﻿ЕГОШУА.
12.
Вось валадары той зямлі, якіх забілі сыны Ізраіля і завалодалі зямлёю іхняй за Ярданам, на ўсход сонца, ад ручая Арнон аж да гары Гермон, разам з усёй Арабай на ўсходзе. 
Сыгон, валадар Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне і валодаў паловай Гілеаду ад Араэру, што на беразе ручая Арнон, ад сярэдзіны даліны аж да ручая Ябок, мяжы сыноў Амона, 
а на ўсходзе праз Арабу аж да мора Кінэрэт і мора Арабы або Мора Салёнага, у напрамку Бэт-Гаешымоту, і далей на поўдзень да падножжа Пісгі. 
Пасьля Ог, валадар Башану, апошні з Рэфаімаў, які жыў у Аштароце і ў Эдрэі, 
і панаваў у гарах Гермону, і ў Сальсе, а таксама над усім Башанам аж да мяжы з Гешурам і Маахай, і над паловай Гілеаду, аж да мяжы Сыгона, валадара Хешбону. 
Майсей, слуга ГОСПАДА, і сыны Ізраіля забілі іх. І аддаў зямлю іхнюю Майсей на пасяленьне сынам Рубэна і Гада, і палове калена Манасы. 
А вось валадары зямлі, якіх забіў Егошуа і сыны Ізраіля за Ярданам на захад, ад Баал-Гаду ў даліне Лібану аж да гары Халак, якая падымаецца да Сэіру, якую аддаў Егошуа на ўласнасьць каленам Ізраіля, адпаведна да іх падзелу, 
на гары і ў Шэфэлі, у Арабе і на схілах гары, у стэпе і ў Нэгеве, зямлю Хетаў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў: 
валадар Ерыхону — адзін, валадар Гаю, што побач Бэтэлю — адзін; 
валадар Ерусаліму — адзін, валадар Хеўрону — адзін, 
валадар Ярмуту — адзін, валадар Ляхішу — адзін, 
валадар Эглёну — адзін, валадар Гезэру — адзін, 
валадар Дэбіру — адзін, валадар Гедэру — адзін, 
валадар Хармы — адзін, валадар Араду — адзін, 
валадар Лібны — адзін, валадар Адуляму — адзін, 
валадар Македы — адзін, валадар Бэтэлю — адзін, 
валадар Тапуаху — адзін, валадар Хэфэру — адзін, 
валадар Афэку — адзін, валадар Лашарону — адзін, 
валадар Мадону — адзін, валадар Хацору — адзін, 
валадар Шымрону — адзін, валадар Ахшафу — адзін, 
валадар Таанаху — адзін, валадар Мэгіддо — адзін, 
валадар Кадэшу — адзін, валадар Ёкнэаму, што каля Кармэлю — адзін, 
валадар Дору з узвышшаў Дор — адзін, валадар паганаў з Гільгалу — адзін, 
валадар Тырцы — адзін; усіх валадароў — трыццаць адзін. 
