﻿ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
34.
І ўзыйшоў Майсей з раўніны Мааву на гару Нэво, на вяршыню Пісга насупраць Ерыхону. І паказаў яму ГОСПАД усю зямлю Гілеад аж да Дану, 
і ўсю зямлю Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, і ўсю зямлю Юды аж да Мора Заходняга, 
Нэгеў і абшар раўніны Ерыхону, гораду пальмаў, аж да Цаару. 
І сказаў ГОСПАД яму: «Гэта тая зямля, якую Я запрысяг Абрагаму, Ісааку і Якубу, кажучы: “Я дам яе насеньню твайму”. Бачыў ты яе вачыма сваімі, але ня ўвойдзеш у яе». 
І памёр Майсей, слуга Божы, там, у зямлі Мааў, паводле слова з вуснаў ГОСПАДА. 
І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Мааў насупраць Бэт-Пэору. І ніхто ня ведае магілы ягонай па сёньняшні дзень. 
Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы ягоныя не былі прыцьмёныя, і сіла ягоная не пакінула яго. 
І плакалі па Майсеі сыны Ізраіля на раўніне Мааву трыццаць дзён. І скончыліся дні жалобы па Майсеі. 
І Егошуа, сын Нуна, на якога Майсей усклаў рукі свае, быў поўны духа мудрасьці. І слухалі яго сыны Ізраіля, і рабілі ўсё, як загадаў ГОСПАД праз Майсея. 
І не паўстаў больш у Ізраілі прарок такі, як Майсей, якога ведаў ГОСПАД тварам у твар 
і якога паслаў чыніць знакі і цуды ў зямлі Эгіпецкай перад фараонам, і перад слугамі ягонымі, і перад усёй зямлёй ягонай, 
і рабіць усе дзеяньні рукі моцнай і ўсе дзеяньні страшныя, якія ўчыніў Майсей на вачах усяго Ізраіля.
