﻿ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
28.
І станецца, калі ты будзеш, слухаючы, слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выконваць усе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня, ГОСПАД, Бог твой, узвысіць цябе па-над усе народы зямлі, 
і сплывуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенствы, і споўняцца на табе, калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго. 
Дабраслаўлёны ты ў горадзе і дабраслаўлёны ў полі. 
Дабраслаўлёны плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй, і нараджэньне валоў тваіх, і прыплод авечак тваіх. 
Дабраслаўлёны кош твой і дзяжа твая. 
Дабраслаўлёны ты пры ўваходзе тваім і дабраслаўлёны пры выхадзе тваім. 
Дасьць табе ГОСПАД, што ворагі твае, якія паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя перад абліччам тваім. Адным шляхам яны пойдуць супраць цябе, а сямёма шляхамі ўця­куць ад цябе. 
Загадае ГОСПАД, каб было дабраславенства на сьвірнах тваіх і на ўсякай працы рук тваіх; і будзе Ён дабраслаўляць цябе ў зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой. 
Паставіць цябе ГОСПАД як народ сьвяты, як запрысяг табе, калі будзеш захоўваць прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіць шляхамі Ягонымі. 
І ўбачаць усе народы зямлі, што імя ГОСПАДА заклікаюць над табою, і будуць баяцца цябе. 
І дасьць табе ГОСПАД па-над меру даброцьцяў; у плодзе улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ў плодзе зямлі тваёй, у зямлі, якую запрысяг ГОСПАД даць табе. 
Адкрые табе ГОСПАД шчодрыя скарбы нябесныя, каб даць у свой час дождж зямлі тваёй і дабраславіць ўсе працы рук тваіх. І ты будзеш пазычаць шматлікім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі. 
І зробіць цябе ГОСПАД галавою, а не хвастом, і будзеш ты толькі на версе, і ня будзеш у нізе, калі будзеш слухаць прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, якія сёньня я загадваю табе, каб ты захоўваў і выконваў іх. 
І не адступай ад кожнага слова, якія я загадваю табе сёньня, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не служы ім. 
І станецца, калі ня бу­дзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выкон­ваць усе прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я сёньня загадваю табе, тады прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і споўняцца на табе. 
Пракляты ты ў горадзе і пракляты ў полі. 
Пракляты кош твой і дзяжа твая. 
Пракляты плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, нараджэньне валоў тваіх і прыплод авечак тваіх. 
Пракляты ты пры ўвахо­дзе тваім і пракляты пры выха­дзе тваім. 
Спашле на цябе ГОСПАД праклён, і трывогу, і няшчасьце ў-ва ўсіх працах рук тваіх, якія будзеш рабіць, пакуль Ён ня зьнішчыць цябе і не прападзеш ты хутка з прычыны ліхіх учынкаў тваіх, праз якія ты пакінуў Мяне. 
І спашле на цябе ГОСПАД пошасьць, пакуль ня выкараніць цябе з зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю. 
Дакранецца цябе ГОСПАД сухотамі, гарачкаю, трасцай, сьпя­котаю, мячом, сушаю і іржою. Яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль ты ня бу­дзеш зьнішчаны. 
І неба, якое над галавой тваёй, зробіцца медзьдзю, а зямля пад табою — жалезам. 
Пераменіць ГОСПАД дождж на зямлі тваёй у парахно і пыл, з неба будуць падаць яны на цябе, пакуль ня зьнішчаць цябе. 
І зробіць табе ГОСПАД, што ты будзеш пабіты перад абліччам ворагаў тваіх; адным шляхам будзеш ісьці на іх, а сямёма шляхамі будзеш уцякаць ад іх, і станеш ты страхоцьцем для ўсіх валадарстваў зямлі. 
Парэшткі твае будуць пажываю ўсім птушкам паднебным і зьвярам зямным, і ніхто ня будзе адганяць іх. 
Дакранецца цябе ГОСПАД скуламі Эгіпецкімі і балячкамі, каростаю і паршывасьцю, якіх ня зможаш вылечыць. 
Дакранецца цябе ГОСПАД вар’яцтвам, сьлепатою і неспакоем сэрца. 
Апоўдні будзеш хадзіць навобмацак, як сьляпы навобмацак ходзіць у поцемках, і на ўсіх шляхах тваіх ня бу­дзеш мець посьпеху. І будзеш ты крыўджаны і рабаваны ўсе дні, і ніхто ня будзе ратаваць цябе. 
Заручышся з жонкай, а іншы мужчына будзе спаць з ёй. Пабудуеш дом, але ня бу­дзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не зьбярэш пладоў ягоных. 
Вол твой будзе забіты на вачах у цябе і ня будзеш есьці яго. Асёл твой будзе забраны спрад аблічча твайго і ня вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і ніхто ня будзе ратаваць цябе. 
Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу, і вочы твае будуць выглядаць іх сумаваць дзеля іх усе дні, і ня будзе сілы ў руках тваіх. 
Плады зямлі тваёй і ўвесь набытак твой зьесьць народ, якога ня ведаеш, і будзеш ты толькі крыўджаны і прыгнятаны ўсе дні. 
І ты звар’яцееш, бачачы тое, што ўбачаць вочы твае. 
Дакранецца цябе ГОСПАД балючымі скуламі на каленях і нагах, і ня зможаш вылечыцца, і пакрыюць яны цябе ад стопаў аж да чубу галавы. 
