﻿СУДЗЬДЗЯЎ.
20.
І выйшлі ўсе сыны Ізраіля, і як адзін чалавек сабралася грамада ад Дану аж да Бээр-Шэвы разам з зямлёй Гілеад да ГОСПАДА ў Міцпу. 
І сабраліся правадыры ўсяго народу і ўсе калены Ізраіля на супольны сход народу Божага, а было іх чатырыста тысячаў пешых ваяроў, узброеных мячом. 
І пачулі сыны Бэн’яміна, што сабраліся сыны Ізраіля ў Міцпе. І пыталіся сыны Ізраіля ў лявіта, як гэтае злачынства адбылося. 
І лявіт, муж замучанай жанчыны, адказаў: «Прыйшоў я з наложніцай маёй у Гіву, што належыць да Бэн’яміна, каб пераночць. 
І гаспадары Гівы паўсталі супраць мяне, і ўначы атачылі дом, хочучы мяне забіць, а наложніцу маю гвалтавалі, і яна памерла. 
І я ўзяў наложніцу маю, і пасек яе на часткі, і паслаў у-ва ўсе межы спадчыны Ізраіля, бо яны ўчынілі ганебнае і агіднае ў Ізраілі. 
І цяпер вы ўсе, сыны Ізраіля, дайце слова і раду ў гэтай справе?» 
І паўстаў увесь народ як адзін чалавек, кажучы: «Ні­хто з нас ня пойдзе ў намёт свой, і ніхто ня пойдзе ў дом свой! 
Але супольна выступім супраць Гівы паводле жэрабя. 
І з кожнага калена Ізраіля выбярэм дзесяць чалавек са ста, і сто — з тысячы, і тысячу — з дзесяці тысячаў. Яны будуць рупіцца пра харчы для войска, якое выправіцца зрабіць з Гівай Бэн’ямінавай адпаведна ганьбы, якую яны ўчынілі ў Ізраілі». 
І зыйшоўся ўвесь Ізраіль супраць гораду таго, усе разам, як адзін чалавек. 
І паслалі калены Ізраіля людзей да ўсяго калена Бэн’яміна, кажучы: «Што за ліхота адбываецца сярод вас! 
Выдайце цяпер тых людзей, сыноў Бэліяла, з Гівы, і мы заб'ем іх і вынішчым зло з Ізраіля». Але сыны Бэн’яміна не хацелі слухаць голас братоў сваіх, сыноў Ізраіля. 
І сабраліся сыны Бэн’яміна з усіх гарадоў у Гіву, каб вая­ваць супраць сыноў Ізраіля. 
У той дзень налічана было сыноў Бэн’яміна, што прыйшлі з іншых гарадоў і ўзброеных мячом, дваццаць шэсьць тысячаў, апрача жыхароў Гівы, з якіх было налічана семсот выбранцоў. 
У-ва ўсім гэтым войску было семсот выбранцоў, якія не карысталіся правай рукой і якія кідалі з пушчалкі камянём так, што воласа не міналі. 
А ваяроў Ізраіля без сыноў Бэн’яміна, налічвалася чатырыста тысячаў узброеных мячом і здольных да бою. 
І паўсталі яны, і пайшлі ў Бэтэль, і пыталіся ў Бога. І казалі сыны Ізраіля: «Хто першым з нас пойдзе ў бой супраць сыноў Бэн’яміна?» І ГОСПАД ім сказаў: «Юда пойдзе першы». 
На сьвітаньні вырушылі сыны Ізраіля і разлажыліся табарам насупраць Гівы. 
І сталі ў шыхт сыны Ізраіля супраць Бэн’яміна, і пачалі ваяваць сыны Ізраіля суп­раць Гівы. 
Але ў той дзень сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы і забілі спасярод сыноў Ізраіля дваццаць дзьве тысячы чалавек. 
І сыны Ізраіля набраліся мужнасьці, і ў тым самым месцы, дзе раней ваявалі, падрыхтаваліся да бою. 
І пайшлі сыны Ізраіля ў Бэтэль, і плакалі перад ГОСПАДАМ аж да вечара, і пыталіся ў ГОСПАДА, кажучы: «Ці маем мы далей ваяваць з сынамі Бэн’яміна, братамі нашымі?» І ГОСПАД сказаў: «Ваюйце супраць іх». 
І на другі дзень сыны Ізраіля пайшлі на сыноў Бэн’яміна. 
І сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы, і ў другі дзень забілі васямнаццаць тысячаў спасярод сыноў Ізраіля, узброеных мячом. 
І ўсе сыны Ізраіля, і ўвесь народ пайшлі ў Бэтэль, і прыйшлі, і плакалі, і сядзелі перад абліччам ГОСПАДА, і посьцілі ў той дзень аж да вечара, і складалі ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя перад абліччам ГОСПАДА. 
І пыталіся сыны Ізраіля ў ГОСПАДА. А ў тыя дні быў там Каўчэг Запавету Божага. 
І стаў тады Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона, кажучы: «Ці павінны мы яшчэ ісьці ваяваць супраць сыноў Бэн’яміна, братоў нашых, ці не?» І ГОСПАД сказаў: «Ідзіце вая­ваць, бо Я заўтра аддам іх у рукі вашыя». 
І сыны Ізраіля паставілі кругом Гівы засады. 
На трэці дзень пайшлі сыны Ізраіля супраць сыноў Бэн’яміна і, падобна як першы раз, сталі ў шыхт насупраць Гівы. 
І сыны Бэн’яміна выступілі супраць народу, і адыйшліся ад гораду, і пачалі як раней забіваць ваяроў на дарогах, з якіх адна ідзе ў Бэтэль, а другая — у Гіву, і на палях, і загінула каля трыццаці ваяроў. 
І казалі сыны Бэн’яміна: «Як і ў першы раз, будуць яны пераможаныя», а сыны Ізраіля казалі: «Уцякайма, каб адвесьці іх ад гораду на тыя дарогі». 
І ўсе ваяры Ізраіля, устаўшы з месца свайго, сталі ў шыхт у Баал-Тамар. І засады выйшлі са сховаў на раўніне Гівы. 
І выйшлі супраць Гівы дзесяць тысячаў выбранцоў з усяго Ізраіля, і пачалася цяжкая бітва. А сыны Бэн’яміна не разумелі, што чакае іх параза. 
І пабіў ГОСПАД Бэн’яміна перад абліччам Ізраіля, і выбілі ў той дзень сыны Ізраіля ў Бэн’яміна дваццаць пяць тысячаў сто чалавек, узброеных мячом. 
І сыны Бэн’яміна ўбачылі, што яны пераможаныя. А сыны Ізраіля далі ім прастору ўця­каць, бо давяралі засадзе, якая хавалася каля Гівы. 
У той час выступілі тыя, што хаваліся ў засадзе, і напалі на Гіву, і ўварваліся ў горад, і пазабівалі вострывам мяча ўсіх у горадзе. 
А сыны Ізраіля былі дамовіўшыся з тымі, якія былі ў засадзе, што мелі з гораду выпусьціць дым як знак. 
І сыны Ізраіля пачалі ўцякаць у часе бою, а сыны Бэн’яміна забілі з сыноў Ізраіля каля трыццаці чалавек, і казалі: «Перамагаючы, пераможам іх, як у папярэднім баі». 
А з гораду стаў падымацца слуп дыму. І сыны Бэн’яміна павярнуліся, і вось, полымя з гораду падымаецца ў неба. 
І сыны Ізраіля павярнуліся, а ваяры Бэн’яміна стрывожыліся, бо бачылі, што прыйшла да іх бяда. 
І пачалі яны ўцякаць перад сынамі Ізраіля дарогай у бок пустыні, але войска дагнала іх. І тыя, што выйшлі з гораду, забівалі іх пасярод сябе. 
І атачылі яны з усіх бакоў Бэн’яміна, і гналі іх без адпачынку, і забівалі іх ад Гівы на захад. 
І палегла ў Бэн’яміна васямнаццаць тысячаў чалавек, усе ваяры мужныя. 
З тых, якія ўцякалі ў бок пустыні да скалы Рымон, забілі на дарогах пяць тысячаў чалавек, і гналі іх да Гідому, дзе забілі каля дзьвюх тысячаў. 
І ўсіх Бэн’ямінцаў палегла ў той дзень дваццаць пяць тысячаў мужчынаў, узброеных мячом, усе ваяры мужныя. 
А тыя шэсьцьсот чалавек, што засталіся, уцяклі да скалы Рымон, і заставаліся на скале Рымон чатыры месяцы. 
А сыны Ізраіля вярнуліся да сыноў Бэн’яміна, і выбілі вострывам мяча, ад мужчынаў аж да быдла і да ўсяго, што знайшлі. Таксама ўсе гарады і мясцовасьці іхнія спалілі агнём. 
