﻿2 САМУЭЛЯ.
23.
Гэта апошнія словы Давіда: «Сказаў Давід, сын Есэя, сказаў чалавек, які высока пастаўлены, памазанец Бога Якубавага, сьпявак псальмаў Ізраіля. 
Дух ГОСПАДА гаворыць праз мяне, і слова Ягонае — на языку маім. 
Сказаў Бог Ізраіля, гаварыў мне Скала Ізраіля: “Той праведна пануе над людзьмі, які пануе ў страху Божым, 
ён — як сьвятло заранкі пры ўзыходзе сонца, як раніца без хмурынак, як яснасьць пасьля дажджу, і як трава, што расьце з зямлі”. 
Ці не такі дом мой перад Богам? Бо заключыў Ён са мною запавет вечны, устаноўлены і пэўны. Ад Яго збаўленьне маё і ўсё жаданьне маё. 
Сыны Бэліяла будуць выкінутыя, як церні, якіх не бяруць рукою. 
А калі хто будзе дакранеацца іх, няхай узброіцца жалезам або цаўём дзіды, і паліць іх агнём дашчэнту». 
Вось імёны волатаў Давіда: Ёшэб-Башшэбэт з Тахкемону, начальнік між трох; ён падняў на дзіду сваю васемсот чалавек, забітых адным разам. 
Пасьля яго Элеазар, сын Додо, сына Ахоха, між трох волатаў. Быў ён з Давідам, калі Ізраільцяне сабраліся на бітву, а Філістынцы зьневажалі іх. І пабеглі Ізраільцяне, 
і ён адзін стаяў і біў Філістынцаў, ажно самлела рука ягоная і прыліпла рука ягоная да мяча. І ГОСПАД даў вялікую перамогу ў той дзень, і народ вярнуўся, каб рабаваць забітых. 
Пасьля яго Шамма, сын Агэ з Арару. І сабраліся Філістынцы ў Лехі, і быў там палетак, поўны сачэвіцы. І людзі ўцяклі перад Філістынцамі, 
і ён стаў адзін сярод палетка, і выратаваў іх, а Філістынцаў пабіў. І ГОСПАД даў вялікую перамогу. 
Гэтыя трое спасярод трыццаці галоўных у часе жніва зыйшлі і прыйшлі да Давіда ў пячору Адулям, а дружына Філістынцаў разлажылася табарам у лагчыне Рэфаім. 
Давід быў у крэпасьці, а дружына Філістынцаў — у Бэтлееме. 
І захацеў Давід піць, і сказаў: «Хто дасьць мне напіцца вады са студні, якая ў Бэтлееме каля брамы!» 
І трое гэтых волатаў напалі на табар Філістынцаў, і набралі вады ў Бэтлееме са студні, якая каля брамы, і прынесьлі, і прыйшлі да Давіда, але ён не захацеў піць яе і выліў ваду для ГОСПАДА, 
і сказаў: «Няхай адда­ліць мяне ГОСПАД, каб зрабіць гэта. Ці ж буду я піць кроў гэтых людзей, якія пайшлі, рызыкуючы душамі сваімі». І не захацеў піць ваду. Вось гэта зрабілі тры волаты. 
І Абішай, брат Ёава, сын Цэруі, быў начальнікам трыццаці. Ён падняў на дзіду сваю трыста ворагаў, і забіў іх. І ён меў імя сярод тых трох. 
Сярод трыццаці ён быў найвыдатнейшы, і быў князем іхнім, але тым тром не дараўняўся. 
І Бэная, сын Егаяды з Кабцээлю, сын мужа адважнага, слаўны шматлікімі справамі. Ён перамог двух ільвоў Мааву, і ён зыйшоў, і забіў ільва ў яме ў дзень завеі. 
І ён забіў Эгіпцяніна, чалавека вялізнага. У руцэ Эгіпцяніна была дзіда, а ён пайшоў на яго з кіем, і вырваў з рукі Эгіпцяніна дзіду, і забіў яго дзідаю ягонай. 
Гэта зрабіў Бэная, сын Егаяды, і ён меў імя між трох волатаў. 
Быў ён паважаны сярод трыццаці, але тым тром не дараўняўся. І Давід паставіў яго над вартаю сваёй. 
А тых трыццаць: Асаэль, брат Ёава, Эльханан, сын Додо з Бэтлеему, 
Шамма з Хароду і Эліка з Хароду, 
Хэлец з Пэлету і Іра, сын Іккеша з Тэкоа, 
Абіезэр з Анатоту і Мэбунай з Хушы, 
Цальмон з Ахоху і Магарай з Нэтофы, 
Хэлеў, сын Бааны, з Нэтофы, і Іттай, сын Рыбая з Гівы сыноў Бэн’яміна. 
Бэная з Піратону і Гіддай з Нахале-Гаашу, 
Абі-Альбон з Арабы і Азмавэт з Бахурыму, 
Эліяхба з Шаальвону і сыны Яшэна, Ёнатан, 
Шамма з Арару, Ахіям, сын Шарара з Арару, 
Эліфэлет, сын Ахасбая, сына Маахі, і Эліям, сын Ахітафэля з Гіло, 
Хецарай з Кармэлю і Паарай з Арабы, 
Ігаль, сын Натана з Цовы, і Бані з Гаду, 
Цэлек з Амона, і Нахарай з Бээроту, збраяносец Ёава, сына Цэруі, 
Іра з Ітра, Гарэб з Ітра, 
і Урыя Хет; усіх — трыццаць сем. 
