﻿1 САМУЭЛЯ.
14.
Аднаго дня Ёнатан, сын Саўла, сказаў юнаку, які насіў зброю ягоную: «Хадзем, падыйдзем да варты Філістынцаў, якая насупраць». А бацьку свайму не сказаў пра гэта. 
А Саўл сядзеў каля мяжы Гівы пад дрэвам гранатовым у Мігроне. Пры ім быў народ у ліку шэсьцьсот чалавек. 
І Ахія, сын Ахітува, брата Іхавода, сына Пінхаса, сына Гэлія, сьвятара ГОСПАДА ў Шыло, насіў тады эфод. А народ ня ведаў, што Ёнатан пайшоў. 
Паміж узвышшамі, якія хацеў прайсьці Ёнатан, каб дабрацца да варты Філістынцаў, на адным і другім баку былі скалы, з якіх адна называлася Бацэц, а другая Сэннэ. 
Адна скала ўзьнімалася на поўначы насупраць Міхмашу, а другая — на поўдні насупраць Гівы. 
І сказаў Ёнатан юнаку, збраяносцу свайму: «Хадзем, падыйдзем да варты гэтых неабрэзаных. Можа, ГОСПАД дапаможа нам, бо ГОСПАДУ ня цяжка ратаваць праз многіх ці праз некалькіх». 
Збраяносец сказаў яму: «Рабі ўсё, што ў сэрцы тваім. Ідзі, куды хочаш, вось, я з табою паводле намеру сэрца твайго». 
Кажа яму Ёнатан: «Вось, мы падыйдзем да гэтых людзей і пакажамся ім. 
Калі яны скажуць нам: “Стойце, пакуль мы падыйдзем да вас”, мы будзем стаяць на месцы сваім і ня будзем падыходзіць да іх. 
А калі яны скажуць: “Хадзіце да нас”, мы пойдзем, бо выдаў іх ГОСПАД у рукі нашыя. Гэта будзе нам знакам». 
І паказаліся яны абодва варце Філістынцаў. І сказалі Філістынцы: «Вось, Гебраі выходзяць з пячораў, у якіх яны схаваліся». 
І людзі з варты зьвярнуліся да Ёнатана і слугі ягонага, кажучы: «Хадзіце да нас, скажам вам нешта». І сказаў Ёнатан слузе свайму: «Ідзі за мною, бо ГОСПАД аддаў іх у рукі Ізраіля». 
І так узлазіў Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, а збраяносец ягоны за ім. І падалі ворагі перад Ёнатанам, а збраяносец ягоны дабіваў іх, ідучы за ім. 
І была гэта першая параза, калі Ёнатан і збраяносец ягоны забілі каля дваццаці чалавек на палове палетка, які пара валоў за дзень заарэ. 
І ахапіў страх табар у полі і ўвесь народ; варта і аддзелы, што ішлі, каб пустошыць, аслупянелі. І задрыжэла зямля, і ахапіў іх страх вялікі. 
І вартаўнікі Саўла, якія былі ў Гіве Бэн’яміна, убачылі, што мноства людзей кідаліся туды і сюды, уцякаючы. 
І Саўл загадаў людзям, што з ім былі: «Праверце і паглядзіце, каго ў нас не хапае?» І праверылі, і вось, няма Ёнатана і збраяносца ягонага. 
І сказаў Саўл Ахію: «Прынясі Каўчэг Божы». Бо быў Каўчэг Божы ў той дзень у сыноў Ізраіля. 
І калі Саўл размаўляў са сьвятаром, у табары Філістынцаў замяшаньне яшчэ больш узрастала і пашыралася. І сказаў Саўл сьвятару: «Апусьці руку тваю». 
І склікаў Саўл усіх лю­дзей, якія з ім, і яны пайшлі на месца бою. І вось, там меч кожнага быў зьвернуты супраць бліжняга свайго, і замяшаньне было вялікае. 
І Гебраі, якія былі з Філістынцамі ўчора і пазаўчора і якія прыйшлі з імі ў табар з ваколіцаў, папераходзілі да Ізраільцянаў, якія былі з Саўлам і Ёнатанам. 
І ўсе іншыя Ізраільцяне, якія хаваліся на гары Эфраіма, чуючы, што Філістынцы ўцякаюць, далучыліся да сваіх у баі. 
І збавіў ГОСПАД у той дзень Ізраіля. А бой ішоў аж да Бэт-Авэну. 
І былі Ізраільцяне змучаныя ў той дзень, а Саўл запрысяг народ, кажучы: «Няхай будзе пракляты чалавек, які будзе есьці хлеб перад вечарам, пакуль я не адпомшчу ворагам сваім!» І ўвесь народ не пакаштаваў хлеба. 
І ўвесь народ увайшоў у лес, а там быў мёд на паляне. 
І ўвайшоў народ у лес, і вось, сьцякае мёд, але ніхто ня выцягнуў рукі сваёй да вуснаў сваіх, бо баяўся народ прысягі. 
А Ёнатан ня чуў, як бацька ягоны зьвязаў народ прысягай. І выцягнуў ён канец кія, які быў у руцэ ягонай, і ткнуў ім у плястар мёду, і паднёс да вуснаў рукою сваёю, і вочы ягоныя заясьнелі. 
