﻿СУДЗЬДЗЯЎ.
3.
Гэта народы, якія ГОСПАД пакінуў, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, усіх, якія ня ведалі ўсіх войнаў з Хананейцамі, 
каб навучыліся наступныя пакаленьні сыноў Ізраіля змагацца з ворагамі, бо яны ня ведалі войнаў: 
пяць валадароў Філістынскіх, і ўсе Хананейцы, Сідонцы і Хівеі, што жылі ў гарах Лібану, ад гары Баал-Гермон аж да ўваходу ў Хамат. 
Засталіся яны, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, ці будзе ён слухацца прыказаньняў ГОСПАДА, якія загадаў Ён бацькам іхнім праз Майсея. 
І сыны Ізраіля жылі паміж Хананейцаў, Хетаў, Амарэйцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў. 
І бралі яны за жонак дачок іхніх, і дочкі свае аддавалі сынам іхнім, і служылі багам іхнім. 
І чынілі сыны Ізраіля ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго, служачы Баалу і Астарце. 
І разгневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і аддаў іх у рукі Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і служылі сыны Ізраіля яму восем гадоў. 
І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і ГОСПАД паставіў ім збаўцу з сыноў Ізраіля, і выратаваў іх Атніэль, сын Кеназа, малодшы брат Халева. 
І быў на ім Дух ГОСПАДА, і судзіў ён Ізраіля. І ваяваў ён, і аддаў ГОСПАД у рукі ягоныя Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і перамагла рука ягоная Кушан-Рышатаіма. 
І адпачывала зямля сорак гадоў. І памёр Атніэль, сын Кеназа. 
І сыны Ізраіля ізноў пачалі чыніць ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і Ён умацаваў супраць іх Эглона, валадара Мааву, за ліхоту, якой дапускаліся яны ў вачах ГОСПАДА. 
І далучыў Эглон да сябе сыноў Амона і сыноў Амалека, і пайшоў, і захапіў Ізраіль, і заняў горад Пальмаў. 
І сыны Ізраіля служылі Эглону, валадару Мааву, васемнаццаць гадоў. 
І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і Ён даў ім збаўцу Эгуда, сына Гера, сына Бэн’яміна, які замест правай карыстаўся левай рукой. І сыны Ізраіля паслалі праз яго дары Эглону, валадару Мааву. 
Эгуд зрабіў сабе меч двусечны, даўжынёю ў локаць, і схаваў яго пад адзеньнем сваім на правым баку. 
І склаў ён падарункі Эглону, валадару Мааву. Эглон жа быў вельмі тоўсты. 
Калі Эгуд даў яму дары, адпусьціў людзей, якія іх прынесьлі, 
і, вярнуўшыся з Гільгалу, дзе былі ідалы, сказаў валадару: «Валадару, маю для цябе таемнае слова». Той загадаў маўчаць, і выйшлі ўсе, якія пры ім былі. 
Эгуд падыйшоў да яго; а той сядзеў у летнім пакоі, які займаў сам. Эгуд сказаў: «Слова ад Бога маю сказаць табе». Той падняўся з пасаду. 
Тады Эгуд выцягнуў левую руку, і схапіў меч на правым баку сваім, і пырнуў ім у жывот ягоны, 
і чарано ўвайшло ў нутро і засела ў тлушчы; і Эгуд ня выцягнуў меч з жывата ягонага, і пакінуў яго. 
І выйшаў Эгуд праз ганак, і замкнуў за сабою дзьверы пакоя на рыгель. 
І ён выйшаў, і прыйшлі слугі валадара, і калі ўбачылі замкнутыя дзьверы пакоя, сказалі: «Напэўна, накрыў ногі свае ў летнім пакоі». 
І чакалі доўга, аж стрывожыліся, і ніхто не адчыняў дзьверы летняга пакою, і ўзялі ключы, і адчынілі, і вось, гаспадар іхні, які ляжаў на зямлі мёртвы. 
Пакуль яны чакалі, Эгуд уцёк, і прайшоўшы каля ідалаў, прыйшоў у Цэйрату. 
І прыйшоў, і затрубіў у рог на гары Эфраіма. І сыны Ізраіля зыйшлі з ім з гары, і ён ішоў на чале іх. 
І сказаў ён ім: «Хадземце за мною, бо ГОСПАД выдаў ворагаў вашых, Мааўлянаў, у рукі вашыя». Яны пайшлі за ім, і занялі броды на Ярдане, якімі пераходзяць у Мааў, і не дазволілі нікому перайсьці. 
І ў гэты час выбілі яны каля дзесяці тысячаў Мааўлянаў, а былі яны ўсе дужыя і моцныя. І ніводзін з іх ня ўцёк. 
І ўпакораныя былі ў той дзень Мааўляне рукою Ізраіля, і восемдзясят гадоў зямля жыла спакойна. 
Пасьля яго быў Шамгар, сын Аната. Ён пабіў Філістынцаў шэсьцьсот чалавек кіем для быдла. Ён таксама збавіў Ізраіля. 
