﻿1 ВАЛАДАРОЎ.
9.
І сталася, калі Салямон скончыў будаваць дом ГОСПАДА і дом валадара, і ўсё, што Салямон задумаў і хацеў зрабіць, 
зьявіўся Салямону ГОСПАД другі раз, як быў аб’явіўшыся яму ў Гібэоне. 
І сказаў ГОСПАД яму: «Я пачуў малітву тваю і маленьне тваё, якія ты прыносіў да Мяне, і Я асьвяціў Дом гэты, які ты пабудаваў, каб было там імя Маё на вякі. І будуць там вочы Мае і сэрца Маё ў-ва ўсе дні. 
Таксама ты, калі будзеш хадзіць перад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, у чысьціні сэрца і ў справядлівасьці, і будзеш выконваць усё, што Я загадаў табе, калі захаваеш прысуды Мае і пастановы Мае, 
Я пастаўлю пасад валадараньня твайго над Ізраілем на вякі, як Я прамовіў Давіду, бацьку твайму, кажучы: “Ня будзе адкінуты ў цябе чалавек ад пасаду Ізраіля”. 
А калі адвернецеся ад Мяне вы і сыны вашыя, і ня будзеце захоўваць прыказаньні Мае і пастановы Мае, якія Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багам чужым, і пакланяцца ім, 
Я зьмяту Ізраіля з аблічча зямлі, якую Я даў ім, і Дом, які Я асьвяціў для імя Майго, адкіну ад аблічча Майго. І станецца Ізраіль у прыказку і насьмешку ўсім народам, 
а Дом гэты будзе купай друзу. Кожны, хто пройдзе каля яе, зьдзівіцца, і засьвішча, і скажа: “Чаму ГОСПАД зрабіў гэта зямлі гэтай і Дому гэтаму?” 
І скажуць: “За тое, што яны пакінулі, ГОСПАДА, Бога свайго, Які вывеў бацькоў іхніх з зямлі Эгіпецкай, а яны прытуліліся да багоў чужых, і пакланяліся ім, і служылі ім. Дзеля гэтага ГОСПАД спаслаў на іх усё гэтае зло”». 
І сталася праз дваццаць гадоў, у якія Салямон будаваў два дамы, Дом ГОСПАДА і дом валадара, 
а Хірам, валадар Тыру, даваў Салямону дрэва кедровае і кіпарысавае, і золата, усё, што Салямон патрабаваў, валадар Салямон даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай. 
І выйшаў Хірам з Тыру паглядзець гарады, якія даў яму Салямон, і не спадабаліся яны вачам ягоным. 
І сказаў ён: «Што гэта за гарады, якія ты мне даў, браце мой?» І назваў ён іх зямлёй Кабуль аж да гэтага дня. 
І паслаў Хірам валадару сто дваццаць талентаў золата. 
Гэта велічыня падатку для працы, які вызначыў валадар Салямон, каб пабудаваць Дом ГОСПАДА і дом свой, і Мілло, і мур Ерусаліму, і Хацор, і Мэгіддо, і Гэзэр. 
Фараон, валадар Эгіпту, калісьці напаў, і здабыў Гэзэр, і спаліў яго агнём, а Хананейцаў, жыхароў гораду, забіў. І аддаў гэты горад у пасагу дачцэ сваёй, жонцы Салямона. 
І Салямон адбудаваў Гэзэр і Ніжні Бэт-Харон, 
і Баалат, і Тамар у пустыні, 
і ўсе гарады сьвірнаў, якія належалі салямону, і гарады для калясьніцаў, і гарады для коньнікаў, і ўсё, што надумаў Салямон, каб пабудаваць у Ерусаліме, у Лібане і ў-ва ўсёй зямлі панаваньня ягонага. 
Увесь народ, які застаўся з Амарэйцаў, Хетаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, якія не былі з сыноў Ізраіля, 
сыноў іхніх, якія засталіся ў зямлі і якіх сыны Ізраіля ня зьнішчылі, Салямон прызначыў для працаў нявольнічых да гэтага дня. 
А з сыноў Ізраіля Салямон не зрабіў нікога нявольнікам, але былі яны ваярамі ягонымі, слугамі ягонымі, князямі ягонымі, вартай ягонай, возьнікамі калясьніцаў ягоных і коньнікамі ягонымі. 
Тых князёў, якія былі наглядчыкамі над працамі Салямона, было пяцьсот пяцьдзясят. Яны наглядалі над людзь­мі, якія выконвалі працу. 
Калі дачка фараона перайшла з гораду Давіда ў дом свой, які пабудаваў ёй Салямон, тады ён пабудаваў Мілло. 
Тры разы ў год Салямон складаў ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя на ахвярніку, які ён пабудаваў для ГОСПАДА, і кадзіў там перад абліччам ГОСПАДА, калі скончыў Дом Божы. 
І пабудаваў валадар Салямон караблі ў Эцыён-Гэбэры каля Эляту на беразе Мора Чырвонага ў зямлі Эдом. 
І паслаў Хірам на караблі тыя слугаў сваіх, маракоў, абазнаных у моры, разам са слугамі Салямона. 
І яны прыйшлі ў Афір, і ўзялі адтуль золата чатырыста дваццаць талентаў, і прывезьлі яго валадару Салямону. 
