﻿ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
32.
«Прыхіліце вушы, нябёсы, і я прамоўлю! І няхай чуе зямля словы вуснаў маіх! 
Няхай кроплямі падае, як дождж, вучэньне маё, няхай сьцякае, як раса, мова мая, як імжа на зеляніну, як залева на траву. 
Бо я буду клікаць імя ГОСПАДА! Давайце ўзьвялічым Бога нашага! 
Ён — Скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Ягоныя справядлівыя. Бог верны, і няма ў Ім хлусьні, Ён — праведны і справядлівы. 
Яны сапсаваліся, яны ня ёсьць сынамі Ягонымі з прычыны заганў сваіх, пакаленьне падступнае і крывадушнае. 
Ці ж так адплачваеце вы ГОСПАДУ, народзе бязглузды і бяз мудрасьці? Ці ж ня Ён —Бацька твой? Ён набыў цябе і ўчыніў, і ўмацаваў. 
Памятай пра дні старадаўнія, разважай пра гады пакаленьняў мінулых; спытайся бацьку твайго, і ён паведаміць табе, спытайся старшыняў тваіх, і яны раскажуць табе. 
Калі Найвышэйшы даваў спадчыну народам, калі разь­дзяляў сыноў чалавечых, Ён вызначыў межы народам паводле ліку сыноў Ізраіля. 
Уласнасьць ГОСПАДА — народ Ягоны. Якуб — абшар спадчыны Ягонай. 
Ён знайшоў яго ў зямлі пустыннай, у зямлі пустой і бязьлюднай, дзе выюць шакалы. Ён асланяў яго, даглядаў яго і захоўваў яго, як зрэнку вока Свайго. 
Як арол узрушвае гняздо сваё і кружляе над птушанятамі сваімі, раскінуўшы крылы свае, бярэ іх і нясе на крылах сваіх, 
так ГОСПАД Сам вёў яго, і не было з ім бога чужога. 
І Ён паставіў яго на высокай зямлі, каб ён спажываў плады палёў, і Ён карміў яго мёдам са скалы і алеем з цьвёрдага камяня, 
маслам кароваў і малаком авечак, тлушчам ягнятаў, і бараноў Башану, і казлоў, і тлушчам нырак, і найчысьцейшай пшаніцай, і ён піў кроў вінаграду. 
Насыціўся Ешурун і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і гладкі, і пакінуў Бога, Які ўчыніў яго, і зьняважыў Скалу збаўленьня свайго. 
І яны ўзбудзілі рэўнасьць Ягоную багамі чужымі, і брыдотамі раззлавалі Яго. 
Яны складалі ахвяры дэманам, а ня Богу, пакланяліся багам, якіх ня ведалі, багам новым, якія нядаўна зьявіліся, якім не пакланяліся бацькі іхнія. 
Скалу, Якая цябе нара­дзіла, ты пакінуў, ня памятаў Бога, Які вывеў на сьвет цябе. 
І ўбачыў гэта ГОСПАД, і ўзьненавідзеў іх, і загневаўся на сыноў Сваіх і дочак Сваіх. 
І сказаў Ён: “Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу, які будзе канец іхні, бо гэта пакаленьне падступнае, сыны няверныя. 
Яны ўзбудзілі рэўнасьць Маю тым, што ня ёсьць богам, марнасьцямі сваімі раздражнілі Мяне; і Я ўзбуджу рэўнасьць іхнюю тым, што ня ёсьць народам, народам дурным раздражню іх. 
Узгарэўся агонь ярасьці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшай адхлані, і спаліць зямлю і ўраджай ейны, і спапяліць падваліны гор. 
Я зьбяру на іх няшчасьці, пушчу ў іх стрэлы Мае. 
Будзе іх марыць голад, паліць трасца і пошасьць лютая, і Я пашлю на іх зубы зьвяроў і атруту тых, што поўзаюць у пыле. 
На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам з дзяўчынаю, немаўля разам з чалавекам сівым. 
