﻿1 ВАЛАДАРОЎ.
11.
І валадар Салямон кахаў шмат жанчынаў чужынскіх, і дачку фараона, і Мааўлянак, і Аманянак, і Эдомак, і Сідонак, і Хетак, 
з тых народаў, пра якія ГОСПАД сказаў сынам Ізраіля: «Не ўваходзьце да іх, і яны няхай не ўваходзяць да вас, бо яны прывабяць сэрцы вашыя да багоў іхніх». І да іх прыхіліўся Салямон каханьнем. 
І меў ён семсот жонак княгіняў і трыста наложніцаў. І жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае. 
Калі быў ён ужо стары, жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае да багоў чужых, і сэрца ягонае не было аддадзенае ГОСПАДУ, Богу ягонаму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага. 
І стаў Салямон хадзіць за Астартай, багіняй Сідонцаў, і за Мількомам, брыдотай Аманянаў. 
І рабіў Салямон ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і ня быў цалкам з ГОСПАДАМ як Давід, бацька ягоны. 
І тады пабудаваў Салямон ахвярнік для Кемоша, брыдоты Мааўскай, на гары насуп­раць Ерусаліму, і для Малек, брыдоты сыноў Амона. 
І тое самае зрабіў ён усім сваім жонкам чужынкам, палячы кадзіла і складаючы ахвяры багам іхнім. 
І загневаўся ГОСПАД на Салямона за тое, што ён адвярнуў сэрца сваё ад ГОСПАДА, Бога Ізраіля, Які зьяўляўся яму двойчы 
і загадаў яму не хадзіць за багамі чужымі. Але ён не захаваў таго, што загадаў ГОСПАД. 
І сказаў ГОСПАД Салямону: «За тое, што ты зрабіў гэтае і не захаваў запавету Майго і пастановаў Маіх, якія Я загадаў табе, Я, забіраючы, забяру валадараньне ад цябе і аддам яго слузе твайму. 
У дні твае, аднак, не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго, але з рукі сына твайго забяру яго. 
І ўсё валадарства не забяру, але адно пакаленьне дам сыну твайму дзеля Давіда, слугі Майго, і дзеля Ерусаліму, які Я выбраў». 
І паставіў ГОСПАД супраціўніка Салямону, Гадада Эдомца, з насеньня валадароў, якія былі ў Эдоме. 
Калі Давід перамог Эдом, Ёаў, начальнік войска, прыйшоў хаваць забітых і выбіў усіх мужчынаў Эдомскіх, 
бо быў там Ёаў і ўвесь Ізраіль шэсьць месяцаў, аж пакуль ня выбілі ўсіх мужчынаў у Эдоме. 
І ўцёк Гадад, ён і Эдомцы, слугі бацькі ягонага, з ім, і зыйшоў у Эгіпет, а Гадад быў яшчэ малым хлопцам. 
І выйшлі яны з Мадыяну, і прыйшлі ў Паран, і ўзялі з сабою людзей з Парану, і прыйшлі ў Эгіпет да фараона, валадара Эгіпецкага. А ён даў ім дом і харчаваньне і выдзяліў яму зямлю. 
І знайшоў Гадад вялікую ласку ў вачах фараона, і ён даў Гададу за жонку сястру жонкі сваёй, сястру валадаркі Тахпэнэс. 
І сястра Тахпэнэс нарадзіла яму Гэнубата, сына ягонага. І Тахпэнэс выгадавала яго ў доме фараона. І быў Гэнубат разам з сынамі фараона ў доме фараона. 
І пачуў Гадад у Эгіпце, што Давід заснуў з бацькамі сваімі і што памёр Ёаў, начальнік войска, і сказаў Гадад фараону: «Дазволь мне вярнуцца ў зямлю сваю». 
Фараон сказаў яму: «Ці табе чаго не хапае ў мяне, што ты хочаш ісьці ў зямлю сваю?» Ён адказаў: «Няма недахопу, але прашу, адпусьці мяне». 
