﻿ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
33.
Гэта дабраславенства, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраіля перад сьмерцю сваёй. 
І ён сказаў: «ГОСПАД прыйшоў з Сынаю і з Сэіру зыйшоў да іх; зьявіўся з гары Паран і прыйшоў з дзясяткамі тысячаў сьвятых, з правіцы Ягонай агонь палае. 
Сапраўды Ён любіць народы. Усе сьвятыя Твае ў руцэ Тваёй, і яны туляцца да ног Тваіх, слухаюць словы Твае. 
Закон даў нам Майсей, спадчыну збору Якуба. 
І быў выбраны ў Ешуруна валадар на сходзе князёў народу разам з каленамі Ізраіля. 
Няхай жыве Рубэн і няхай не памірае, і няхай будзе нейкі лік сьмяротных людзей ягоных». 
Гэта ён сказаў да Юды: «Выслухай, ГОСПАДЗЕ, голас Юды і прывядзі яго да народу Свайго. Рукою Тваёю ваюй за яго і дапамажы яму супраць прыгнятальнікаў ягоных». 
Да Левія сказаў: “Тумім Твой і урым Твой дай чалавеку сьвятому Твайму, якога Ты выпрабаваў у Масе і з якім спрачаўся ля водаў Мэрывы. 
Ён пра бацьку свайго і маці сваю сказаў: "Ня ведаю вас". І не пазнаў братоў сваіх, і сыноў сваіх ня ведае, бо яны захоўваюць загады Твае і запавет Твой пільнуюць. 
Яны вучаць Якуба пастановам Тваім і навучаюць Ізраіля Закону Твайму; і паляць кадзіла ў ноздры Твае, і цэласпаленьні — на ахвярніку Тваім. 
Дабраславі, ГОСПАДЗЕ, моц ягоную і прымі працу рук ягоных. Стаўчы сьцёгны тых, якія паўстаюць на яго, і тыя, што зьненавідзелі яго, няхай не падымуцца». 
Да Бэн’яміна сказаў: «Улюбёны ГОСПАДАМ бу­дзе жыць у бясьпецы пры Ім. Ён будзе засланяць яго ўсе дні, і супачыне ён у рамёнах Ягоных”. 
Да Язэпа сказаў: “Дабраслаўлёная ГОСПАДАМ зямля ягоная дарамі неба, расою, крыніцамі бездані падземнай, 
дарамі сонца і пладамі месяца, 
багацьцем гор спрадвечных і пладамі ўзгоркаў адвечных, 
пладамі зямлі і поўняй яе. Ласка Таго, Хто аб’явіўся ў кусьце, няхай зыйдзе на галаву Язэпа і на цемя пасьвячонага сярод братоў сваіх. 
Прыгажосьць ягоная — як першароднага быка, і рогі ягоныя — як рогі аднарога, імі ён збадае народы аж да канца зямлі. Такія дзясяткі тысячаў Эфраіма, і такія тысячы Манасы». 
І да Завулёна сказаў: “Радуйся, Завулён, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у намётах тваіх! 
Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры праведнасьці. Яны будуць карыстацца шчодрасьцю мора і багацьцямі, схаванымі ў пяску». 
Да Гада сказаў: «Дабраслаўлёны той, хто пашырае Гада! Як леў будзе ён жыць, ён разарве рамяно і цемя. 
І ён убачыць пяршыны свае, бо там памешчана частка правадыра, і ён выходзіў на чале народу, і рабіў праведнае перад ГОСПАДАМ, і чыніў прысуды Ягоныя адносна Ізраіля». 
Да Дана сказаў: «Дан — ільвянятка, якое выскоквае з Башану». 
Да Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены ласкаю і поўны дабраславенства ГОСПАДА; ён завалодае морам і поўднем». 
Да Асэра сказаў: «Дабраслаўлёны Асэр між сынамі! Няхай ён будзе даспадобы братам сваім і няхай будзе мачыць у алеі нагу сваю. 
З жалеза і медзі засаўкі твае, як дні твае, трывае сіла твая». 
«Няма такога, як Бог Ешуруна, Які ідзе па небе на дапамогу табе і ў велічнасьці Сваёй ідзе па воблаках. 
Прыбежышча тваё — Бог спрадвечны, абарона твая — рамёны вечныя. Ён выганіць перад абліччам тваім ворага і скажа: “Зьнішчы”. 
Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю збожжа і віна, і з нябёсаў ягоных кроплямі падае раса. 
Шчасьлівы ты, Ізраіль! Хто падобны да цябе, народ, якога збавіў ГОСПАД. Ён — шчыт абароны тваёй і меч велічнасьці тваёй. Ворагі твае скараюцца перад абліччам тваім, і ты будзеш таптаць каркі іхнія». 
