﻿РУТ.
4.
І ўзьняўся Боаз да брамы, і сеў там, і вось, сваяк-абаронца, пра якога казаў Боаз, ідзе. І кажа Боаз: «Чалавеча, падыйдзі і сядзь тут». І той падыйшоў, і сеў. 
І ўзяў Боаз дзесяць чалавек са старшыняў гораду, і сказаў: «Сядайце тут». І яны селі. 
І сказаў Боаз да таго сваяка-абаронцы: «Частку поля, якая належыць брату нашаму Элімэлеху, прадае Наомі, што вярнулася з палёў Мааву. 
І я сказаў, што належыцца данесьці да вушэй тваіх гэтыя словы: “Набудзь поле перад тымі, хто сядзіць тут, і перад старшынямі народу нашага”. Калі адкупіш, адкупляй. А калі не адкупіш, скажы мне, каб я ведаў, бо ніхто ня можа адкупіць перад табою, а я — за табою». І той сказаў: «Я адкуплю». 
І сказаў Боаз: «У дзень, калі набудзеш поле з рук Наомі, а таксама Рут Мааўлянкі, жонкі памерлага, набудзеш абавязак аднавіць імя памерлага ў спадчыне ягонай». 
І сказаў той сваяк-абаронца: «Не магу адкупіць для сябе, бо я зруйную спадчыну сваю. Ты адкупі для сябе маё права адкупленьня, бо я не магу адкупіць». 
А было даўней у Ізраілі адносна адкупленьня і адносна зьмены ў зацьвярджэньні кожнай справы, што чалавек здымаў сандал свой і даваў яго бліжняму свайму. І гэта было сьведчаньнем у Ізраілі. 
І сказаў той сваяк-абаронца Боазу: «Набудзь гэта сабе». І зьняў сандал свой. 
І сказаў Боаз старшыням і ўсяму народу: «Вы — сьведкі ў гэты дзень, што я набыў з рукі Наомі ўсё, што належала Элімэлеху, і ўсё, што належала Кільёну і Махлону. 
І таксама Рут Мааўлянку, жонку Махлона, я набыў сабе за жонку, каб аднавіць імя памерлага ў спадчыне ягонай, каб не загінула імя памерлага між братоў ягоных і ў брамах месца ягонага. Вы — сьведкі ў гэты дзень». 
І ўвесь народ, які быў у брамах, і старшыні сказалі: «Мы — сьведкі. Няхай зробіць ГОСПАД, што жанчына, якая ўваходзіць у дом твой, будзе як Рахель і як Лея, якія збудавалі дом Ізраіля. Здабудзь багацьце ў Эфраце, і няхай славіцца імя тваё ў Бэтлееме. 
Няхай дом твой будзе як дом Пэрэса, якога Тамар нарадзіла Юдзе, праз насеньне, якое ГОСПАД дасьць табе праз гэтую дзяўчыну». 
І ўзяў Боаз Рут, і яна сталася жонкай ягонай. І ён увайшоў да яе, і ГОСПАД даў ёй зачаць, і яна нарадзіла сына. 
І сказалі жанчыны Наомі: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які не пакінуў цябе без сваяка-абаронцы ў гэты дзень, і няхай гучыць імя ягонае ў Ізраілі. 
І будзе ён пацяшэньнем для душы і забесьпячэньнем старасьці тваёй. Бо нявестка твая, якая любіць цябе, нарадзіла яго, тая, што лепшая для цябе за сем сыноў». 
І ўзяла Наомі дзіцятка, і палажыла на ўлоньне сваё, і была для яго нянькаю. 
І назвалі суседкі імя ягонае, кажучы: «Нарадзіўся сын у Наомі». І назвалі імя ягонае Абэд. Ён — бацька Есэя, бацькі Давіда. 
І вось радавод Пэрэса: Пэрэс нарадзіў Хецрона. 
А Хецрон нарадзіў Рама, а Рам нарадзіў Амінадава. 
А Амінадаў нарадзіў Нахшона, а Нахшон нарадзіў Сальму. 
А Сальма нарадзіў Боаза, а Боаз нарадзіў Абэда. 
А Абэд нарадзіў Есэя, а Есэй нарадзіў Давіда.
