﻿1 САМУЭЛЯ.
19.
І намаўляў Саўл Ёнатана, сына свайго, і ўсіх слугаў сваіх, каб забілі Давіда, але Ёнатан, сын Саўла, вельмі любіў Давіда. 
І паведаміў Ёнатан Давіду, кажучы: «Саўл, бацька мой, хоча забіць цябе. Таму цяпер сьцеражыся раніцаю, і схавайся, і не паказвайся. 
А я пайду і стану каля бацькі ў полі, дзе ты будзеш, і буду гаварыць пра цябе бацьку майму, і што ўбачу, раскажу табе». 
І гаварыў Ёнатан добрае бацьку свайму Саўлу пра Давіда, і сказаў яму: «Няхай не грашыць валадар адносна Давіда, слугі свайго, бо нічым ён не саграшыў перад табою, і ўчынкі ягоныя для цябе заўсёды добрыя. 
Ён палажыў на далоні свае душу сваю, і забіў Філістынца, і праз яго ГОСПАД даў вялікую перамогу Ізраілю. Ты бачыў гэта і радаваўся. Дык чаму ты грашыш супраць крыві нявіннай, хочучы забіць Давіда без прычыны?» 
І выслухаў Саўл голас Ёнатана, і пакляўся Саўл: «Як жывы ГОСПАД, ня будзе ён забіты». 
І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму ўсе гэтыя словы. І прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і ён быў перад абдіччам ягоным як учора і пазаўчора. 
І зноў пачалася вайна. І пайшоў Давід, і ваяваў суп­раць Філістынцаў, і зрабіў ім вялікую паразу, і яны ўцяклі перад ім. 
І зыйшоў на Саўла ліхі дух, спасланы ГОСПАДАМ, і сядзеў ён у доме сваім, і дзіда была ў руцэ ягонай, а Давід граў рукою сваёй на гусьлях. 
І спрабаваў Саўл прыбіць Давіда да сьцяны, але Давід ухіліўся перад Саўлам, і дзідаўбілася ў сьцяну, а Давід уцёк і ўратаваўся ў тую ноч. 
І паслаў Саўл слугаў сваіх у дом да Давіда, каб пільнавалі яго і забілі раніцаю. І паведаміла пра гэта Давіду Міхаль, жонка ягоная, кажучы: «Калі не ўратуеш душу сваю ў гэтую ноч, заўтра будзеш мёртвы». 
І спусьціла Міхаль Давіда праз вакно, і ён пайшоў, і ўцёк, і быў уратаваны. 
А Міхаль узяла балвана, і палажыла яго на ложак, а пад галаву ягоную падклала падушку з казінай поўсьці і накрыла плашчом. 
І паслаў Саўл пасланцоў, каб узялі Давіда, але яна сказала, што ён хворы. 
І паслаў Саўл пасланцоў, каб адведалі Давіда, і сказаў: «Прынясіце да мяне яго ў ложку, каб я забіў яго». 
І прыйшлі слугі, і вось, балван на ложку, і падушка з поўсьці казінай на месцы галавы. 
І сказаў Саўл Міхаль: «Навошта ты так падманула мяне і выпусьціла ворага майго, каб ён мог уцячы?» Міхаль адказала Саўлу: «Бо ён сказаў мне: “Пусьці мяне, бо іначай заб’ю цябе”». 
І Давід уцёк, і ўратаваўся, і пайшоў да Самуэля ў Раму, і паведаміў яму ўсё, што зрабіў яму Саўл. І пайшлі адтуль ён і Самуэль, і затрымаліся ў Наёце. 
І паведамілі Саўлу, кажучы: «Вось, Давід у Наёце каля Рамы». 
І паслаў Саўл пасланцоў, каб схапілі Давіда. І яны ўбачылі грамаду прарокаў, якія прарочылі, і Самуэля на чале іх, і зыйшоў на пасланцоў Саўла Дух Божы, і яны таксама пачалі прарочыць. 
І паведамілі Саўлу, і ён паслаў іншых пасланцоў, але яны таксама прарочылі. І зноў паслаў Саўл пасланцоў трэці раз, але яны таксама прарочылі. 
І ён сам пайшоў у Раму, і дайшоў да вялікай студні, якая ў Сэку. І пытаўся ён, і сказаў: «Дзе Самуэль і Давід?» І сказалі яму: «Яны ў Наёце каля Рамы». 
І пайшоў ён у Наёт каля Рамы, і Дух Божы зыйшоў на яго таксама, і ён ішоў, і ўсцяж прарочыў, аж прыйшоў у Наёт каля Рамы. 
І зьняў ён з сябе адзеньне сваё, і разам з іншымі прарочыў перад Самуэлем, і ляжаў голы ўвесь дзень і ноч. Таму і гавораць: «Ці ж і Саўл між прарокаў?» 
