﻿СУДЗЬДЗЯЎ.
5.
У той дзень засьпявалі Дэбора і Барак, сын Абінаама, кажучы: 
«Адпомшчаны Ізраіль, бо народ выступіў дабраахвотна! Дабраславіце ГОСПАДА! 
Слухайце, валадары, прыхіліце вушы, начальнікі. Я ГОСПАДУ буду сьпяваць, буду граць хвалу ГОСПАДУ, Богу Ізраіля! 
ГОСПАДЗЕ, калі Ты выходзіў з Сэіру, калі Ты выходзіў з ваколіцаў Эдому, тады трэслася зямля, і неба плакала, і хмары лілі кроплі вады. 
Горы таялі перад абліччам ГОСПАДА з Сынаю, перад абліччам ГОСПАДА, Бога Ізраіля. 
У дні Шамгара, сына Аната, у дні Яэлі апусьцелі дарогі; а тыя, што хадзілі па іх, абыходзілі іх сьцежкамі бочнымі. 
Зьніклі мужныя ў Ізраілі, іх ня стала, пакуль не паўстала я, Дэбора, і паднялася як маці ў Ізраілі. 
Выбралі яны сабе багоў новых, і тады прыйшла вайна ў брамы, але не відаць ані шчыта, ані дзіды ў сарака тысячаў Ізраіля. 
Сэрца маё зьвяртаецца да князёў Ізраіля, якія дабраахвотна ахвяраваліся за народ, дабраславіце ГОСПАДА! 
Вы, што едзеце на асьліцах белых, і вы, што сядзіце на кілімах і вы, што ідзіцё дарогамі, сьпявайце! 
Галасы тых, якія дзеляць здабычу пры вадапоях, няхай расказваюць пра праведнасьць ГОСПАДА, пра праведнасьць магуцьця Яго ў Ізраілі; тады зьбярэцца народ ГОСПАДА каля брамаў. 
Устань, устань, Дэбора! Устань, устань і засьпявай сьпеў! Устань, Барак, вазьмі палонных тваіх, сын Абінаама! 
Тады запануе рэшта правадыроў народу; ГОСПАД зыйдзе сярод волатаў. 
Ад Эфраіма прыйшлі князі ў даліну, за ім Бэн’ямін з народам сваім. Ад Махіра князі прыйшлі, і ад Завулёна прыйшлі тыя, што трымаюць скіпетр. 
Князі Ісахара былі з Дэбораю; і Ісахар разам з Баракам пасланы быў у даліну. А ў ваколіцах Рубэна вялікая нарада. 
Чаму ты сядзіш паміж аборамі, каб слухаць мэканьне статку? У ваколіцах Рубэна вялікая нарада. 
Гілеад адпачывае за Ярданам, а Дан як вандроўнік узыйшоў на караблі. Асэр жыве на беразе мора і пры затоках сваіх застаўся. 
Завулён ахвяраваў душу сваю на сьмерць, а Нэфталі — у гарыстых мясцовасьцях. 
Прыйшлі валадары і ваявалі, ваявалі валадары Ханаану ў Таанаху каля водаў Мэгіддо, але здабычы срэбра не атрымалі! 
З неба змагаліся зоркі, з шляхоў сваіх супраць Сісэры ваявалі. 
Ручай Кішон панёс іх, ручай старадаўні, ручай Кішон; трымайся моцна, душа мая. 
Тады гучаў тупат капытоў коней, калі імчалі дужыя іхнія. 
“Праклінайце Мэроз, — сказаў анёл ГОСПАДА, — праклінайце праклёнам жыхароў ягоных, бо не прыйшлі яны на дапамогу ГОСПАДУ, на дапамогу ГОСПАДУ з волатамі сваімі”. 
Няхай будзе дабраслаўлёная між жанчынамі Яэль, жонка Хэвэра Кенэяніна, няхай будзе яна дабраслаўлёная між жанчынамі ў намётах! 
Таму, хто прасіў вады, яна дала малака, і ў куфлі князёў прынесла яму малако. 
Левай рукой узяла калок, а правай — кавальскі молат. І ўдарыла Сісэру, і прабіла галаву яму, скроні яго разьбіла. 
Каля ног яе ён зваліўся, упаў і ляжаў, каля ног яе ўпаў, паваліўся. Дзе ўпаў, там і ляжаў забіты. 
Праз акно глядзіць маці Сісэры і галосіць праз ваконныя краты: “Чаму марудзіць калясьніца ягоная вярнуцца? Чаму не сьпяшаецца грукат калясьніцаў ягоных?” 
Разумнейшыя з жанчынаў ейных адказваюць ёй, і сама сабе паўтарае яна словы іхнія: 
“Дык жа зьбіраюць здабычу і разьдзяляюць па паланянцы ці па дзьве кожнаму ваяру, а шаты каляровыя — для Сісэры, шаты каляровыя, гафтаваныя, а на шыю той, якая дзеліць здабычу — каляровыя хусткі”. 
Няхай гэтак, ГОСПАДЗЕ, зьнікнуць усе ворагі Твае! А тыя, што любяць Цябе, няхай ясьнеюць як сонца, якое ўзыходзіць!» І зямля жыла ў супакоі сорак гадоў. 
