﻿1 САМУЭЛЯ.
5.
А Філістынцы ўзялі Каўчэг Божы і занесьлі яго з Эбэн-Гаэзэру ў Ашдод. 
І ўзялі Філістынцы Каўчэг Божы, і занесьлі яго ў сьвятыню Дагона, і паставілі яго каля Дагона. 
Калі на другі дзень Ашдодцы ўсталі рана, вось, Дагон ляжаў абліччам на зямлі перад Каўчэгам Божым. І паднялі яны Дагона, і паставілі на месца ягонае. 
На другі дзень, рана ўстаўшы, знайшлі, што Дагон зноў ляжыць абліччам сваім на зямлі перад Каўчэгам ГОСПАДА, а галава Дагона і дзьве далоні рук ягоных адсечаныя ляжаць на парозе, і толькі тулава Дагона засталося пры ім. 
Таму сьвятары Дагона і ўсе, хто ўваходзіць у дом Дагона, не ступаюць на парог Дагона ў Ашдодзе па сёньняшні дзень. 
І рука ГОСПАДА зацяжэла над жыхарамі Ашдоду, і напалохала іх, і пакараў Ён балячкамі як Ашдод, так і ваколіцы ягоныя. 
І людзі Ашдоду ўбачылі гэта, і сказалі: «Няхай не за­стаецца Каўчэг Божы ў нас, бо зацяжэла рука Ягоная на нас і на Дагоне, богу нашым». 
І паслалі, і сабралі яны ўсіх валадароў Філістынскіх, і сказалі: «Што маем зрабіць з Каўчэгам Бога Ізраіля?” Яны сказалі: “Трэба Каўчэг Божы перанесьці ў Гат». І перанесьлі туды Каўчэг Бога Ізраіля. 
І калі перанесьлі яго, зацяжэла рука ГОСПАДА над горадам, і страх вельмі вялікі, і ўдарыў Бог жыхароў гораду ад малога да вялікага, і зьявіліся на іх болькі. 
І адаслалі яны Каўчэг Божы ў Экрон. Калі прыйшоў Каўчэг Божы ў Экрон, паднялі крык Экронцы, кажучы: «Вы прынесьлі да нас Каўчэг Бога Ізраіля, каб выгубіць нас і народ наш!» 
І паслалі, і сабралі яны ўсіх валадароў Філістынскіх, і сказалі: «Адашліце Каўчэг Бога Ізраіля, няхай вяртаецца ён на месца сваё і няхай не забівае нас і народ наш». Бо апанаваў страх сьмерці ўвесь горад і вельмі цяжкая стала рука Божая. 
Людзі, якія не паўміралі, былі пакрытыя болькамі, і лямант у горадзе падымаўся ў неба. 
