэ ГОСПАД гас­падара твайго па-над галавою тваёй?» Ён сказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце». 
І сказаў яму Ільля: «Элісэй, застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне ў Ерыхон». А ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І прыйшлі яны ў Ерыхон. 
І падыйшлі сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, да Элісэя, і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёньня забярэ ГОСПАД гас­падара твайго па-над галавою тваёй?» Ён сказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце!» 
І сказаў яму Ільля: «Застанься тут, бо ГОСПАД паслаў мяне да Ярдану». А ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, не пакіну цябе». І пайшлі яны абодва разам. 
І пяцьдзясят чалавек з сыноў прарокаў пайшлі, і сталі насупраць здалёк, а яны абодва сталі каля Ярдану. 
І Ільля зьняў плашч свой, і скруціў, і ўдарыў ім па вадзе. І разьдзялілася вада ў адзін і ў другі бок, і яны перайшлі абодва па сухазем'і. 
І сталася, калі перайшлі, Ільля сказаў Элісэю: «Прасі, што мне зрабіць табе, пакуль ня буду забраны ад цябе». А Элісэй сказаў: «Няхай, прашу, дух твой будзе падвойна на мне!» 
І Ільля сказаў: «Цяжкога ты просіш. Калі ўбачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, бу­дзе табе гэта; а калі ня ўбачыш, ня будзе». 
І сталася, калі яны ішлі і размаўлялі, вось, зьявілася калясьніца вогненная і коні вогненныя, і разьдзялілі абодвух, і Ільля ў віхуры ўзьняўся ў неба. 
А Элісэй глядзеў і крычаў: «Ойча мой! Ойча мой! Калясьніца Ізраіля і коньнікі ягоныя». І больш яго ўжо ня бачыў, і схапіў шаты свае, і разьдзёр іх на дзьве часткі. 
І падняў ён плашч Ільлі, які зваліўся з яго, і вярнуўся, і стаў на беразе Ярдану. 
І ўзяў плашч Ільлі, які зваліўся з яго, і ўдарыў па вадзе, і сказаў: «Дзе ГОСПАД, Бог Ільлі?» І ўдарыў па вадзе, і яна разьдзялілася ў адзін і ў другі бок, і Элісэй перайшоў. 
І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія былі ў Ерыхоне насупраць, і сказалі: «Дух Ільлі супачыў на Элісэі». І прыйшлі на спатканьне яму, і пакланіліся яму да зямлі, 
і сказалі яму: «Вось, між слугаў тваіх пяцьдзясят чалавек мужных. Няхай яны пойдуць і пашукаюць гаспадара твайго, ці часам не падняў яго Дух ГОСПАДА і не спусьціў на нейкай гары або ў лагчыне». А ён сказаў: «Не пасылайце!» 
Але яны налягалі на яго і надакучалі, і Элісэй сказаў: «Пасылайце». І паслалі яны пяцьдзясят чалавек, і яны шукалі Ільлю тры дні, і не знайшлі. 
І вярнуліся да Элісэя, а ён быў у Ерыхоне, і ён сказаў ім: «Ці ж не казаў я вам: “Не ідзіце!”» 
І сказалі жыхары гораду Элісэю: «Вось, разьмяшчэньне гораду гэтага добрае, як гаспадар наш бачыць, але вада кепская і зямля не дае пладоў». 
і ён сказаў: «Прынясіце мне новую місу і ўкіньце туды солі». І яны прынесьлі яму. 
І ён пайшоў да крыніцы вады, і ўкінуў туды соль, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Я аздаравіў ваду гэтую, і ня будзе тут больш ані сьмерці, ані бясплоднасьці”». 
І аздароўлена была вада па сёньняшні дзень паводле слова Элісэя, якое ён прамовіў. 
І адтуль пайшоў ён у Бэтэль. І калі ён ішоў дарогаю, малыя хлопцы выбеглі з гораду і сьмяяліся з яго, і казалі яму: «Ідзі, лысы! Ідзі, лысы!» 
Ён павярнуўся да іх, і паглядзеў на іх, і пракляў іх у імя ГОСПАДА. І выйшлі дзьве мядзьведзіцы з лесу, і разарвалі сорак двух хлопцаў з іх. 
Адтуль пайшоў ён на гару Кармэль, а адтуль вярнуўся ў Самарыю. 
