﻿1 ВАЛАДАРОЎ.
22.
І жылі тры гады без вайны паміж Сірыяй і Ізраілем. 
І сталася ў трэці год, прыйшоў Язафат, валадар Юды, да валадара Ізраіля. 
І валадар Ізраіля сказаў слугам сваім: «Ці вы ня ведаеце, што Рамот Гілеадзкі наш, а мы маўчым, замест таго, каб забраць яго з рук валадара Сірыі?» 
І сказаў ён Язафату: «Ці ты пойдзеш са мною ваяваць на Рамот Гілеадзкі?» І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Як ты, так і я, і як народ твой, так і народ мой, і як коньнікі твае, так і коньнікі мае». 
І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Запытайся, калі ласка, сёньня, пра слова ГОСПАДА». 
І склікаў валадар Ізраіля прарокаў каля чатырохсот чалавек, і сказаў ім: «Ці маю я ісьці ваяваць на Рамот Гілеадзкі, ці не?» І яны сказалі: «Ідзі, і Госпад аддасьць яго ў рукі валадара». 
І сказаў Язафат: «Ці няма яшчэ прарока ГОСПАДА, каб спытацца ў яго?» 
І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ёсьць яшчэ адзін чалавек, праз якога можам запытацца ГОСПАДА, але я яго ненавіджу, бо ён не праро­чыць мне добрае, але прарочыць ліхое. Гэта Міхей, сын Імлі». І Язафат сказаў: «Не гавары так, валадар». 
І паклікаў валадар Ізраіля аднаго эўнуха, і сказаў: «Пасьпяшайся і прывядзі Міхея, сына Імлі». 
А валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, апранутыя ў шаты ўрачыстыя, сядзелі кожны на пасадзе сваім каля ўваходу ў браму Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад абліччам іхнім. 
І Сэдэкія, сын Кенааны, зрабіў сабе рогі жалезныя, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Будзеш імі біць Сірыю, пакуль ня зьнішчыш яе”». 
І ўсе прарокі падобна прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот Гілеадзкі і перамагай. ГОСПАД аддасьць яго ў рукі валадара». 
А пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, прамовіў да яго, кажучы: «Вось, словы прарокаў у адзін голас прадказ­ваюць валадару добрае. Дык няхай слова тваё будзе як кожнага з іх, і прамоў добрае». 
Але Міхей сказаў: «Як жывы ГОСПАД, што скажа мне ГОСПАД, тое я прамоўлю!» 
І пайшоў ён да валадара, і валадар сказаў яму: «Міхей, ці маем мы ісьці ваяваць на Рамот Гілеадзкі, ці не?» Ён сказаў: «Ідзі і перамагай, і ГОСПАД аддасьць яго ў рукі валадара». 
І сказаў яму валадар: «Яшчэ раз запрысягаю цябе, каб ты прамовіў мне праўду ў імя ГОСПАДА». 
І ён сказаў: «Бачыў я ўвесь Ізраіль, расьцярушаны па гарах, як авечкі, якія ня маюць пастуха. І сказаў ГОСПАД: “Ня маюць яны гаспадара. Няхай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі”». 
І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ці я табе не казаў, што ён не прарочыць мне добрае, але прарочыць ліхое?» 
А той сказаў: «Дзеля гэтага слухай слова ГОСПАДА. Бачыў я ГОСПАДА, Які сядзеў на пасадзе Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла каля Яго праваруч і леваруч. 
І сказаў ГОСПАД: “Хто намовіць Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Гілеадзкім?” І адзін казаў так, а другі іначай. 
І выйшаў дух, і стаў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: “Я намоўлю яго”. І сказаў яму ГОСПАД: “Як?” 
А ён сказаў: “Я выйду і стануся духам хлусьлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных”. І Госпад сказаў: “Ты намовіш яго, гэта атрымаецца ў цябе. Ідзі і зрабі так!” 
І цяпер, вось, ГОСПАД даў духа хлусьлівага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх, і ГОСПАД прамовіў супраць цябе ліхое». 
І наблізіўся Сэдэкія, сын Кенааны, і ўдарыў Міхея па абліччы, і сказаў: «Якім чынам адыйшоў Дух ГОСПАДА ад мяне, каб прамаўляць да цябе?» 
