﻿2 САМУЭЛЯ.
20.
І быў там нейкі чалавек Бэліяла на імя Шэва, сын Біхры, Бэн’ямінец. Ён затрубіў у рог і сказаў: «Ня маем мы часткі з Давідам, ані спадчыны з сынам Есэя! Ізраіль, ідзі ў намёты свае!» 
І ўсе людзі Ізраілю адыйшлі ад Давіда і пайшлі за Шэваю, сынам Біхры. А людзі Юды засталіся пры валадару сваім ад Ярдану аж да Ерусаліму. 
І прыйшоў валадар у дом свой у Ерусаліме, і ўзяў валадар дзесяць наложніцаў, якіх пакідаў пільнаваць дом, і памясьціў іх у дом пад вартай, і забясьпечваў іх усім, але больш да іх не прыходзіў, і былі яны ўвязьненыя аж да дня сьмерці сваёй, быццам удовы пры жыцьці мужа. 
І сказаў валадар Амасе: «Скліч да мяне ўсіх мужчынаў Юды на трэці дзень, а ты стань тут». 
І пайшоў Амаса, каб склі­каць людзей Юды, і замарудзіў на вызначаны час, які быў яму прызначаны. 
І сказаў Давід Абішаю: «Цяпер Шэва, сын Біхры, горшы для нас, чым Абсалом. Ты зьбя­ры слугаў гаспадара свайго і дагані яго, каб не знайшоў ён сабе гораду ўмацаванага і ня ўцёк перад вачыма нашымі». 
І пайшлі з ім людзі Ёава, Керэты, і Пэлеты, і ўсе волаты. І выйшлі яны з Ерусаліму даганяць Шэву, сына Біхры. 
Яны былі каля вялікага камяня, які ў Гібэоне, калі выйшаў насустрач ім Амаса. А Ёаў быў узброены, і на сьцёгнах ягоных на поясе вісеў меч у похвах, які зручна ўваходзіў і выходзіў. 
І сказаў Ёаў Амасе: «Ці супакой у цябе, браце мой?» І ўзяў Ёаў Амасу правай рукой за бараду, каб пацалаваць яго. 
І Амаса не заўважыў мяча ў другой руцэ Ёава, а Ёаў ударыў ім у жывот ягоны, і нутро ягонае вылілася на зямлю, і ўжо не паўтарыў удару. І той памёр. А Ёаў і брат ягоны Абішай перасьледавалі Шэву, сына Біхры. 
І адзін са слугаў Ёава затрымаўся, і сказаў: «Хто прыхільны Ёаву і хто за Давіда, няхай ідз з Ёавам!» 
А Амаса ляжаў скрываўлены сярод гасьцінца. І ўбачыў той чалавек, што людзі спыняюцца, і перацягнуў Амасу з гась­цінца на поле, і накрыў яго вопраткай, бо бачыў, што ўсе, якія праходзяць, спыняюцца каля яго. 
І калі ён прыняў Амасу з гасьцінца, кожны чалавек пайшоў за Ёавам у пагоню за Шэваю, сынам Біхры. 
І прайшоў Ёаў праз усе калены Ізраіля аж да Абэль-Бэт-Маахі. І ўсе сыны Бээры сабраліся і пайшлі за ім. 
І вось, прыйшлі яны, і абляглі Шэву ў Абэль-Бэт-Маасе, і насыпалі вал кругом гораду, і сталі перад мурам. І ўвесь народ, якія быў з Ёавам, намагаўся разбурыць муры. 
І нейкая разумная жанчына з гораду закрычала: «Слухайце, слухайце! Скажыце Ёаву, няхай ён падыйдзе сюды, і я пагавару з ім». 
І ён наблізіўся да яе, і сказала жанчына: «Ці ты Ёаў?» Ён сказаў: «Я». І яна сказала яму: «Паслухай, што скажа служка твая». Ён сказаў: «Слухаю». 
І сказала яна, кажучы: «Даўней так гаварылі: “Няхай спытаюцца ў Абэлі”, і так скончвалі справу. 
Я — мірны і верны горад у Ізраілі, а ты хочаш усьмерціць горад і зруйнаваць маці гарадоў Ізраіля. Навошта ты нішчыш спадчыну ГОСПАДА?» 
І адказаў Ёаў, і сказаў: «Далёка, далёка гэта ад мяне, каб я разбураў або нішчыў. 
Ня ў гэтым справа. Вось, чалавек з гары Эфраіма, Шэва, сын Біхры, імя ягонае, падняў руку сваю на валадара Давіда. Выдайце яго, і я адыйду ад гораду». І сказала жанчына Ёаву: «Вось, галава ягоная будзе перакінута табе праз мур». 
І выйшла яна да ўсяго народу з мудрасьцю сваёй, і адсеклі галаву Шэвы, сына Біхры, і кінулі яе Ёаву. І ён затрубіў у рог, і адыйшлі ад гораду кожны ў намёт свой. А Ёаў вярнуўся ў Ерусалім да валадара. 
І Ёаў быў над усім войс­кам Ізраіля, а Бэная, сын Егаяды — над Керэтамі і Пэлетамі, 
Аданірам — над зборам даніны; Язафат, сын Ахілюда — канцлер, 
Шэва — пісар, Цадок і Абіятар — сьвятары. 
І таксама Іра з Яіру быў святаром у Давіда. 
