﻿ЕГОШУА.
13.
Калі Егошуа састарэў і меў шмат дзён, сказаў яму ГОСПАД: «Ты састарэў і маеш шмат дзён, але яшчэ вельмі шмат зямлі застаецца незанятай. 
Вось гэтая зямля, якая засталася: усе акругі Філістынцаў і ўвесь Гешур, 
ад Шыхору, на ўсход ад Эгіпту аж да мяжы Экрону на поўначы, зямля Ханаан, якая дзеліцца паміж пяцьцю князямі Філістынскімі з Газы, Ашдоду, Ашкелёну, Гату і Экрону, і Авеямі на поўдні; 
уся зямля Хананейцаў ад Мэары Сідонскай аж да Афэку і мяжы Амарэйцаў. 
І зямля Гіблі і ўвесь Лібан на ўсходзе ад Баал-Гаду, што каля падножжа гары Гермон, аж да ўваходу ў Хамат. 
Усіх, што жывуць у гарадах ад Лібану аж да Місрэфот-Маіму на захад, усіх Сідонцаў Я выганю перад абліччам сыноў Ізраіля. Толькі жэрабям па­дзялі зямлю ў спадчыну між сынамі Ізраіля, як Я загадаў табе. 
І цяпер падзялі зямлю гэтую ў спадчыну дзевяці каленам і палове калена Манасы». 
А сыны Рубэна і Гада, і палова Манасы атрымалі спадчыну сваю ад Майсея на ўсхо­дзе за Ярданам, як даў ім Майсей, слуга ГОСПАДА, 
ад Араэру, які на беразе ручая Арнон, і гораду, які ў сярэдзіне даліны, і ўсю раўніну ад Мэдэвы да Дыбону, 
і ўсе гарады Сыгона, валадара Амарэйскага, які валадарыў у Хешбоне, аж да мяжы сыноў Амона, 
і Гілеад, і мяжу з Гешурам і Маахай, і ўсю гару Гермон, і ўвесь Башан аж да Салхі, 
усё валадарства Ога, які валадарыў у Аштароце і Эдрэі, які быў апошнім з Рэфаімаў, а Майсей пабіў іх і выгнаў. 
Але сыны Ізраіля ня выгналі сыноў Гешура і Мааха, і жывуць яны сярод Ізраіля да сёньняшняга дня. 
Толькі калену Левія ня дадзена спадчыны. Ахвяры агнявыя ГОСПАДУ, Богу Ізраіля — гэта спадчына ягоная, як прамовіў да яго Госпад. 
І Майсей даў пакаленьню сыноў Рубэна частку паводле сем'яў іхніх. 
Атрымалі яны абшар ад Араэру на беразе ручая Арнон, і горад у сярэдзіне даліны, і ўвесь абшар аж да Мэдэбы, 
Хешбон і ўсе гарады ягоныя, якія на раўніне: Дыбон, Бамот-Баал, Бэт-Баал-Мэон, 
Ягцу, Кедэмот і Мэфаат, 
Кірыятаім, Сібму і Цэрэт-Гешшахар на гары, якая на раўніне, 
Бэт-Пэор і схілы Пісгі, і Бэт-Гаешымот, 
і ўсе гарады на раўніне, і ўсё валадарства Сыгона, валадара Амарэйскага, які валадарыў у Хешбоне, якога забіў Майсей, яго і начальнікаў Мадыянскіх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэву, князёў Сыгона, якія жылі ў той зямлі. 
І варажбіта Білеама, сына Бэора, забілі сыны Ізраіля мячом разам з іншымі забітымі. 
Мяжой абшару сыноў Рубэна быў Ярдан. Гэта спадчына сыноў Рубэна паводле сем'яў іхніх, гарады і вёскі іхнія. 
І даў Майсей зямлю пакаленьню сыноў Гада паводле сем'яў іхніх. 
Яны атрымалі абшар: Язэр, і ўсе гарады Гілеаду, і палову зямлі сыноў Амона аж да Араэру, насупраць Раббы, 
і ад Хешбону да Рама-Міцпы і Бэтаніму і ад Маханаіму да мяжы Лё-Дэбару, 
а ў даліне — Бэтгарам, Бэтнімру, Суккот і Цафон, рэшту валадарства Сыгона, валадара Хешбону, Ярдан і ваколіцы ягоныя аж да мора Кінэрэт за Ярданам на ўсход. 
Гэта спадчына сыноў Гада паводле сем'яў іхніх, гарады і вёскі іхнія. 
І даў Майсей зямлю палове калена Манасы паводле сем'яў іхніх. 
І яны атрымалі абшар ад Маханаіму, увесь Башан, усё валадарства Ога, валадара Башану, усе паселішчы Яіра, якія ў Башане, шэсьцьдзясят гарадоў. 
А палову Гілеаду, Аштарот і Эдрэю, гарады валадарства Ога ў Башане, атрымалі сыны Махіра, сына Манасы, палова сыноў Махіра паводле сем'яў сваіх. 
Гэтую спадчыну падзяліў Майсей на раўнінах Мааву за Ярданам насупраць Ерыхону, на ўсход ад Ерыхону. 
А калену Левія ня даў спадчыны Майсей, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, Ён — спадчына іхняя, як Ён прамовіў да іх. 
