﻿ЕГОШУА.
21.
І прыйшлі галовы бацькоў лявітаў да Элеазара сьвятара і да Егошуа, сына Нуна, і да галоваў бацькоў пакаленьняў сыноў Ізраіля 
ў Шыло ў зямлі Ханаан, і прамовілі да іх, кажучы: «Праз Майсея ГОСПАД загадаў, каб далі нам гарады на пражываньне і пашы для быдла нашага». 
І сыны Ізраіля далі лявітам са спадчыны сваёй паводле загаду ГОСПАДА гарады і пашы іхнія. 
І выпала жэрабя для сем'яў Кегата, і атрымалі сыны Аарона сьвятара, лявіты, ад пакаленьняў Юды, Сымона і Бэн’яміна трынаццаць гарадоў. 
Астатнія сыны Кегата атрымалі ад пакаленьняў Эфраіма, Дана і паловы пакаленьня Манасы дзесяць гарадоў. 
Сынам Гершона жэрабям выпала атрымаць трынаццаць гарадоў ад пакаленьняў Ісахара, Асэра і Нэфталі і паловы пакаленьня Манасы ў Башане. 
Сынам Мэрары паводле сем'яў іхніх жэрабям выпала дванаццаць гарадоў ад пакаленьняў Рубэна, Гада і Завулёна. 
Сыны Ізраіля далі лявітам, кідаючы жэрабя, гарады гэтыя і пашы іхнія, як загадаў ГОСПАД праз Майсея. 
З пакаленьня сыноў Юды і з пакаленьня сыноў Сымона далі гарады, якія названыя паіменна. 
Сынам Аарона з роду Кегата, сына Левія, бо на іх выпала першае жэрабя, 
далі Кірыят-Арбу бацькі Анака, значыць Хеўрон, на гары Юды, з навакольнымі палямі. 
А палі гораду і вёскі ягоныя аддалі на ўласнасьць Халеву, сыну Ефунны. 
Сынам Аарона сьвятара далі горад прыбежышча для забойцаў Хеўрон і пашы ягоныя, Лібну і пашы ейныя, 
Яттыр і пашы ягоныя, Эштэмоа і пашы ягоныя, 
Халон і пашы ягоныя, Дэбір і пашы ягоныя, 
Аін, Юту і Бэт-Шэмэш і пашы іхнія — дзевяць гарадоў ад двух пакаленьняў гэтых. 
Ад пакаленьня Бэн’яміна далі Гібэон і пашы ягоныя, Геву і пашы ейныя, 
Анатот і пашы ягоныя, Альмон і пашы ягоныя — чатыры гарады. 
Усіх гарадоў для сыноў Аарона сьвятара — трынаццаць гарадоў і пашы іхнія. 
Для сем'яў сыноў Кегата, лявітаў, астатніх сыноў Кегата, выпала жэрабя на гарады ад пакаленьня Эфраіма. 
З пакаленьня Эфраіма далі горад прыбежышча для забойцаў Сыхем і пашы ягоныя на гары Эфраіма, Гезэр і пашы ягоныя, 
Кібцаім і пашы ягоныя, Бэт-Харон і пашы ягоныя — чатыры гарады. 
Ад пакаленьня Дана далі Эльтэке і пашы ягоныя, Гібэон і пашы ягоныя, 
Аялон і пашы ягоныя, Гат-Рымон і пашы ягоныя — чатыры гарады. 
Ад паловы пакаленьня Манасы далі Таанах і пашы ягоныя, Гіт-Рымон і пашы ягоныя — два гарады. 
Усіх гарадоў з пашамі іхнімі было дадзена дзесяць астатнім сынам Кегата. 
Для сыноў Гершона з сем'яў Левія далі ад паловы пакаленьня Манасы горад прыбежышча для забойцаў Галян у Башане і пашы ягоныя, Аштарот і пашы ягоныя — два гарады. 
Ад пакаленьня Ісахара далі Кішыён і пашы ягоныя, Дабэрат і пашы ягоныя, 
Ярмут і пашы ягоныя, Эн-Ганім і пашы ягоныя — чатыры гарады. 
Ад пакаленьня Асэра далі Мішэаль і пашы ягоныя, Абдон і пашы ягоныя, 
Хэлькат і пашы ягоныя, Рэхоў і пашы ягоныя — чатыры гарады. 
Ад пакаленьня Нэфталі далі горад прыбежышча для забойцаў Кадэш у Галілеі і пашы ягоныя, Хамот-Дор і пашы ягоныя, Картан і пашы ягоныя — тры гарады. 
Усіх гарадоў сыноў Гершона паводле сем'яў іхніх — трынаццаць гарадоў і пашы іхнія. 
Для сем'яў сыноў Мэрары, рэшце лявітаў, далі ад пакаленьня Завулёна Ёкнэам і пашы ягоныя, Карту і пашы ягоныя, 
Дымну і пашы ягоныя, Нагалал і пашы ягоныя — чатыры гарады. 
Ад пакаленьня Рубэна далі Бэцэр і пашы ягоныя, Ягцу і пашы ейныя, 
Кедэмот і пашы ягоныя, Мэфаат і пашы ягоныя — чатыры гарады. 
Ад пакаленьня Гада далі горад прыбежышча для забойцаў Рамот у Гілеадзе і пашы ягоныя, Маханаім і пашы ягоныя, 
Хешбон і пашы ягоныя, Язэр і пашы ягоныя — чатыры гарады. 
Усіх гарадоў сыноў Мэрары паводле сем'яў іхніх, рэшты сем'яў лявітаў, — дванаццаць гарадоў. 
Усіх гарадоў лявітаў паміж сыноў Ізраіля было сорак восем, і пашы іхнія. 
І быў кожны горад з пашамі сваімі вакол гораду. 
Так даў ГОСПАД Ізраілю ўсю зямлю, якую запрысяг даць бацькам іхнім, і яны атрымалі яе на ўласнасьць і абжыліся на ёй. 
І даў ім ГОСПАД супакой з усіх бакоў, як запрысяг бацькам іхнім, і ніхто з ворагаў іхніх ня мог устаяць супраць іх, і ўсіх ворагаў аддаў ГОСПАД у руку іхнюю. 
І ніводнае слова добрае, якое прамовіў ГОСПАД дому Ізраіля, не было пустым, але ўсё споўнілася. 
