﻿1 ВАЛАДАРОЎ.
5.
І паслаў Хірам, валадар Тыру, да Салямона слугаў сваіх, бо пачуў, што яго памазалі на валадара на месца бацькі ягонага, бо Хірам быў сябрам Давіда ўсе дні ягоныя. 
І паслаў Салямон да Хірама, кажучы: 
«Ты ведаеш, што Давід, баць­ка мой, ня мог пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога свайго, з прычыны войнаў, што атачалі яго, аж пакуль ГОС­ПАД не паклаў ворагаў пад стопы ног ягоных. 
І цяпер ГОСПАД, Бог мой, даў мне супакой з усіх бакоў, няма супраціўніка, няма нападзеньня ліхога. 
І вось, вырашыў я пабуда­ваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога майго, як прамовіў ГОС­ПАД да Давіда, бацькі майго, кажучы: “Сын твой, якому Я дам пасад твой пасьля цябе, ён пабудуе Дом для імя Майго”. 
І цяпер ты загадай насекчы для мяне кедраў з Лібану, а слугі мае няхай будуць разам са слугамі тваімі. Я буду пла­ціць табе за слугаў тваіх, колькі ты скажаш. Бо ты ведаеш, што няма ў нас чалавека, які б умеў секчы дрэвы так, як Сідонцы». 
І калі пачуў Хірам словы Салямона, ён вельмі ўзрадаваўся і сказаў: «Дабраслаўлёны сёньня ГОСПАД, Які даў Давіду сына мудрага над гэтым шматлікім народам». 
І паслаў Хірам Салямону, кажучы: «Я пачуў тое, што ты мне пасылаў, і я выканаю кожнае жаданьне тваё адносна дрэваў кедровых і кіпарысавых. 
Слугі мае занясуць іх з Лібану да мора, а я паскладаю іх у плыты і завязу морам у месца, якое ты мне вызначыш. Там я складу іх, а ты забярэш іх. І ты выканай жаданьне маё, даючы хлеб дому майму». 
І Хірам даваў Салямону дрэвы кедровыя і кіпарысавыя паводле жаданьня ягонага. 
А Салямон даваў Хіраму дваццаць тысячаў кораў пшаніцы на харчаваньне дому ягонага і дваццаць тысячаў кораў найчысьцейшага алею. Гэта даваў Салямон Хіраму штогод. 
І даў ГОСПАД мудрасьць Салямону, як абяцаў яму. І быў мір між Хірамам і Салямонам, і яны заключылі запавет між сабою. 
І выбраў валадар Салямон работнікаў з усяго Ізраіля, і было работнікаў трыццаць тысячаў чалавек. 
І ён пасылаў іх у Лібан штомесяц па дзесяць тысячаў на зьмену; і месяц яны былі ў Лібане, а два месяцы — дома, і Адонія быў над работнікамі. 
І было ў Салямона семдзясят тысячаў тых, якія насілі цяжары, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах, 
апрача трох тысячаў трохсот наглядчыкаў, вызначаных Салямонам наглядаць за народам, які выконваў працу. 
І загадаў валадар, каб яны дастаўлялі камяні вялікія, камяні каштоўныя для падмуркаў Дому Божага з чэсаных камянёў. 
І абчэсвалі іх работнікі Салямона і работнікі Хірама, і Гіўляне, і нарыхтоўвалі дрэва і камяні на пабудову Дому Божага. 
