﻿2 САМУЭЛЯ.
18.
І палічыў Давід, народ, які з ім, і паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў. 
І скіраваў Давід траціну людзей сваіх пад руку Ёава, траціну — пад руку Абішая, сына Цэруі, брата Ёава, і траціну — пад руку Іттая з Гату. І сказаў валадар народу: «Я таксама пайду з вамі». 
І сказаў народ: «Ты ня пойдзеш, бо калі мы ўцячэм, нас ня возьмуць да сэрца. І калі загіне палова нас, нас ня возьмуць да сэрца, бо ты адзін — як нас дзесяць тысячаў. Дык лепш, калі ты будзеш дапамагаць нам з гораду». 
І сказаў ім валадар: «Што добра ў вачах вашых, я зраблю». І стаў валадар у браме, а ўвесь народ праходзіў сотнямі і тысячамі. 
І загадаў валадар Ёаву, Абішаю і Іттаю, кажучы: «Лагоднымі будзьце з юнаком Абсаломам». І ўвесь народ чуў загад валадара, які быў дадзены ўсім начальнікам адносна Абсалома. 
І выйшаў народ Давіда ў поле супраць Ізраіля, і пачаўся бой у лесе Эфраіма. 
І там атрымалі паразу Ізраільцяне перад абліччам слугаў Давіда. І была ў той дзень параза вялікая, і загінула дваццаць тысячаў. 
І бой пашырыўся на ўсю зямлю тую, і лес у той дзень выгубіў народу больш, чым меч. 
І сутыкнуўся Абсалом са слугамі Давіда, а Абсалом ехаў на муле, і мул пабег пад вялікі і сукаваты дуб, і Абсалом учапіўся валасамі галавы сваёй за галіны дуба, і павіс між небам і зямлёй, а мул, які быў пад ім, пабег далей. 
І ўбачыў гэта нейкі чалавек, і паведаміў Ёаву, і сказаў: «Вось, бачыў я Абсалома, які вісіць на дубе». 
І сказаў Ёаў чалавеку, які пра гэта паведаміў яму: «Калі ты бачыў яго, чаму ты не забіў яго на тым месцы? Я даў бы табе дзесяць срэбнікаў і адзін пояс». 
А ён сказаў Ёаву: «Нават калі б у далоні мае ты палажыў тысячу срэбнікаў, я ніколі не падняў бы рукі сваёй на сына валадара. Бо ў вушы нашыя валадар загадаў табе, Абішаю і Іттаю: “Захавайце мне юнака Абсалома”. 
І калі б я супраць душы сваёй учыніў падступнасьць, ніякая справа не схаваецца ад валадара, і ты сам адступішся ад мяне». 
І сказаў Ёаў: «Не хачу марудзіць з табою». І ўзяў ён у далоні свае тры стралы, і ўбіў іх у сэрца Абсалома, калі ён яшчэ жывы вісеў на дубе. 
І падбегла дзесяць юнакоў, збраяносцы Ёава, і ўдарылі Абсалома, і забілі яго. 
І затрубіў Ёаў у рог, і народ вярнуўся з пагоні за Ізраілем, бо Ёаў стрымаў народ. 
І яны ўзялі Абсалома, і кінулі яго ў лесе ў вялікую яму, і накідалі на ім вельмі вялікую купу камянёў. А Ізраільцяне ўцяклі ў намёты свае. 
Калі яшчэ жыў Абсалом, ён паставіў сабе помнік у даліне валадарскай, бо ён казаў: «Я ня маю сына, які б захаваў памяць пра імя маё». І назваў ён помнік імем сваім. І да гэтага дня называецца ён Яд-Абсалом. 
І сказаў Ахімаац, сын Цадока: «Пабягу і паведамлю валадару, што ГОСПАД зьявіў яму суд, вызваляючы ад рукі ворагаў ягоных». 
І сказаў яму Ёаў: «Ня бу­дзеш ты ў гэты дзень дабравесьнікам, але паведаміш іншым разам. Сёньня ты ня будзеш дабравесьнікам, бо сын валадара забіты». 
І сказаў Ёаў Кушаніну: «Ідзі і паведамі валадару, што ты бачыў». І пакланіўся Кушанін Ёаву, і пабег. 
І другі раз Ахімаац, сын Цадока, сказаў Ёаву: «Што б ні было, я таксама пабягу за Кушанінам!» А Ёаў сказаў: «Чаму ты хочаш бегчы, сын мой, калі няма добрай весткі». 
Ён сказаў: «Што б ні сталася, пабягу». І Ёаў сказаў яму: «Бяжы!» І Ахімаац пабег напрасткі, і апярэдзіў Кушаніна. 
А Давід сядзеў паміж дзьвюма брамамі, і вартаўнік хадзіў на даху брамы над мурам. І падняў ён вочы свае, і ўбачыў, і вось, чалавек бя­жыць адзін. 
І крыкнуў вартаўнік, і паведаміў валадару. І валадар сказаў: «Калі адзін, добрая вестка ў вуснах ягоных». А той бег і набліжаўся. 
І ўбачыў вартаўнік другога чалавека, які бег, і закрычаў вартаўнік прыдзьверніку, і сказаў: «Вось, чалавек бя­жыць адзін». А валадар сказаў: «Гэта таксама з добрай весткай». 
І паведаміў вартаўнік: «Я бачу, што хада першага як бег Ахімааца, сына Цадока». І сказаў валадар: «Ён — чалавек добры, прыходзіць з доб­рай весткай». 
І закрычаў Ахімаац, і сказаў валадару: «Мір!» І пакланіўся валадару абліччам да зямлі, і сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Які скарыў табе людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго, валадара!» 
І сказаў валадар: «Ці супакой у юнака Абсалома?» І сказаў Ахімаац: «Бачыў я вялікае замяшаньне, калі слуга валадара Ёаў пасылаў слугу твайго, але ня ведаю, што было». 
І сказаў валадар: «Адыйдзіся і стань там». І той адыйшоў, і стаў. 
І вось, прыйшоў Кушанін, і сказаў Кушанін: «Добрую вестку прыношу, гаспадару мой, валадар. Бо адпомсьціў ГОСПАД за цябе, выбаўляючы цябе з рук усіх тых, якія збунтаваліся супраць цябе». 
І сказаў валадар Кушаніну: «Ці супакойу юнака Абсалома?» І сказаў Кушанін: «Няхай будзе з ворагамі гаспадара майго, валадара, і з усімі, якія зламысна паўсталі супраць цябе, тое самае, што з юнаком гэтым». 
