﻿ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
25.
Калі будзе спрэчка паміж людзьмі, няхай яны стануць перад судом, і судзяць іх, і праведнага прызнаюць нявінным, а вінаватага пакараюць. 
Калі вінаваты будзе варты, каб яго білі, няхай паложаць яго на зямлю і будуць біць яго перад абліччам судзьдзі, адпаведна правіны ягонай лічачы ўдары. 
Сорак удараў можа ён атрымаць, і нельга дадаваць больш, каб біцьцё не было па-над меру, і ня быў зьнявечаны брат твой перад вачыма тваімі. 
Не завязвай пысы валу, які малоціць. 
Калі браты жывуць сумесна і адзін з іх памрэ, і ня будзе мець сына, ня выйдзе жонка памёршага замуж за мужа іншага, але швагер ейны прыйдзе да яе і возьме яе за жонку сабе, і будзе жыць з ёю. 
І станецца, што сыну першароднаму, якога яна наро­дзіць, дадуць імя памёршага брата, і не загіне імя ягонае ў Ізраілі. 
А калі той мужчына не захоча узяць братавай сваёй за жонку, пойдзе братавая ў браму гораду да старшыняў і скажа: “Швагер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраілі, ня хоча жыць са мною”. 
І старшыні гораду ягонага паклічуць яго і запытаюцца ў яго. І калі ён адмовіцца і скажа: “Не хачу яе ўзяць за жонку”, 
тады братавая падыйдзе да яго на вачах старшыняў і здыме сандал ягоны з нагі ягонай, і плюне яму ў твар, і адкажа, і скажа: “Так робяць з чалавекам, які ня хоча адбудаваць дом брата свайго”. 
І будзе названа імя ягонае ў Ізраілі: “Дом разутага”. 
Калі будуць біцца паміж сабою мужчыны, адзін супраць другога, і наблізіцца жонка аднаго з іх, каб вырваць мужа з рук таго, хто б’е, і выцягне руку сваю, і схопіць яго за сорам ягоны, 
адрэжаш ёй далонь, няхай не шкадуе яе вока тваё. 
Няхай ня будзе ў торбе тваёй камянёў вагавых большых і меншых. 
Няхай ня будзе ў доме тваім эфы большай і меншай. 
Камень вагавы няхай будзе праведны і дакладны; і эфа няхай будзе ў цябе дакладная і праведная, каб доўгія былі дні твае на зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой. 
Бо брыдзіцца ГОСПАД, Бог твой, кожным, хто так робіць, кожным, хто чыніць беззаконьне. 
Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выйшаў ты з Эгіпту. 
Ён сустрэў цябе на шляху і забіў сярод цябе ўсіх змучаных у апошніх шэрагах тваіх, а ты быў змораны і зьняможаны, і ён не баяўся Бога. 
Калі ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе супакой ад усіх ворагаў тваіх, якія вакол цябе, у зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у спадчыну, каб ты авалодаў ёю, ты сатрэш памяць пра Амалека пад небам. Не забудзься пра гэта. 
