﻿ЕГОШУА.
22.
І паклікаў Егошуа сыноў Рубэна, Гада і паловы пакаленьня Манасы, 
і сказаў ім: «Вы споўнілі ўсё, што вам загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, і слухалі голас мой у-ва ўсім, што я загадаў вам. 
Вы не пакінулі братоў вашых усе гэтыя дні доўгія аж да сёньняшняга дня, і захавалі выкананьне прыказаньняў ГОСПАДА, Бога вашага. 
І цяпер даў ГОСПАД, Бог ваш, супакой братам вашым, як абяцаў ім. Цяпер вяртайцеся і ідзіце ў намёты вашыя і ў зямлю ўласнасьці вашай, якую даў вам Майсей, слуга ГОСПАДА, за Ярданам. 
Толькі пільна намагайцеся выконваць прыказаньні і закон, які загадаў вам Майсей, слуга ГОСПАДА. Любіце ГОСПАДА, Бога вашага, і хадзіце па ўсіх шляхах Ягоных, захоўвайце прыказаньні Ягоныя, туліцеся да Яго і служыце Яму ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю». 
І дабраславіў іх Егошуа, і адпусьціў іх, і яны вярнуліся ў намёты свае. 
Адной палове калена Манасы Майсей даў уласнасьць у Башане, а другой палове Егошуа даў уласнасьць між братоў іхніх на заходнім беразе Ярдану. І Егошуа адпусьціў іх у намёты іхнія, і дабраславіў іх, 
і сказаў ім, кажучы: «Вы вяртаецеся ў намёты свае з багацьцямі вялікімі, з мноствам жывёлы, срэбрам, золатам, медзьдзю, жалезам і вялікаю колькасьцю адзеньня; падзяліце здабычу з ворагаў вашых паміж братамі вашымі». 
І павярнуліся сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы, і пакінулі сыноў Ізраіля ў Шыло, што ў зямлі Ханаан, каб ісьці ў зямлю Гілеад, у зямлю ўласнасьці сваёй, у якой пасяліліся паводле слова з вуснаў ГОСПАДА праз Майсея. 
І прыйшлі яны ў ваколіцы Ярдану ў зямлі Ханаан, і пабудавалі каля Ярдану ахвярнік, вялікі з выгляду. 
І пачулі сыны Ізраіля, што сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы пабудавалі ахвярнік каля Ярдану ў зямлі Ханаан на беразе сыноў Ізраіля. 
І пачулі сыны Ізраіля, і сабралася ўся грамада Ізраіля ў Шыло, каб выйсьці ваяваць супраць іх. 
І паслалі сыны Ізраіля да сыноў Рубэна, сыноў Гада і паловы калена Манасы ў зямлю Гілеад Пінхаса, сына Элеазара сьвятара, 
а з ім дзесяць князёў, князя з кожнага дому бацькоў, з усіх каленаў Ізраіля, і кожны быў галавою дому бацькоў сваіх у дружынах Ізраіля. 
Яны прыйшлі да сыноў Рубэна, сыноў Гада і паловы калена Манасы ў зямлю Гілеад і прамовілі да іх, кажучы: 
«Гэта кажа ўся грамада ГОСПАДА: “Што гэта за нявер­насьць? Чаму вы няверныя Богу Ізраіля і пакінулі вы ГОСПАДА, пабудаваўшы сабе ахвярнік і ўзбунтаваўшыся сёньня суп­раць ГОСПАДА? 
Ці мала вам беззаконьня з Пэору, ад якіх не ачысьціліся мы яшчэ да сёньняшняга дня і прыйшла пляга на грамаду ГОСПАДА? 
А вы сёньня адступіліся ад ГОСПАДА і паднялі бунт супраць ГОСПАДА, а заўтра ўзгарыцца гнеў Ягоны на ўсю грамаду Ізраіля. 
Калі думаеце, што зямля ўласнасьці вашай нячыстая, перайдзіце ў зямлю ўласнасьці ГОСПАДА, дзе Сяліба ГОСПАДА, і жывіце ў нас. Не бунтуйцеся суп­раць ГОСПАДА, і нас не бунтуйце, пабудаваўшы ахвярнік акрамя ахвярніка ГОСПАДА, Бога нашага. 
