﻿ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
22.
Калі ўбачыш вала брата твайго або авечку ягоную, што заблукала, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму. 
Калі ж брат твой ня блізка ад цябе і калі ня ведаеш яго, завядзі іх у дом твой і няхай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой, і тады вернеш іх яму. 
Так зробіш з аслом ягоным, так зробіш з плашчом ягоным, так зробіш з кожнаю згубленаю рэччу брата твайго, з усім, што ў яго згінула, а ты знайшоў; нельга табе ўхіліцца ад гэтага. 
Калі ўбачыш асла брата твайго або вала ягонага, якія ўпалі на дарозе, не пакідай іх, але падымі з ім разам. 
Няхай ня будзе на жанчыне адзеньня мужчынскага, а мужчына няхай не апранае шаты жаночыя; бо агідны ГОСПАДУ, Богу твайму, кожны, хто гэтак робіць. 
Калі перад абліччам тваім знойдзеш на дарозе, на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з птушанятамі або з маткаю, якая выседжвае яйкі ці птушанятаў, не бяры маткі з птушанятамі. 
Матку пусьці, а дзяцей вазьмі сабе, каб добра было табе і каб доўгімі былі дні твае. 
Калі пабудуеш новы дом, дык зрабі на даху тваім агаро­джу, каб не навесьці крыві на дом твой, калі нехта зваліцца з яго. 
Не засявай вінаградніку твайго двума гатункамі насеньня, каб не зрабіць табе заклятым і збор насеньня, якое ты пасееш, і плады вінаградніку твайго. 
Не ары на вале і асьле разам. 
Не апранай адзеньня, сатканага з воўны і лёну разам. 
Зрабі сабе фрэнзьлі на чатырох канцах плашчу твайго, якім акрываешся. 
Калі мужчына возьме жонку і ўвойдзе да яе, а потым зьне­навідзіць яе, 
і, закідаючы ёй ліхія ўчынкі, зьняславіць яе, і скажа: “Узяў я гэтую жанчыну, і ўвайшоў да яе, але не знайшоў у яе дзявоцтва”, 
тады бацька і маці дзяўчыны возьмуць і прынясуць знакі дзявоцтва дзяўчыны да старшыняў гораду і да брамы, 
і бацька дзяўчыны скажа старшыням: “Даў я дачку сваю чалавеку гэтаму за жонку, а ён яе зьненавідзеў. 
Вось, ён закідае ёй ліхія ўчынкі, кажучы: "Не знайшоў я ў дачкі тваёй дзявоцтва". Але вось доказы дзявоцтва дачкі маёй”, — і раскладзе палатніну перад старшынямі гораду. 
І возьмуць старшыні гораду мужчыну таго, і пакараюць яго, 
І накладуць на яго сто сыкляў срэбра, і аддадуць іх бацьку дзяўчыны, бо ён зьня­славіў імя дзяўчыны Ізраіля; і яна застанецца жонкай ягонай, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсе дні свае. 
Але калі праўдзівае было слова тое, бо не знайшліся доказы дзявоцтва дзяўчыны, 
тады завядуць дзяўчыну тую да дзьвярэй дому бацькі ейнага і каменаваць яе будуць камянямі мужчыны гораду гэтага аж да сьмерці, бо яна ўчыніла ганьбу ў Ізраілі, чынячы распусту ў доме бацькі свайго. І вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго. 
Калі знойдзены будзе мужчына, які ляжыць з жанчынай, якая мае мужа, абое няхай памруць, мужчына, які ляжаў з жанчынай, і жанчына. І вынішчыш ліхоцьце з Ізраіля. 
Калі будзе дзяўчына, якая заручана мужу, і зной­дзе яе іншы мужчына ў горадзе, і ляжа з ёю, 
абодвух прывядзіце да брамы гораду гэтага і ўкамянуйце іх камянямі да сьмерці. Дзяўчыну за тое, што не крычала ў горадзе, а мужчыну за тое, што зьняважыў жонку бліжняга свайго. І вынішчыш зло спаміж сябе. 
А калі мужчына знайшоў у полі заручаную дзяўчыну і згвалціў яе, і лёг з ёю, няхай памрэ адзін мужчына, які ляжаў з ёю, 
а той дзяўчыне нічога не рабіце, бо яна не дапусьцілася грэху, вартага сьмерці, бо гэта падобна на тое, калі хто паўстане супраць бліжняга свайго і адбярэ яму душу. 
Бо яе знайшоў ён у полі, і дзяўчына заручаная крычала, але ніхто не дапамог ёй. 
Калі мужчына знайшоў дзяўчыну, якая не заручаная, і схапіў яе, і лёг з ёю, і знойдуць іх, 
той мужчына, які ляжаў з ёю, дасьць бацьку дзяўчыны пяцьдзясят сыкляў срэбра, і яна будзе жонкай ягонай, таму што ён упакорыў яе, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсе дні свае. 
