﻿ЕГОШУА.
24.
І сабраў Егошуа ў Сыхеме ўсе калены Ізраіля, і паклікаў старшыняў Ізраіля, і князёў, і судзьдзяў, і начальнікаў, і яны сталі перад абліччам Бога. 
І сказаў Егошуа да ўсяго народу: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “За ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку, Тэрах, бацька Абрагама і бацька Нахора, і служылі іншым багам. 
І ўзяў Я бацьку вашага, Абрагама, з другога боку ракі, і правёў яго праз усю зямлю Ханаан, і памножыў насеньне ягонае, і даў яму Ісаака. 
І даў Я Ісааку Якуба і Эзава, і Эзаву Я даў гару Сэір на ўласнасьць, а Якуб і сыны ягоныя зыйшлі ў Эгіпет. 
І паслаў Я туды Майсея і Аарона, і ўдарыў Эгіпет плягамі, якія Я рабіў у ім, а пасьля Я вывеў вас. 
І Я вывеў бацькоў вашых з Эгіпту, і прыйшлі вы да мора. І гналіся за бацькамі вашымі Эгіпцяне з калясьніцамі і коньнікамі аж да Мора Чырвонага. 
І клікалі вы да ГОСПАДА, і Ён паставіў цемру паміж вамі і Эгіпцянамі, і напусьціў на іх мора, і яно пахавала іх, і бачылі вочы вашыя, што Я зрабіў у Эгіпце. І жылі вы шмат дзён у пустыні. 
І ўвёў Я вас у зямлю Амарэйцаў, якія жылі на тым баку Ярдану, і яны ваявалі супраць вас, і Я выдаў іх у рукі вашыя, і занялі вы зямлю іхнюю, і выбілі іх. 
І паўстаў Балак, сын Цыпора, валадар Мааву, і ваяваў супраць Ізраіля. Ён паслаў і паклікаў Білеама, сына Бэора, каб ён праклінаў вас. 
Але Я не захацеў слухаць Білеама, але, дабраслаўляючы, дабраславіў вас, і вызваліў вас з рук ягоных. 
І пераправіліся вы праз Ярдан, і прыйшлі ў Ерыхон. І ваявалі супраць вас гаспадары Ерыхону, Амарэйцы, Пэрэзэі і Хананейцы, Хеты, Гіргашэі, Хівеі і Евусэі, але Я выдаў іх у рукі вашыя. 
І паслаў Я перад абліччам вашым шаршанёў, і яны выгналі іх перад вамі, двух валадароў Амарэйскіх, не мячом тваім і ня лукам тваім. 
І даў Я вам зямлю, над якой вы не працавалі, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывіцё ў іх, і вінаград, і аліўкавыя дрэвы, якіх вы не садзілі, а вы жывіцеся імі”. 
І цяпер бойцеся ГОСПАДА і служыце Яму ў шчырасьці і праўдзе. Выкіньце багоў, якім служылі бацькі вашыя на другім баку ракі і ў Эгіпце, і служыце ГОСПАДУ! 
А калі нядобра ў вачах вашых служыць ГОСПАДУ, выбірайце сабе сёньня, каму будзеце служыць: ці багам, якім служылі бацькі вашыя на другім баку ракі, ці багам Амарэйцаў, у зямлі якіх вы жывіцё. А я і дом мой будзем служыць ГОСПАДУ». 
І адказаў народ, і сказаў: «Ня будзе так, каб мы пакінулі ГОСПАДА, каб служыць чу­жым багам. 
Бо ГОСПАД, Бог наш, вывеў нас і бацькоў нашых з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі, і Ён учыніў на вачах нашых знакі вялікія, і Ён захоўваў нас на ўсім шляху, якім мы вандравалі, і сярод усіх народаў, праз якія мы праходзілі. 
І выгнаў ГОСПАД перад намі ўсе народы і Амарэйцаў, жыхароў зямлі гэтай, і мы будзем таксама служыць ГОСПАДУ, бо Ён — Бог наш!» 
І сказаў Егошуа народу: «Вы ня здолееце служыць ГОСПАДУ, бо Ён — Бог сьвяты і Бог зайздросны, і Ён не прабачыць вам бунту вашага і грахоў вашых. 
Калі вы пакінеце ГОСПАДА і будзеце служыць багам чужым, Ён прыйдзе да вас, і будзе караць вас, і выгубіць вас так, як раней рабіў дабро вам». 
І сказаў народ Егошуа: «Ня будзе так, але мы будзем служыць ГОСПАДУ». 
І Егошуа сказаў народу: «Вы самі — сьведкі супраць сябе, бо вы самі выбралі сабе ГОСПАДА, каб служыць Яму». Яны сказалі: «Мы — сьведкі». 
І Егошуа сказаў: «Цяпер выкіньце багоў чужых, якія сярод вас, і прыхіліце сэрцы вашыя да ГОСПАДА, Бога Ізраіля». 
І народ сказаў Егошуа: «ГОСПАДУ, Богу нашаму, будзем служыць, голас Ягоны будзем слухаць». 
І заключыў Егошуа ў гэты дзень запавет з народам, і даў яму пастановы і прысуды ў Сыхеме. 
І запісаў Егошуа словы гэтыя ў кнізе Закону Божага. І ўзяў ён камень вялікі, і паставіў яго там пад дубам, які ў сьвятыні ГОСПАДА. 
І сказаў Егошуа ўсяму народу: «Вось, гэты камень бу­дзе супраць вас як сьведка, бо ён чуў усе словы ГОСПАДА, якія ГОСПАД гаварыў да нас, і ён будзе сьведкам супраць вас, каб вы не адракліся Бога вашага». 
І адпусьціў Егошуа народ, і кожны пайшоў у спадчыну сваю. 
Пасьля ўсяго гэтага памёр Егошуа, сын Нуна, слуга ГОСПАДА, маючы сто дзесяць гадоў. 
І пахавалі яго ў межах спадчыны ягонай у Тымнат-Сэраху, што на гары Эфраіма, на поўнач ад гары Гааш. 
І служыў Ізраіль ГОСПАДУ ўсе дні Егошуа і ўсе дні старшыняў, якія перажылі Егошуа і ведалі ўсё, што ГОСПАД зрабіў Ізраілю. 
А косткі Язэпа, якія сыны Ізраіля забралі з сабой з Эгіпту, пахавалі ў Сыхеме, на частцы поля, якое купіў Якуб у сыноў Гамора, бацькі Сыхема, за сто кесітаў, і сталася яно спадчынай сыноў Язэпа. 
І памёр Элеазар, сын Аарона, і пахавалі яго на ўзгорку Пінхаса, сына ягонага, які быў да­дзены яму на гары Эфраіма.
