﻿2 САМУЭЛЯ.
22.
І прамовіў Давід словы гэтага сьпеву для ГОСПАДА ў дзень, калі вызваліў яго ГОСПАД з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла. 
І ён сказаў: «ГОСПАД — скала мая і замчышча маё, Ён — Збаўца мой. 
Бог мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой, рог збаўленьня майго! Ты — прыстанішча маё і Абаронца мой, Збаўца мой, ад гвалту Ты выз­валіў мяне. 
Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду. 
Ахапілі мяне хвалі сьмерці, віры Бэліяла стрывожылі мяне, 
путы пякельныя аплялі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне. 
У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. І Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой дайшоў да вушэй Ягоных. 
І дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо ўгня­віўся Ён. 
Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы; вугольле распальваецца ад Яго. 
Нахіліў Ён нябёсы, і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі. 
Ён сеў на херувіма, і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру. 
І зрабіў цемру заслонай сабе, намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў. 
Ад бляску перад Ім загарэлася вугольле вогненнае. 
І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой. 
І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх. 
І выявіліся глыбіні мора, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго. 
Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх, 
вызваліў мяне ад ворага майго моцнага, і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне. 
Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне. 
І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае. 
І даў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чыстасьці рук маіх мне аднагародзіў, 
бо я захоўваў шляхі ГОС­ПАДА, і не адступаў бязбожна ад Бога майго. 
Бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся, 
Я быў беззаганны перад Ім, і захоўваў сябе ад беззаконьня. 
І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, і паводле чыстасьці рук маіх перад вачыма Ягонымі. 
З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны, 
для чыстага сэрцам Ты чыс­ты сэрцам, а для крывадушнага Ты падступны, 
бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш. 
Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, — сьветач мой, ГОСПАД асьвятляе цемру маю. 
Бо з Табою я атакую войска, і з Богам маім узыйду на муры. 
Бог, беззаганны шлях Ягоны, слова ГОСПАДА агнём ачышчана, Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею. 
Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА? І хто скала, апрача Бога нашага? 
Бог, Які падпярэзвае мяне сілаю і робіць беззаганным шлях мой. 
Ён робіць ногі мае, як у аленя, і на вышыні ставіць мяне. 
Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны. 
І ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвае мяне. 
Ты пашырыў крокі мае, і не хісталіся ногі мае. 
Я перасьледаваў ворагаў маіх, і даганяў іх, і не вяртаўся, пакуль ня зьнішчыў іх. 
Я зьнішчыў іх так, што яны не маглі ўстаць і падалі пад ногі мае. 
Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, і Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі суп­раць мяне. 
Ты даў мне бачыць карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў. 
Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць. Яны да ГОС­ПАДА, але Ён не адказаў ім. 
Я стоўк іх як пыл зямлі, як балота на вуліцы я таптаў іх. 
Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву плямёнам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне. 
Чуючы вушамі пра мяне, яны слухаюцца мяне. Сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне. 
Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх. 
Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая, і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго. 
Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною, 
Які выратаваў мяне ад ворагаў маіх, і ўзвысіў мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне, ад чалавека злачыннага вызваліў мяне. 
Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў, і буду імя Тваё выслаўляць, 
бо Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьявіў міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі». 
