﻿ЕГОШУА.
18.
І сабралася ўся грамада сыноў Ізраіля ў Шыло, і там паставілі Намёт Спатканьня, а ўжо ўся зямля была імі здабытая. 
І засталіся яшчэ з сыноў Ізраіля сем каленаў, якія не атрымалі спадчыны сваёй. 
І сказаў Егошуа сынам Ізраіля: «Як доўга вы будзеце марудзіць у тым, каб пайсьці і ўзяць на ўласнасьць зямлю, якую ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, даў вам? 
Выбярыце з кожнага калена па тры чалавекі, і я пашлю іх, і яны ўстануць, і абыйдуць зямлю, і апішуць яе, як разь­дзя­ліць яе ў спадчыну, і прый­дуць да мяне. 
Разьдзяліце між сабой зямлю на сем частак; Юда няхай застаецца ў межах сваіх на поўдні, а дом Язэпа застанецца ў межах сваіх на поўначы. 
А вы падзяліце зямлю на сем частак і прынясіце апісаньне сюды да мяне, і я перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, кіну дзеля вас жэрабя. 
Лявіты ня маюць часткі між вамі, бо сьвятарства ГОСПАДА будзе спадчынай іхняй. А Гад, Рубэн і палова калена Манасы атрымалі спадчыну сваю на ўсходнім баку Ярдану, якую даў ім Майсей, слуга ГОСПАДА». 
І ўсталі мужчыны, і пайшлі. І загадаў Егошуа тым, якія пайшлі апісваць зямлю, кажучы: «Абыйдзіце зямлю і апішыце яе, і вярніцеся да мяне, каб тут, у Шыло перад абліччам ГОСПАДА я кінуў дзеля вас жэрабя». 
І пайшлі мужчыны, і агледзелі зямлю, і апісалі яе і гарады ейныя ў кнізе, дзелячы на сем частак. І вярнуліся да Егошуа ў табар у Шыло. 
І Егошуа кінуў жэрабя перад абліччам ГОСПАДА ў Шыло, і падзяліў там Егошуа зямлю паміж сынамі Ізраіля паводле частак іхніх. 
І выпала першае жэрабя на калена сыноў Бэн’яміна паводле сем'яў іхніх. І былі межы часткі іхняй між сынамі Юды і сынамі Язэпа. 
Мяжа іхняя на поўначы пачыналася ад Ярдану, і ўзьнімалася на паўночны бок Ерыхону, і ішла праз горы на захад, і спынялася ў пустыні Бэт-Авэн. 
Адтуль цягнулася мяжа да Люзу, на поўдзень ад горнага перавалу Люзу або Бэтэлю, і зыходзіла мяжа да Атарот-Адару праз гару, якая на поўдні ад ніжняга Бэт-Харону. 
І паварочвала мяжа на захад, і зыходзіла на поўдзень ад гары, якая на поўдні перад Бэт-Харонам, і спынялася пры Кірыят-Баале, гэта Кірыят-Ярым, горад сыноў Юды. Гэта бок заходні. 
Паўднёвы бок пачынаўся ад скраю Кірыят-Ярыму, і мяжа ішла на захад, і дахо­дзіла да крыніцы Мэ-Нэфтааху. 
І зыходзіла мяжа да скраю гары, якая насупраць лагчыны Бэн-Гінном, што на поўначы даліны Рэфаімаў, і зыходзіла ў лагчыну Гінном праз схіл гары Евусэяў на поўдзень, і даходзіла да Эн-Рагелю, 
і паварочвала на поўнач, і даходзіла да Эн-Шэмэшу, і ішла да Гэлілоту, які насупраць Маале-Адумім, і цягнулася да Эвэн-Баган-Бэн-Рэўбэн. 
І праходзіла мяжа да схілу насупраць Арабы з паўночнага боку, і зыходзіла да Арабы. 
І праходзіла мяжа на поўнач каля схілу Бэт-Хоглі, і спынялася каля паўночнай затокі Мора Салёнага, на паўднёвым канцы Ярдану. Гэта мяжа паўднёвая. 
А Ярдан быў мяжой з усходняга боку. Гэта спадчына сыноў Бэн’яміна і межы ягоныя навокал паводле сем'яў іхніх. 
Гарады сыноў Бэн’яміна паводле сем'яў іхніх былі: Ерыхон, Бэт-Хогла, Эмэк-Кецыц, 
Бэт-Араба, Цэмараім, Бэтэль, 
Авім, Пара, Офра, 
Кефар-Амоні, Офні і Геба — дванаццаць гарадоў і вёскі іхнія. 
Гібэон, Рама, Бэерот, 
Міцпа, Кефіра, Моца, 
Рэкем, Ірпээль, Тараля, 
Цэля, Элеф, Евус, іначай Ерусалім, Гібэат, Кірыят — чатырнаццаць гарадоў і вёскі іхнія. Гэта спадчына сыноў Бэн’яміна паводле сем'яў іхніх. 