І паставіў Бог яшчэ супраціўніка Салямону, Рэзона, сына Эліяды, які ўцёк ад Гададэзэра, валадара Цовы, гаспадара свайго. 
Ён сабраў да сябе лю­дзей і стаўся правадыром аддзелу. І калі Давід перамог іх, яны пайшлі ў Дамаск, і там жылі, і валадарылі ў Дамаску. 
І быў ён супраціўнікам Ізраіля ў-ва ўсе дні Салямона. І ненавідзеў ён Ізраіля, як і Гадад, і ён валадарыў у Сірыі. 
І Ерабаам, сын Навата, Эфрацянін з Цэрэды, маці ягоная мела на імя Цэруя, удава. Гэты слуга Салямона падняў руку на валадара. 
І вось такая была прычына, што ён падняў руку на валадара. Салямон будаваў Мілло і замураваў вылом у муры ў горадзе Давіда, бацькі свайго. 
А Ерабаам быў ваяр мужны. І бачыў Салямон юнака, што ён выконвае працу, і паставіў яго наглядчыкам над усімі работнікамі з дому Язэпа. 
І сталася ў той час, што Ерабаам выйшаў з Ерусаліму, і знайшоў яго на шляху прарок Ахія з Шыло. А быў ён апрануты ў новы плашч, і толькі яны адны былі ў полі. 
І зьняў Ахія новы плашч, які быў на ім, і падзёр яго на дванаццаць частак, 
і сказаў Ерабааму: «Вазьмі сабе дзесяць частак, бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Вось, Я вырываю валадарства з рукі Салямона і даю табе дзесяць каленаў. 
І толькі адно калена застанецца яму дзеля слугі Майго, Давіда, і дзеля гораду Ерусаліму, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраіля, 
бо яны пакінулі Мяне і пакланяліся Астарце, багіні Сідонцаў, і Кемошу, богу Мааву, і Мількому, богу сыноў Амона, і не хадзілі шляхамі Маімі, каб рабіць слушнае ў вачах Маіх, выконваць пастановы Мае і прысуды Мае, як Давід, бацька ягоны. 
Але Я не забяру з рукі ягонай усяго валадарства, бо Я паставіў яго князем у-ва ўсе дні жыцьця ягонага дзеля Давіда, слугі Майго, якога Я выбраў і які захоўваў прыказаньні Мае і пастановы Мае. 
І Я забяру валадарства з рукі сына ягонага, і дам табе дзесяць каленаў. 
А сыну ягонаму Я дам адно калена, каб заставаўся сьветач Давіда, слугі Майго, перад абліччам Маім у-ва ўсе дні ў горадзе Ерусаліме, які Я выбраў Сабе, каб было там імя Маё. 
А цябе Я ўзяў, і ты будзеш валадарыць над усім, чаго зажадае душа твая, і будзеш валадаром над Ізраілем. 
І станецца, калі ты бу­дзеш слухаць усё, што Я загадаю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі, і будзеш рабіць слушнае ў вачах Маіх, захоўваючы пастановы Мае і прыказаньні Мае, як рабіў Давід, слуга Мой, Я буду з табой і пабудую табе дом трывалы, як пабудаваў Давіду, і дам табе Ізраіль. 
І Я пакараю нашчадкаў Давіда, але не на ўсе дні”». 
І спрабаваў Салямон за­біць Ерабаама, і ўстаў Ерабаам, і ўцёк у Эгіпет да Шышака, валадара Эгіпецкага, і быў у Эгіпце да сьмерці Салямона. 
А іншыя дзеяньні Салямона, і ўсё, што ён рабіў, і муд­расьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў Салямона. 
І дзён, калі Салямон валадарыў над усім Ізраілем у Ерусаліме было сорак гадоў. 
І супачыў Салямон з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І пачаў валадарыць замест яго Рэхабаам, сын ягоны. 
