﻿2 САМУЭЛЯ.
2.
Пасьля гэтага пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці маю пайсьці ў адзін з гарадоў Юдэйскіх?» І ГОСПАД сказаў яму: «Ідзі». І сказаў Давід: «Куды маю ісьці?» І Госпад сказаў: «У Хеўрон». 
І пайшоў туды Давід і дзьве жонкі ягоныя, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонкай Наваля з Кармэлю. 
І павёў Давід людзей сваіх, якія з ім былі, кожнага з домам ягоным, і яны абжыліся ў гарадах Хеўрону. 
І прыйшлі людзі Юды, і памазалі там Давіда на валадара над домам Юды. І паведамілі Давіду, кажучы: «Лю­дзі Ябэшу Гілеадзкага пахавалі Саўла». 
І паслаў Давід пасланцоў да жыхароў Ябэшу Гілеадзкага, і сказаў ім: «Дабраслаўлёныя вы ГОСПАДАМ, бо вы зьявілі міласэрнасьць гаспадару вашаму, Саўлу, і пахавалі яго. 
Няхай цяпер ГОСПАД зья­віць вам міласэрнасьць і праўду, і я таксама зраблю вам добрае за тое, што вы так учынілі. 
Няхай цяпер умацуюццарукі вашыя, і вы будзьце адважнымі, бо памёр гаспадар ваш Саўл, а мяне дом Юды памазаў на валадара над імі». 
А Абнэр, сын Нэра, начальнік войска Саўла, узяў Ішбашэта, сына Саўла, і прывёў яго ў Маханаім, 
і паставіў яго валадаром над Гілеадам, і над Ашэрам, і над Езрээлем, і над Эфраімам, і над Бэн’ямінам, і над усім Ізраілем. 
Ішбашэт, сын Саўла, меў сорак гадоў, калі пачаў валадарыць над Ізраілем, і валадарыў ён два гады. Толькі дом Юды прызнаваў за валадара Давіда. 
І быў лік дзён, калі Давід валадарыў над домам Юды ў Хеўроне, сем гадоў і шэсьць месяцаў. 
І выйшаў Абнэр, сын Нэра, і слугі Ішбашэта, сына Саўла, з Маханаіму ў Гібэон. 
І Ёаў, сын Цэруі, і слугі Давіда выйшлі, і спаткаліся з імі каля сажалкі Гібэонскай. І адны сталі на адным баку сажалкі, а другія — на другім баку сажалкі. 
І сказаў Абнэр Ёаву: «Няхай юнакі ўстануць і няхай пагуляюць перад намі». Ёаў сказаў: «Няхай устануць». 
І ўсталі, і пайшлі дванаццаць Бэн’ямінцаў з боку Ішбашэта, сына Саўла, і дванаццаць спасярод слугаў Давіда. 
І схапіў кожны свайго супраціўніка за галаву, і ўсадзіў меч у бок ягоны, і паваліліся разам. І названае месца тое Хелкат-Гаццурым, што ў Гібэоне. 
І была ў той дзень вельмі цяжкая бітва, і былі пераможаныя Абнэр і людзі Ізраіля слугамі Давіда. 
І былі там тры сыны Цэруі: Ёаў, Абішай і Асаэль. І Асаэль быў вельмі хуткім у нагах, як сарна ў полі. 
І пагнаўся Асаэль за Абнэрам, і не зварочваў ані ўправа, ані ўлева ад Абнэра. 
І аглянуўся Абнэр назад, і сказаў: «Ці гэта ты, Асаэль!?» Ён сказаў: «Я». 
І сказаў яму Абнэр: «Павярніся ўправа ці ўлева і схапі аднаго з юнакоў, і вазьмі сабе здабычу з яго». Але Асаэль не хацеў адступіцца ад яго. 
І зноў аглянуўся Абнэр, кажучы Асаэлю: «Адступіся ад мяне. Навошта маю прыбіць цябе да зямлі, і тады не змагу падняць аблічча маё перад Ёавам, братам тваім». 
Але той не хацеў адступіцца ад яго. І Абнэр ударыў яго дзідаю ў жывот; і дзіда прайшла яго наскрозь, і ён упаў там, і памёр. І ўсе, хто праходзіў праз тое месца, дзе ўпаў Асаэль і памёр, спыняліся. 
І перасьледавалі Ёаў і Абішай Абнэра. Сонца ўжо зайшло, і яны прыйшлі да ўзгорышча Амма, якое каля Гіі, пры дарозе ў пустыню Гібэонскую. 
І сабраліся сыны Бэн’яміна вакол Абнэра, і сталі як адна дружына, і затрымаліся на вяршыні ўзгорка. 
І закрычаў Абнэр да Ёава, і сказаў: «Ці аж безупынна бу­дзе нішчыць меч твой? Ці ты ня ведаеш, што вынікі бу­дуць горкімі? І калі ты скажаш народу, каб ён вярнуўся з пагоні за братамі сваімі?» 
І сказаў Ёаў: «Як жывы Бог, калі б ты не казаў іначай, яшчэ б зранку спыніўся народ перасьледаваць братоў сваіх». 
І Ёаў затрубіў у рог, і спыніўся ўвесь народ, і не перасьледавалі болей Ізраіля, і больш ужо не ваявалі. 
А Абнэр і людзі ягоныя ішлі ўсю ноч праз Арабу, і перайшлі Ярдан, і прайшоўшы ўвесь Бітрон, прыйшлі ў Маханаім. 
І вярнуўся Ёаў з пагоні за Абнэрам, і сабраў увесь народ, і сярод слугаў Давіда не хапала дзевятнаццаці чалавек і Асаэля. 
А слугі Давіда забілі трыста шэсьцьдзясят Бэн’ямінцаў і людзей, што былі з Абнэрам. 
І ўзялі яны Асаэля, і пахавалі яго ў магіле бацькі ягонага, што ў Бэтлееме. І Ёаў і людзі ягоныя ішлі ўсю ноч і на самым сьвітаньні дайшлі да Хеўрону. 