Калі Ахан, сын Зэраха, парушыў загад ГОСПАДА адносна заклятага, ці ж гнеў ГОСПАДА не прыйшоў на ўсю грамаду Ізраіля? Ён адзін саграшыў, няхай бы ён адзін і памёр за беззаконьне сваё!”» 
І адказалі сыны Рубэна, сыны Гада і палова калена Манасы, і прамовілі да начальнікаў тысячаў Ізраіля: 
«Бог багоў, ГОСПАД, Бог багоў, ГОСПАД, Ён Сам ведае гэта, і Ізраіль няхай ведае! Калі мы ў буньце і адступніцтве ад ГОСПАДА ўчынілі гэта, не пашкадуе Ён нас у сёньняшнім дні. 
І калі зрабілі мы ахвярнік, каб адступіць ад ГОСПАДА і складаць на ім цэласпаленьні і ахвяры хлебныя, і ахвяры мірныя, няхай Сам ГОСПАД разьбярэцца. 
Ці ж не зрабілі мы гэта з руплівасьці і з думкаю, што скажуць заўтра сыны вашыя сынам нашым: “Што супольнага ў вас і ГОСПАДА, Бога Ізраіля? 
ГОСПАД паставіў на Ярдане мяжу між намі і вамі, сыны Рубэна і сыны Гада, і таму вы ня маеце ніякай часткі ў ГОСПАДА!” І сыны вашыя адвернуць сыноў нашых ад страху перад ГОСПАДАМ. 
І сказалі мы: “Паставім сабе ахвярнік не для цэласпаленьняў і не для ахвяраў крывавых, 
але як сьведчаньне паміж намі і вамі, і паміж нашчадкамі нашымі, што мы хочам выконваць службу ГОСПАДА перад абліччам Ягоным праз цэласпаленьні нашыя, ахвяры крывавыя і ахвяры мірныя”. І ня скажуць заўтра сыны вашыя сынам нашым: “Вы ня маеце часткі ў ГОСПАДА”. 
Калі яны так заўтра скажуць нам і нашчадкам нашым, мы скажам: “Вось падабенства ахвярніка ГОСПАДА, які зрабілі бацькі нашыя не для цэласпаленьняў, не для ахвяраў крывавых, але каб гэта было сьведчаньнем між намі і вамі”. 
Далёкія мы, каб бунтавацца супраць ГОСПАДА і адварочвацца, каб не ісьці за Ім, пабудаваўшы ахвярнік для цэласпаленьняў, ахвяраў хлебных і ахвяраў крывавых, іншы, чым ахвярнік ГОСПАДА, Бога нашага, які перад Сялібай Ягонай». 
І пачуў сьвятар Пінхас, і князі грамады, і начальнікі дружынаў Ізраіля, якія з ім, гэтыя словы, што прамовілі сыны Рубэна, сыны Гада і сыны Манасы, і былі яны добрымі ў вачах іхніх. 
І Пінхас, сын Элеазара сьвятара, сказаў сынам Рубэна, сынам Гада і сынам Манасы: «Пераканаліся мы сёньня, што сярод вас ГОСПАД, бо вы не дапусьціліся нявернасьці адносна ГОСПАДА, і захавалі сыноў Ізраіля ад рукі ГОСПАДА!» 
І Пінхас, сын Элеазара сьвятара, і князі вярнуліся ад сыноў Рубэна і сыноў Гада з зямлі Гілеад у зямлю Ханаан, да сыноў Ізраіля, якім прынесьлі словы гэтыя. 
І справа гэтая была доб­рай у вачах сыноў Ізраіля, і дабраславілі Бога сыны Ізраіля, і не гаварылі больш, каб ісьці супраць іх ваяваць, каб спустошыць зямлю, абжытую сынамі Рубэна і сынамі Гада. 
А сыны Рубэна і сыны Гада клікалі над ахвярнікам: «Гэта сьведка між намі, што ГОСПАД ёсьць Бог». 
