﻿ДРУГАЯ КНІГА ВАЛАДАРОЎ.
1.
 І збунтаваўся Мааў супраць Ізраіля пасьля сьмерці Ахава. 
А Ахазія выпаў праз краты з верхняга пакою свайго, які ў Самарыі, і захварэў. І паслаў ён пасланцоў, і сказаў ім: «Ідзі­це, спытайце Баал-Зэбуба, бога Экрону, ці ачуняю я з гэтай хваробы маёй?» 
І анёл ГОСПАДА прамовіў да Ільлі з Тэшбы: «Устань, і выйдзі насустрач пасланцам валадара Самарыі, і прамоў да іх: “Ці ж няма Бога ў Ізраіля, што вы ідзіцё пытацца ў Баал-Зэбуба, бога Экрону? 
Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД: "З ложку, на які ты лёг, ня зыйдзеш з яго, але сьмерцю памрэш"”». І Ільля пайшоў. 
І вярнуліся пасланцы да Ахазіі, і ён сказаў ім: «Чаму вы вярнуліся?» 
А яны сказалі яму: «Нейкі чалавек выйшаў насустрач нам і сказаў нам: “Ідзіце, і вярніцеся да валадара, які паслаў вас, і прамоўце да яго: "Гэта кажа ГОСПАД. Ці няма Бога ў Ізраіля, што ты пасылаеш пытацца ў Баал-Зэбуба, бога Экрону? Дзеля гэтага з ложку, на які ты лёг, ня зыйдзеш з яго, але сьмерцю памрэш"”». 
І ён сказаў ім: «Як выглядаў той чалавек, які выйшаў вам насустрач і прамовіў да вас словы гэтыя?» 
Яны сказалі яму: «Гэта чалавек касматы і падперазаны пасам скураным вакол сьцёг­наў сваіх». І ён сказаў: «Гэта Ільля з Тэшбы». 
І паслаў Ахазія да яго пяцідзясятніка разам з пяцідзесяцьцю ягонымі. І прыйшоў ён да Ільлі, які быў на вяршыні гары, і прамовіў да яго: «Чалавек Божы! Валадар гаворыць табе, каб ты зыйшоў!» 
І адказаў Ільля, і сказаў пяцідзясятніку: «Калі я — чалавек Божы, няхай зыйдзе агонь з неба і спаліць цябе і пяцядзясят чалавек тваіх!» І зыйшоў агонь з неба, і спаліў яго і пяцьдзясят чалавек ягоных. 
І паслаў валадар да яго іншага пяцідзясятніка разам з пяцідзесяцьцю ягонымі. І ён адказаў, і сказаў яму: «Чалавек Божы! Гэта кажа валадар: “Хутка зыйдзі!”» 
І адказаў Ільля, і сказаў ім: «Калі я — чалавек Божы, няхай зыйдзе агонь з неба і спа­ліць цябе і пяцьдзясят чалавек тваіх». І зыйшоў агонь Божы з неба, і спаліў яго і пяцьдзясят чалавек ягоных. 
І паслаў валадар трэцяга пяцідзясятніка разам з пяцідзесяцьцю ягонымі, і ён пайшоў. І прыйшоў трэці пяцідзясятнік, і ўпаў на калені свае перад Ільлёю, і прасіў яго, і сказаў яму: «Чалавек Божы! Няхай душа мая і душа гэтых слугаў тваіх, гэтых пяцідзесяці, будуць каштоўныя ў вачах тваіх! 
Вось, агонь зыйшоў з неба, і спаліў абодвух папярэдніх пяцідзясятнікаў разам з пяцідзесяцьцю іхнімі. Але цяпер няхай будзе каштоўная душа мая ў вачах тваіх». 
І анёл ГОСПАДА прамовіў да Ільлі: «Зыйдзі з ім, ня бойся яго». І Ільля ўстаў, і пайшоў з ім да валадара, 
і прамовіў да яго: «Гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што ты паслаў пасланцоў пытацца ў Баал-Зэбуба, бога Экрону, нібыта няма Бога ў Ізраіля, каб пытацца пра слова Ягонае, з ложку, на якім ляжыш, ня зыйдзеш з яго, але сьмерцю памрэш”». 
І памёр валадар паводле слова ГОСПАДА, якое прамовіў Ільля. А замест яго заваладарыў Ярам у другім годзе Егарама, сына Язафата, валадара Юды, бо Ахазія ня меў сына. 
Іншыя дзеяньні Ахазіі, якія ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля. 
