﻿1 ВАЛАДАРОЎ.
4.
І быў валадар Салямон валадаром над усім Ізраілем. 
І меў ён начальнікаў: Азарыю, сына Цадока, сьвятара, 
Аліхарэфа і Ахію, сыноў Шышы, пісараў, і Язафата, сына Ахілюда, канцлера. 
А Бэная, сын Егаяды, быў над войскам, а Цадок і Абіятар — сьвятарамі. 
Азарыя, сын Натана, быў над намесьнікамі, Завуд, сын Натана, сьвятар, — сябрам валадара. 
Ахішар — начальнікам над домам валадара, а Аданірам, сын Абды, — над падаткамі. 
І меў Салямон дванаццаць намесьнікаў над усім Ізраілем, і яны рупіліся пра харчы для валадара і дому ягонага. Кожны з іх меў забясьпечваць харчы на адзін месяц у год. 
Вось імёны іхнія: Бэн-Хур — на гары Эфраіма; 
Бэн-Дэкэр — у Макацы і ў Шаальбіме, у Бэт-Шэмэшы, Элёне і Бэт-Ханане; 
Бэн-Хэсэд — у Арубоце, да яго належалі Сахо і ўся зямля Хэфэр. 
Бэн-Абінадаў, якому належала ўся ваколіца Дору, і Тафат, дачка Салямона, была жонкай ягонай; 
Баана, сын Ахілюда, — над Таанахам, Мэгіддо і над усім Бэт-Шэанам, які каля Цартаны, ніжэй Езрээля, ад Бэт-Шэану аж да Абэль-Мэхо і аж да ваколіц Ёкмэаму. 
Бэн-Гэбэр — у Рамоце Гілеадзкім, ён меў Хавот-Яір сыноў Манасы ў Гілеадзе, і ваколіцы Аргобу ў Башане — шэсьцьдзясят вялікіх гарадоў з мурамі і мядзянымі засаўкамі; 
Ахінадаў, сын Іддо, — у Маханаіме; 
Ахімаац — у Нэфталі, ён таксама ўзяў за жонку Басэмат, дачку Салямона; 
Баана, сын Хушая, — у Асэра і ў Бэалоце, 
Язафат, сын Паруаха — у Ісахара, 
Шымэй, сын Элы — у Бэн’яміна. 
Гэбэр, сын Урыя — у зямлі Гілеад, у зямлі Сыгона, валадара Амарэйцаў, і Ога, валадара Башану. І быў адзін намесьнік у кожнай зямлі. 
Юда і Ізраіль былі шматлікія, як пясок марскі. Яны ўдосталь елі і пілі, і цешыліся. 
І валодаў Салямон усімі валадарствамі ад ракі Эўфрат аж да зямлі Філістынцаў і аж да межаў Эгіпту. Яны прыносілі яму дары і служылі Салямону ўсе дні жыцьця ягонага. 
Харчаваньнем Салямона на кожны дзень было: трыццаць кораў найлепшае мукі і шэсьцьдзясят кораў звычайнай мукі, 
дзесяць кормных валоў і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, апрача аленяў, сарнаў, антылёпаў і кормных птушак. 
Ён панаваў над усім абшарам на гэты бок ракі Эўфрат, ад Тыфсаху да Газы, і над усімі валадарамі абшараў на гэты бок ракі. І меў ён супакой на ўсіх межах сваіх наўкола. 
І Юда і Ізраіль жылі ў бясьпецы, кожны пад вінаградам сваім і пад дрэвам фігавым сваім ад Дану да Бээр-Шэвы ў-ва ўсе дні Салямона. 
І меў Салямон чатыры тысячы стайняў для коней для калясьніцаў сваіх і дванаццаць тысячаў вершнікаў. 
І намесьнікі дастаўлялі валадару Салямону і ўсім, хто набліжаўся да стала валадара Салямона, усё неабходнае, кожны ў свой месяц, і не бракавала нічога. 
А ячмень і салому для коней і дрыгантаў дастаўлялі на месца, якое было кожнаму прызначанае. 
І даў Бог Салямону вельмі вялікую мудрасьць і разважлівасьць, і шырокае сэрца, як пясок, які на беразе мора. 
І перавышала мудрасьць Салямона мудрасьць усіх сыноў Усходу і ўсю мудрасьць Эгіпту. 
І быў ён мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы за Этана Эзрахіта, Гэмана, Калькола і Дарду, сыноў Махола, і было слаўнае імя ягонае ў-ва ўсіх навакольных народаў. 
І расказаў ён тры тысячы прыказак, а сьпеваў ягоных было тысяча пяць. 
І гаварыў ён пра дрэвы, пачынаючы ад кедраў, што на Лібане, аж да гізопу, што расьце на муры. Гаварыў ён пра зьвяроў, пра птушак, пра паўзуноў і рыбаў. 
І прыходзілі з усіх народаў паслухаць мудрасьці Салямона, і ад усіх валадароў зямлі, якія чулі пра мудрасьць ягоную. 
