﻿2 САМУЭЛЯ.
6.
І сабраў Давід усіх выбранцоў з Ізраіля ў ліку трыццаці тысячаў. 
І ўстаў Давід, і пайшоў з усім народам, які з ім, да Баал-Юды, каб адтуль прынесьці Каўчэг Божы, над якім клікалі імя ГОСПАДА Магуцьцяў, Які сядзіць на херувімах. 
І паставілі яны Каўчэг Божы на новы воз, і вынесьлі яго з дому Абінадава, які на ўзгорку. А Уза і Ахія, сыны Абінадава, вялі новы воз. 
І забралі Каўчэг Божы з дому Абінадава, які на ўзгорку, і Ахія ішоў перад Каўчэгам. 
А Давід і ўвесь дом Ізраіля гралі перад ГОСПАДАМ на інструмэнтах з дрэва кіпарысавага, на гусьлях, псалтырах, бубнах, пішчалках і цымбалах. 
І прыйшлі яны на ток Нахона, і Уза выцягнуў руку ў бок Каўчэгу Божага, і прытрымаў яго, бо валы тузануліся. 
І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць Узы, і ўдарыў яго там Бог за правіну, і ён памёр там пры Каўчэгу Божым. 
І засмуціўся Давід, што ГОСПАД пакараў Узу, і назваў тое месца Пэрэц-Уза аж да сёньняшняга дня. 
У той дзень Давід спалохаўся ГОСПАДА і сказаў: «Як да мяне прыйдзе Каўчэг ГОСПАДА?» 
І не хацеў Давід везьці Каўчэг ГОСПАДА да сябе ў горад Давіда, але накіраваў яго ў дом Абэд-Эдому з Гату. 
І заставаўся Каўчэг ГОСПАДА ў доме Абэд-Эдому з Гату тры месяцы, і дабраславіў ГОСПАД Абэд-Эдома і ўвесь дом ягоны. 
І паведамілі валадару Давіду, кажучы: «Дабраславіў ГОСПАД дом Абэд-Эдома і ўсё, што ў яго, дзеля Каўчэгу Божага». І пайшоў Давід, і перанёс Каўчэг Божы з дому Абэд-Эдома ў горад Давіда з радасьцю. 
І калі тыя, што несьлі Каўчэг, праходзілі шэсьць крокаў, ён складаў у ахвяру вала або тлустае цяля. 
І скакаў Давід з усёй сілы перад абліччам ГОСПАДА. І быў апрануты Давід у ільняны эфод. 
І Давід і ўвесь дом Ізраіля несьлі Каўчэг ГОСПАДА з ускліканьнямі і гукам трубаў. 
І калі Каўчэг ГОСПАДА прыйшоў у горад Давіда, Міхаль, дачка Саўла, глядзела праз вакно, і ўбачыла Давіда, які скакаў і танчыў перад абліччам ГОСПАДА, і пагрэбавала ім у сэрцы сваім. 
І прынесьлі Каўчэг ГОСПАДА, і паставілі яго на месцы ягоным, на сярэдзіне намёту, які паставіў для яго Давід. І склаў Давід перад абліччам ГОСПАДА цэласпаленьні і ахвяры мірныя. 
А калі скончыў Давід складаць ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, ён дабраславіў народ у імя ГОСПАДА Магуцьцяў. 
І раздаў ён усяму мноству Ізраіля, кожнаму асобна, як мужчыну, так і жанчыне, па адным бохане хлеба, і па кавалку мяса, і па адной жмені разынак. І пайшоў увесь народ у дамы свае. 
І вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой. І выйшла на спатканьне Давіда Міхаль, дачка Саўла, і сказала: «Як праславіўся сёньня валадар Ізраіля, агаліўшыся на вачах нявольніцаў слугаў сваіх, быццам агаляецца нейкі пусты чалавек!» 
І сказаў Давід Міхалі: «Перад абліччам ГОСПАДА, Які выбраў мяне замест бацькі твайго і ўсяго дому ягонага, каб паставіць мяне правадыром народу ГОСПАДА, Ізраіля, перад абліччам ГОСПАДА буду танчыць, 
і ўпакоруся яшчэ болей, і стануся яшчэ больш паніжаны ў вачах маіх, але перад нявольніцамі, пра якіх ты кажаш, буду праслаўлены». 
І Міхаль, дачка Саўла, ня мела дзяцей да дня сьмерці сваёй. 
