﻿1 ВАЛАДАРОЎ.
14.
У той час захварэў Абія, сын Ерабаама. 
І сказаў Ерабаам жонцы сваёй: «Устань і зьмяні выгляд свой, каб не пазналі, што ты — жонка Ерабаама, і ідзі ў Шыло. Вось, там Ахія прарок, які сказаў мне, што я буду валадаром над народам гэтым. 
І вазьмі ў руку тваю дзе­сяць хлябоў, печыва і збан мёду, і ідзі да яго. Ён паведаміць табе, што станецца з хлопцам». 
І зрабіла так жонка Ерабаама. І ўстала яна, і пайшла ў Шыло, і прыйшла ў дом Ахіі. А Ахія ня мог бачыць, бо сьцямнелі вочы ягоныя дзеля старасьці. 
І сказаў ГОСПАД Ахіі: «Вось, прыходзіць жонка Ерабаама, каб шукаць слова адносна сына свайго, які хварэе. Гэта і гэта прамовіш да яе. Калі яна прыйдзе, яна будзе пераапранутая». 
І сталася, што Ахія пачуў шоргат ног ейных, калі яна ўваходзіла, і сказаў: «Ува­ходзь, жонка Ерабаама. Чаму ты пераапранулася? Я — суворы пасланьнік для цябе. 
Ідзі і скажы Ерабааму: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. За тое, што Я ўзвысіў цябе спасярод народу, і зрабіў цябе правадыром над народам Маім, Ізраілем, 
і адарваў валадарства ад дому Давіда, і даў яго табе, але ты ня быў такі, як слуга Мой Давід, які захоўваў прыказаньні Мае і хадзіў за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі слушнае ў вачах Маіх, 
і рабіў ты горш за ўсіх, якія былі перад табой, і пайшоў, і зрабіў сабе багоў чужых і ідалаў літых, каб гнявіць Мяне, а Мяне адкінуў за плечы свае, 
дзеля гэтага, вось, Я навяду на дом Ерабаама ліха, і выб’ю з роду Ерабаама ўсіх, хто мочыцца на сьцяну, ад нявольніка да вольнага ў Ізраілі, і вымяту рэшткі дому Ерабаама, як вымятаецца сьмецьце, аж да канца. 
Хто ў Ерабаама памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя, бо гэта прамовіў ГОСПАД”. 
А ты ўстань і вяртайся ў дом твой, і калі ногі твае ўвойдуць у горад, памрэ дзіцятка, 
і будзе плакаць над ім увесь Ізраіль, і пахаваюць яго, бо толькі ён з роду Ерабаама ўвойдзе ў магілу, бо ў доме Ерабаама толькі ў ім знайшлося нешта добрае перад ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля. 
І паставіць ГОСПАД Сабе валадара над Ізраілем, які выгубіць дом Ерабаама ў той дзень. І ўжо цяпер паставіў. 
І ўдарыць ГОСПАД Ізраіля, што ён захістаецца як трысьнёг на вадзе, і выганіць Ізраіля з гэтай добрай зямлі, якую Ён даў бацькам іхнім, і расьцярушыць іх за ракою за тое, што яны зрабілі Астартаў сваіх, каб гнявіць ГОСПАДА. 
І пакіне ГОСПАД Ізраіля дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў у грэх Ізраіля». 
І ўстала жонка Ерабаама, і пайшла, і прыйшла ў Тырцу. І калі яна пераступала парог дому, памёр хлопец. 
І пахавалі яго, і галасіў над ім увесь Ізраіль паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ахію прарока. 
А іншыя дзеяньні Ерабаама, як ён ваяваў і як валадарыў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля. 
А дзён, калі валадарыў Ерабаам, было дваццаць два гады. І супачыў ён з бацькамі сваімі, і заваладарыў Надаў, сын ягоны, пасьля яго. 
А Рэхабаам, сын Салямона, быў валадаром у Юдзе. Сорак адзін год было Рэхабааму, калі ён пачаў валадарыць, і сямнаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў ГОСПАД з усіх каленаў Ізраіля, каб там было імя Ягонае. Імя маці ягонай — Наама Аманянка. 
І рабіў Юда ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і гнявілі яны Яго больш, чым бацькі іхнія, у грахах сваіх, якімі грашылі. 
І будавалі яны сабе ўзгоркі, слупы і Астартаў на кожным узгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным. 
І была таксама распуста ў зямлі, і чынілі яны ўсякую брыдоту народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля. 
І сталася ў пятым годзе валадара Рэхабаама, пайшоў суп­раць Ерусаліму Шышак, валадар Эгіпту. 
Ён зрабаваў скарбы Дому ГОСПАДА і скарбы дому валадара, і ўсё забраў, і забраў усе шчыты залатыя, якія зрабіў Салямон. 
Замест іх валадар Рэхабаам зрабіў шчыты мядзяныя і перадаў іх у рукі начальнікаў варты, якая пільнавала ўваход у дом валадара. 
І сталася, што кожны раз, калі валадар уваходзіў у Дом ГОСПАДА, уносіла іх варта, а потым адносіла іх у збраёўню варты. 
Іншыя дзеяньні Рэхабаама і ўсё, што ён рабіў, заспісана ў Кнізе летапісаў валадароў Юды. 
А вайна паміж Рэхабаамам і Ерабаамам была ўсе дні. 
І супачыў Рэхабаам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў гора­дзе Давіда. А імя маці ягонай — Наама Аманянка. А пасьля яго валадаром стаў Абіям, сын ягоны. 