Цябе і валадара твайго, якога ты паставіш над сабою, завядзе ГОСПАД да народу, якога ня ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і камяню, 
і будзеш страхоцьцем, і прыказкай, і пасьмешышчам для ўсіх народаў, да якіх завядзе цябе ГОСПАД. 
Насеньня шмат кінеш у поле, а зьбярэш мала, бо саранча паесьць яго. 
Вінаграднікі пасадзіш, будзеш даглядаць, а віна піць ня будзеш, і нічога з іх не зьбярэш, бо будуць паедзены чарвякамі. 
Аліўкі будзеш мець у-ва ўсіх межах тваіх, але ня выцісьнеш алею, бо змарнеюць аліўкі твае. 
Народзіш сыноў і дачок, але ня будуць з табою, бо павядуць іх у няволю. 
Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паядуць жужлы. 
Прыхадзень, які жыве з табою, будзе падымацца па-над цябе вышэй і вышэй, а ты бу­дзеш зыйходзіць ніжэй і ніжэй. 
Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом. 
І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны, і будуць цябе перасьледваць, і дагоняць цябе, пакуль не загінеш, бо ты ня слухаў ГОСПАДА, Бога твайго, і не захоўваў прыказаньняў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён загадаў табе. 
І будзе гэта знакам і цудоўным дзеяньнем табе і насеньню твайму на вякі. 
За тое, што ты не служыў ГОСПАДУ, Богу твайму, з радасьцю і добрасьцю сэрца твайго, маючы мноства ўсяго, 
будзеш служыць ворагам тваім, якіх ГОСПАД спашле на цябе, у голадзе і смазе, у голасьці і нястачы ўсяго, і яны павесяць ярмо жалезнае на карак твой, пакуль ня вынішчаць цябе. 
Прывядзе на цябе ГОСПАД народ далёкі; з канца зямлі, як арол, наляціць народ гэты, мовы якога ты ня чуў, 
народ з жудасным абліччам, які не ўшануе аблічча старога і не пашкадуе юнака. 
І ён зжарэ плод жывёлы тваёй і плод зямлі тваёй, аж пакуль ня вынішчыць цябе. І ён не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду валоў тваіх і прыплоду авечак тваіх, аж пакуль ня вынішчыць цябе. 
І возьме ён у аблогу цябе ў-ва ўсіх брамах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты меў надзею, у-ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ў-ва ўсіх брамах тваіх у-ва ўсёй зямлі, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой. 
І будзеш ты есьці плод улоньня твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якіх даў табе ГОСПАД, Бог твой, у аблозе і ў бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой. 
У цябе чалавек чульлівы і вельмі далікатны будзе глядзець ліхім вокам на брата свайго і на жонку ўлоньня свайго, і на рэшту сыноў сваіх, якія засталіся ў яго. 
Ня дасьць нікому ён целы сыноў сваіх, якія будзе есьці, бо нічога больш не застанецца ў яго ў аблозе і ў бядзе, якімі вораг твой прыцісьне цябе ў-ва ўсіх брамах тваіх. 
Жанчына ў цябе, вельмі чульлівая і далікатная, што не хацела нагі паставіць на зямлю дзеля далікатнасьці і расьпешчанасьці, будзе глядзець ліхім вокам на мужа ўлоньня свайго, на сына свайго і на дачку сваю 
і ня дасьць ім пасьледу свайго, які выйшаў спаміж ног ейных, і сыноў сваіх, якіх нарадзіла, бо будзе есьці іх таемна дзеля нястачы ўсяго ў аблозе і бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой у-ва ўсіх брамах тваіх. 
Калі ня будзеш захоўваць і выконваць усіх словаў Закону гэтага, якія напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя ГОСПАДА, Бога твайго, 
шмат больш павялі­чыць ГОСПАД плягі на цябе і плягі на насеньне тваё, і плягі вялікія і доўгатрывалыя, і хваробы ліхія і доўгатрывалыя, 
і навядзе на цябе ўсе хваробы Эгіпецкія, якіх ты баяўся, і прылепяцца яны да цябе. 
І ўсе хваробы і ўсе плягі, якія не запісаныя ў кнізе Закону гэтага, спашле ГОСПАД на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны. 
І застанецёся вы ў малой лічбе, хоць раней вы былі, як зоркі ў небе, у колькасьці сваёй, бо ня слухаў ты голас ГОСПАДА, Бога твайго. 
Як перад гэтым цешыўся ГОСПАД з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца ГОСПАД з вас, нішчачы вас і сьціраючы з зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю. 
І ГОСПАД расьцяру­шыць вас сярод усіх народаў, ад канца зямлі да канца зямлі, і там бу­дзеш ты служыць багам чужым, якіх ня ведаў ты і бацькі твае, дрэву і камяням. 
І ня будзеш ты мець супакою ў гэтых народаў, і ня будзе мець супачынку стапа нагі тваёй. І дасьць там табе ГОСПАД сэрца дрыготкае, вочы заплаканыя і душу збалелую. 
І будзе жыцьцё тваё вісець перад табою; будзеш баяцца ўначы і ўдзень, і ня будзеш пэўны жыцьця свайго. 
Раніцаю ты скажаш: “Хто дасьць мне дачакацца вечара?”, а ўвечары скажаш: “Хто дасьць мне дачакацца раніцы?”, дзеля страху сэрца твайго, якое будзе баяцца ўсяго таго, што ўбачаць вочы твае. 
І верне цябе ГОСПАД у Эгіпет на караблях шляхам, пра які Ён казаў табе, што ты яго больш ня ўбачыш. Там будзеце вы прададзеныя ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы, і ніхто ня будзе купляць» 