Я сказаў: "Вынішчу іх і спыню ў людзей памяць пра іх". 
Але Я спыніў гэта з прычыны зьнявагаў ворагаў, каб прыгнятальнікі іхнія не вывышаліся і не казалі: "Рука нашая ўзьнятая, а ня ГОСПАД зрабіў усё гэта!" 
Бо гэта народ бязрадны, і няма ў іх розуму. 
Калі б яны былі мудрымі, яны б зразумелі гэта і разважалі б пра канец свой! 
Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а дваіх выгнаць дзесяць тысячаў, калі б Скала іхняя не прадала іх у няволю і калі б ГОСПАД не пакінуў іх? 
Бо скала іхняя не такая, як Скала нашая; але ворагі нашыя будуць судзьдзямі. 
Бо вінаград іхні — з вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх. Ягады іхнія атрутныя, а гронкі горкія, як палын. 
Віно іхняе — атрута цмочая і сьмяротная труцізна гадзючая. 
Ці ж гэта не схавана ў-ва Мне і не запячатана ў скарбніцах Маіх? 
Мне належыць помста і Я аднагароджу ў час, калі пахісьнецца нага іхняя! Бо блізка ўжо дзень загубы іхняй і надыхо­дзіць рашэньне лёсу іхняга. 
І будзе судзіць ГОСПАД народ Свой, і пашкадуе Ён слугаў Сваіх, калі ўбачыць, што рука іхняя аслабела і што няма ані нявольнікаў, ані вольных. 
І скажа Ён: “Дзе ж богі іхнія, дзе скала, на якую яны мелі надзею, 
што елі тлустасьць ахвяраў іхніх, і пілі віно іхніх ахвяраў вадкіх? Няхай устануць і дапамогуць вам, і няхай у бядзе абароняць вас! 
Паглядзіце цяпер, што Я, Я ёсьць, і няма Бога апрача Мяне, Я забіваю і Я даю жыць, Я калечу і Я аздараўляю, і няма такога, хто можа вырвацца з рукі Маёй. 
Я падыму да неба руку Маю і скажу: "Жыву вечна!" 
Калі Я вывастру меч Мой бліскучы і рука Мая выканае прысуд, Я адпомшчу ворагам Маім, і тым, якія ненавідзяць Мяне, Я аднагароджу. 
Я напаю крывёю стрэлы Мае, і меч Мой насыціцца мясам, крывёй забітых і палонных, галовамі варожых правадыроў!” 
Весяліцеся, народы, з народам Ягоным, бо Ён адпомсьціць за кроў слугаў Сваіх і ўчыніць помсту ворагам Сваім, і міласьцівы будзе да зямлі народу Свайго». 
І пайшоў Майсей з Егошуа, сынам Нуна, і прамовіў усе словы сьпеву гэтага ў вушы народу. 
І скончыў Майсей прамаўляць усе словы гэтыя да ўсяго Ізраіля, 
і сказаў ім: «Зьмясьціце ў сэрцы вашым усе словы, якімі я сёньня папярэджваю вас, і загадайце сынам вашым захоўваць іх, і выконваць усе словы Закону гэтага. 
Бо слова гэтае не пустое для вас, але гэта жыцьцё вашае; і праз слова гэтае будуць доўгія дні вашыя на зямлі, у якую вы пераходзіце праз Ярдан, каб авалодаць ёю». 
І ў той самы дзень прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Узыйдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэво, якая ў зямлі Мааў насупраць Ерыхону, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я даю сынам Ізраіля на ўласнасьць. 
А ты памрэш на гары, на якую ты ўзыйдзеш, і далучышся да народу свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народу свайго. 
За тое, што вы дапусьціліся злачынства адносна Мяне між сынамі Ізраіля пры водах Мэрывы каля Кадэшу, у пустыні Сін, за тое, што вы ня выявілі сьвятасьць Маю сярод сыноў Ізраіля, 
за гэта толькі здалёк убачыш тую зямлю, але ты сам ня ўвойдзеш туды, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраіля». 
