﻿ЕГОШУА.
20.
І прамовіў ГОСПАД да Егошуа, кажучы: «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: 
“Выдзеліце сабе гарады прыбежышча, пра якія Я гаварыў вам праз Майсея, 
каб уцякаў у іх той, хто забіў чалавека выпадкова, ненаўмысна, і будуць яны прыбежышчам ад мсьціўцы за кроў. 
Калі забойца ўцячэ ў адзін з тых гарадоў, няхай ён стане перад брамай гораду і раскажа ў вушы старшыняў гораду таго справу сваю. І яны возьмуць яго ў горад, і дадуць яму месца на жыцьцё. 
Калі мсьціўца за кроў бу­дзе гнацца за ім, яны не аддадуць яго ў рукі ягоныя, бо ён ненаўмысна забіў бліжняга свайго, і ня меў да яго нянавісьці ані ўчора, ані пазаўчора. 
І будзе ён жыць у горадзе тым, пакуль ня стане перад грамадой на суд, і пакуль не памрэ сьвятар вялікі, які бу­дзе ў тыя дні. Тады забойца вернецца ў горад свой, у дом свой, з якога быў уцёкшы”». 
І вызначылі Кадэш у Галілеі на гары Нэфталі, Сыхем на гары Эфраіма, і Кірыят-Арбу або Хеўрон на гары Юды. 
А на другім баку Ярдану, на ўсход ад Ерыхону, вызначылі Бэцэр у пустыні, на раўніне пакаленьня Рубэна, Рамот у Гілеадзе, з пакаленьня Гада, і Галян у Башане, з пакаленьня Манасы. 
Гэтыя гарады былі выбраныя для ўсіх сыноў Ізраіля і для прыхадня, які жыве сярод іх, каб мог уцячы туды кожны, хто выпадкова заб’е чалавека, каб не памёр ад рукі мсьціўцы за кроў, пакуль ня стане перад грамадою на суд. 