І адказаў з народу, і сказаў: «Бацька твой запрысяг народ, кажучы: “Пракляты чалавек, які сёньня будзе есьці хлеб”. А народ вельмі змучаны». 
І сказаў Ёнатан: «Замучыў бацька мой зямлю! Бачыце, як заясьнелі вочы мае, калі я крыху пакаштаваў мёду гэтага. 
Калі б народ падсілкаваўся сёньня са здабычы ворагаў сваіх, якую здабыў, большай была б параза Філістынцаў». 
У той дзень білі яны Філістынцаў ад Міхмашу аж да Аялону, хоць народ быў вельмі змучаны. 
І кінуўся народ на здабычу, і набраў авечак, валоў і цялят, і рэзалі іх на зямлі, і елі разам з крывёю. 
І паведамілі Саўлу, кажучы: «Народ грашыць перад ГОСПАДАМ, ядучы мяса з крывёю» Ён сказаў: «Вы дапусьціліся ліхоты. Прыкаціце да мяне вялікі камень». 
І сказаў Саўл: «Разый­дзіцеся між людзей і скажыце ім: “Няхай прывядзе да мяне кожны вала свайго або барана і заб’е яго на гэтым камяні, і будзе есьці, і ня будзе грашыць перад ГОСПАДАМ, ядучы разам з крывёю”». І ўвесь народ прыводзіў, што меў у руцэ сваёй у тую ноч, і забівалі там. 
І пабудаваў Саўл ахвярнік ГОСПАДУ. Гэта быў першы ахвярнік, які ён пабудаваў ГОСПАДУ. 
І сказаў Саўл: «Нападзем на Філістынцаў уначы, і зьні­шчым іх да сьвятла раніцы, і не пакінем з іх аніводнага». І народ сказаў: «Усё, што добрае ў вачах тваіх, рабі». А сьвятар сказаў: «Наблізімся тут да Бога». 
І пытаўся Саўл у Бога: «Ці ісьці ў пагоню за Філістынцамі? Ці Ты аддасі іх у рукі Ізраіля?» І не адказаў яму Бог у той дзень. 
І сказаў Саўл: «Зьбярыцеся сюды, усе начальнікі народу, і даведайцеся, і пабачце, хто ўчыніў грэх у гэты дзень. 
Бо, як жывы ГОСПАД, Збаўца Ізраіля, хоць бы праз Ёнатана, сына майго, сталася гэта, няхай сьмерцю памрэ». І ніхто з усяго народу не запярэчыў яму. 
І сказаў ён усяму Ізраілю: «Вы станьце з аднаго боку, а я і Ёнатан, сын мой, станем з другога». І сказаў народ Саўлу: «Што добрае ў вачах тваіх, рабі». 
І сказаў Саўл ГОСПАДУ: «Божа Ізраіля, пакажы беззаганнага». І выяўлены былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў бязьвінным. 
І сказаў Саўл: «Кідайце жэрабя паміж мною і сынам маім Ёнатанам». І жэрабя выпала на Ёнатана. 
І сказаў Саўл Ёнатану: «Скажы мне, што ты зрабіў?» І Ёнатан адказаў, і сказаў: «Я пакаштаваў канцом кія, які ў руцэ маёй, крыху мёду, і вось, мушу памерці». 
І сказаў Саўл: «Няхай гэта зробіць мне Бог, і тое дадасьць, ты павінен памерці, Ёнатане». 
І сказаў народ Саўлу: «Ці ж мусіць памерці Ёнатан, які даў такую вялікую перамогу Ізраілю? Няхай гэта будзе далёка ад нас! Як жывы ГОСПАД, не спадзе на зямлю і волас з галавы ягонай, бо ён сёньня дзейнічаў з Богам». І народ абараніў Ёнатана, і ён не памёр. 
І вярнуўся Саўл з пагоні за Філістынцамі, і яны пайшлі ў сядзібы свае. 
А Саўл, умацаваў валадараньне сваё над Ізраілем і ваяваў наўкола з усімі ворагамі сваімі: з Маавам, з сынамі Амона, з Эдомам, з валадаром Цобы і Філістынцамі. І куды толькі ён паварочваўся, усюды перамагаў. 
І ён дзейнічаў мужна, і пабіў Амалека, і выратаваў Ізраіля з рук тых, якія рабавалі яго. 
Саўл меў сыноў: Ёнатана, Ішві і Малькішуа. А імёны дзьвюх дочак ягоных: імя старэйшай — Мэраб, а імя малодшай — Міхаль. 
А імя жонкі Саўла — Ахіноам, дачка Ахімааца. А імя начальніка войска ягонага — Абнэр, сын Нэра, дзядзькі Саўла. 
А Кіш, бацька Саўла, і Нэр, бацька Абнэра, былі сынамі Абіэля. 
І ў-ва ўсе дні Саўла ішла зацятая вайна з Філістынцамі. І калі бачыў Саўл нейкага магутнага чалавека, здольнага да бою, забіраў яго да сябе. 
