﻿СУДЗЬДЗЯЎ.
12.
І вось, сабраліся мужчыны Эфраіма, і прыйшлі ў Цафан, і сказалі Ефтаху: «Чаму пайшоў ты ваяваць з сынамі Амона і не паклікаў нас, каб мы ішлі з табой? За гэта мы спалім дом твой разам з табою». 
І сказаў ім Ефтах: «Я і народ мой мелі вялікае змаганьне з сынамі Амона. І я клікаў вас на дапамогу, але вы ня збавілі мяне ад рукі іхняй. 
І ўбачыў я, што няма збаўцы, і палажыў душу маю на далоні мае, і пайшоў на сыноў Амона, і выдаў іх ГОСПАД у рукі мае. Чаму сёньня вы падымаецеся ваяваць супраць мяне?» 
І Ефтах сабраў да сябе ўсіх мужчынаў Гілеаду, і ваяваў суп­раць Эфраіма. І пабілі ваяры Гілеадзкія Эфраіма, бо той казаў: «Вы — уцекачы з Эфраіма. Гілеад жыве пасярод Эфраіма і Манасы». 
І занялі Гілеадцы броды на Ярдане, якімі Эфраімцы маглі вярнуцца. І калі казалі ўцекачы Эфраімцы: «Дазвольце мне прайсьці», Гілеадцы казалі яму: «Ці ты Эфраімец?» Калі той казаў: «Не», 
казалі яму: «Скажы: “Шыболет”». І той казваў: «Сіболет», бо ня мог правільна вымавіць. І бралі яго, і забівалі каля броду на Ярдане. Гэтак загінула ў той час у Эфраіма сорак дзьве тысячы. 
І Ефтах судзіў Ізраіля шэсьць гадоў, і памёр, і быў пахаваны ў горадзе сваім у Гілеадзе. 
Пасьля яго судзіў Ізраіля Ібцан з Бэтлеему. 
Ён меў трыццаць сыноў і трыццаць дочак, і пааддаваў іх замуж за межы свае, а адтуль прывёў трыццаць жонак для сыноў сваіх. Ён судзіў Ізраіля сем гадоў. 
І памёр Ібцан, і быў пахаваны ў Бэтлееме. 
Пасьля яго судзіў Ізраіля Элон Завулёнец, і судзіў ён Ізраіля дзесяць гадоў. 
І памёр Элон, і быў пахаваны ў Аялоне ў зямлі Завулёна. 
Пасьля яго судзіў Ізраіля Абдон, сын Гілеля з Піратону. 
Ён меў сорак сыноў і трыццаць унукаў, якія езьдзілі на сямідзесяці маладых аслах. Судзіў ён Ізраіля восем гадоў. 
І памёр Абдон, сын Гілеля з Піратону, і пахаваны быў у Піратоне, у зямлі Эфраіма на гары Амалека. 