А Міхей сказаў: «Вось, ты ўбачыш той дзень, калі будзеш бегаць з пакою ў пакой, каб схавацца”. 
І сказаў валадар Ізраіля: «Вазьмі Міхея і завядзі яго да Амона, начальніка гораду, і да Ёаша, сына валадара, 
і скажы: “Гэта кажа валадар: "Пасадзіце яго ў вязьніцу і карміце яго скупа хлебам і вадой аж да майго вяртаньня ў супакоі"”». 
І сказаў Міхей: «Калі ты вернешся ў супакоі, не прамаўляў ГОСПАД праз мяне». І сказаў: «Слухайце гэта, усе людзі!» 
І пайшлі валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, на Рамот Гілеадзкі. 
І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бой, а ты апрані шаты твае». І валадар Ізраіля зьмяніў адзеньне, і пайшоў у бой. 
А валадар Сірыі загадаў трыццаці двум возьнікам калясьніцаў, кажучы: «Не ваюйце ані з вялікім, ані з малым, а толькі супраць валадара Ізраіля». 
І сталася, калі возьнікі калясьніцаў убачылі Язафата, яны сказалі, што ён — валадар Ізраіля, і зьвярнуліся супраць яго, каб з ім ваяваць, і Язафат закрычаў. 
І ўбачылі возьнікі калясьніцаў, што гэта не валадар Ізраіля, і адступіліся ад яго. 
І адзін ваяр нацягнуў лук, і выпадкова параніў валадара Ізраіля між поясам і панцырам. І сказаў валадар возьніку свайму: «Завярні і вывязі мяне з бою, бо я паранены». 
І ў той дзень разгарэўся бой, і валадар стаяў у калясьніцы сваёй супраць Сірыйцаў, і памёр увечары, і кроў з раны сьцякала ў калясьніцу. 
І на заходзе сонца ў войску закрычалі, кажучы: «Няхай кожны вяртаецца ў горад свой і ў зямлю сваю!» 
І памёр валадар, і быў прывезены ў Самарыю, і пахавалі валадара ў Самарыі. 
І вымылі калясьніцу ягоную ў сажалцы ў Самарыі, і сабакі лізалі кроў ягоную, а блудніцы мылі яе паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў. 
А іншыя дзеяньні Ахава, і ўсё, што ён рабіў, і дом з косьці слановай, які ён пабудаваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля. 
І супачыў Ахаў з бацькам сваім, і заваладарыў Ахазія, сын ягоны, пасьля яго. 
А Язафат, сын Асы, стаў валадаром Юды ў чацьвёртым годзе Ахава, валадара Ізраіля. 
Язафат меў трыццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і дваццаць пяць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Азуба, дачка Шылхі. 
І хадзіў ён усім шляхамі Асы, бацькі свайго, і не зыхо­дзіў з яго, і рабіў тое, што было слушным у вачах ГОСПАДА. 
Толькі ўзгоркі не былі зьнішчаныя, і народ яшчэ складаў ахвяры і кадзіў на ўзгорках. 
І Язафат жыў мірна з валадаром Ізраіля. 
Іншыя дзеяньні Язафата і мужнасьць ягоная, і што ён рабіў, і як ваяваў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. 
А рэшткі распусьнікаў, якія заставаліся ў дні Асы, баць­кі ягонага, ён вынішчыў з зямлі. 
І не было тады ў Эдоме валадара, але намесьнік валадарскі. 
І Язафат пабудаваў караблі ў Таршышы, каб плысьці ў Афір па золата. Але яны не паплылі, бо паразьбіваліся ў Эцыён-Гэбэры. 
Тады Ахазія, сын Ахава, сказаў Язафату: «Няхай слугі мае пойдуць на караблях са слугамі тваімі». Але Язафат не захацеў. 
І супачыў Язафат з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў гора­дзе Давіда, баць­кі свайго, і заваладарыў Егарам, сын ягоны, пасьля яго. 
Ахазія, сын Ахава, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі ў сямнаццатым годзе Язафата, валадара Юды, і быў валадаром у Ізраілі два гады. 
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў шляхам бацькі свайго і шляхам маці сваёй, і шляхам Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля. 
І служыў ён Баалу, і пакланяўся яму, і гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля, усё так, як рабіў бацька ягоны.
